17:36 24.11.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Новая калона <br> Кангрэс - гэта не толькi абмеркаванне стратэгii на будучыню, але i работа над памылкамi

15:43, 24 Ноября | Алена Новикова,

Група актывiстаў грамадскiх аб’яднанняў Магiлёва, Бабруйска, Горак, Крычава i шэрагу iншых раёнаў вобласцi ў адказ на рашэнне Палiтычнага савета аб’яднаных дэмакратычных сiл аб верагодным склiканнi вясной наступнага года другога Кангрэса дэмсiл, распачала збор подпiсаў за адмену гэтага рашэння.

Зварот плануецца накiраваць палiтрадзе АДС i асабiста Аляксандру Мiлiнкевiчу. Падпiсанты лiчаць, што ў найблiжэйшай перспектыве правядзенне такога форуму не з’яўляецца мэтазгодным. У гэтым дакуменце выказваецца перасцярога, што “iнiцыятары Кангрэса пад прыстойным прыкрыццём свайго клопату аб развiццi дэмакратычных заваёў, дасягнутых аб’яднаным дэмакратычным рухам у бягучым годзе, насамрэч маюць на мэце толькi адну задачу — пераабранне лiдэра аб’яднанай дэмакратыi альбо значнае абмежаванне ягоных функцый i паўнамоцтваў”.

Аўтары магiлёўскага звароту (у лiку якiх вядомыя ў рэгiёне грамадскiя дзеячы Вiталь Васiлькоў, Алесь Чыгiр, Андрэй Юркоў, Алесь Агееў, Вiталь Макаранка, Пётр Мiгурскi) выказваюцца таксама супраць выкарыстання кампанii па выбарах у мясцовыя Саветы дзеля збору подпiсаў за абранне дэлегатаў на Кангрэс, як гэта прапанавана iнiцыятарамi склiкання форуму. Яны лiчаць, што “цяпер, калi апазiцыя рэальна засведчыла свае сiлы, адчула падтрымку ў грамадстве i мае шанцы замацаваць дасягнутае праз шчыры ўдзел у выбарчай кампанii, трэба мацаваць адзiнства, а не ставiць яго пад удар”.

На чым мацуецца падобны аптымiзм, шчыра кажучы, не зразумела.

Нагадаем, што сцвярджэннi аб тым, нiбыта аб’яднаныя дэмакратычныя сiлы сталi больш моцныя, чым раней, не адпавядае рэчаiснасцi. Па крайняй меры незалежныя сацыёлагi сцвярджаюць, што мiнулая прэзiдэнцкая кампанiя для дэмакратычных сiл была далёка не самай удалай — па крайняй меры паслявыбарныя даследаваннi не сведчаць, што Аляксандр Мiлiнкевiч атрымаў значна большую падтрымку ў народзе, чым, напрыклад, Уладзiмiр Ганчарык у 2001 годзе. Хаця шуму i высокiх слоў сапраўды было больш.

Па-другое, значная частка палiтычных актывiстаў настойвае на тым, каб пытанне аб лiдэры дэмакратычных сiл наогул не выносiлася на Кангрэс. Аргумент такi: паколькi бясспрэчных маральных лiдэраў у беларускага дэмакратычнага руху няма, а “персанальнае пытанне” па зразумелых прычынах не кансалiдуе кiраўнiкоў партый, то i не трэба па iм вызначацца наогул. Маўляў, толькi справа выявiць лiдэра. I тут цяжка спрачацца.

Нарэшце трэцяе: сам Аляксандр Мiлiнкевiч не ў захапленнi ад таго, што вырашана праводзiць другi Кангрэс. Бо падобныя мерапрыемствы — гэта не толькi абмеркаванне стратэгii на будучыню, але i работа над памылкамi. На жаль, памылак у Мiлiнкевiча было шмат. Няўжо iх не ўбачылi магiлёўскiя актывiсты?!



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме