16:36 13.10.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Конкурс на лiдэра <br> Якой павiнна быць новая канцэпцыя Кангрэса

14:43, 13 Октября | Вячаслаў Оргіш, доктар фiласофскiх навук,

Калi не крывiць душой, адна з галоўных высноў мiнулай прэзiдэнцкай кампанii, праведзенай дэмакратычнымi партыямi, гучыць не надта суцяшальна. Працэс яднання дэмакратычнай апазiцыi праз канцэпцыю пошуку i абрання на Кангрэсе адзiнага лiдэра, вылучаную партыйнай каалiцыяй, можна лiчыць паспяховым вельмi i вельмi ўмоўна. Сёння прыняцце новай канцэпцыi абрання лiдэра аб’яднанай апазiцыi ёсць перадумова i частка новай стратэгii далейшай барацьбы дэмакратычных сiл.

Дыягназ Ханса-Георга Вiка

Няроўнасць у стартавых магчымасцях партыйных прэтэндэнтаў на ролю “адзiнага” i прэтэндэнтаў беспартыйных сталася прычынай самаадчужэння апошнiх ад палiтычнай справы, якую распачалi апазiцыйныя партыi на этапе падрыхтоўкi да прэзiдэнцкiх выбараў. Разам з беспартыйнымi прэтэндэнтамi дэмакратычная каалiцыя згубiла iх патэнцыяльна шматлiкiх электаральных прыхiльнiкаў, значную (калi не большую) частку грамадскiх сiмпатый.
Больш за тое, каалiцыя не здолела нават знайсцi падыходы, каб уцягнуць у працэс яднання дэмакратычных сiл сацыял-дэмакратаў на чале з Аляксандрам Казулiным. Усё, на што хапiла ў некага розуму i фантазii, — гэта распусцiць чуткi, што палiтычнае абуджэнне экс-рэктара БДУ з’яўляецца праектам “Чырвонага дома”. (Час паказаў iх беспадстаўнасць.)

Цалкам паслядоўна было рэалiзавана запаветнае жаданне некаторых партыйных лiдэраў вывесцi за дужкi наменклатурныя кадры. Ужо на Кангрэсе аднаму вядомаму палiтыку прапанавалi ўзначалiць Нацыянальны камiтэт. Той падтрымаў фаварыта, але ж абяцанае не атрымаў.
Кангрэс, хоць i абраў “адзiнага” кандыдата ад дэмакратычных сiл, аднак падчас прэзiдэнцкай кампанii ён у асноўным стаўся палiтычным iнструментам мабiлiзацыi ўнутрыкарпаратыўных (партыйных) рэсурсаў i магчымасцяў.

Прыкладна такую ж думку сфармуляваў Ханс-Георг Вiк, якi лiчыцца адным з найбольш аўтарытэтных экспертаў у справах беларускай апазiцыi. “Вiдавочна, што цяпер закрытасць дэмакратычных сiл, iхняя абмежаванасць значна большая, — канстатаваў ён у iнтэрв’ю Радыё Свабода. — У 2001 годзе ўдалося стварыць каалiцыю памiж апазiцыяй i грамадскiмi арганiзацыямi — прафсаюзамi, жаночымi iнiцыятывамi, маладзёжнымi i студэнцкiмi аб’яднаннямi... У 2006 годзе каалiцыя вакол Мiлiнкевiча складаецца пераважна з дэмакратычных арганiзацый”.

Такiм чынам, цяжка пазбавiцца ад падазрэння, што некаторыя партыйныя дзеячы, якiя сёння прапануюць свае схемы правядзення новага Кангрэса, задумваюць пракруцiць яшчэ адзiн “мiжсабойчык”. Гэта падазрэнне будзе заставацца да таго часу, пакуль тыя ж самыя дзеячы не паставяць на парадак дня пытаннi аб аб’ектыўных крытэрыях фармiравання дэлегацкага корпуса i прынцыповым выраўноўваннi ўмоў спаборнiцтва за майку дэмакратычнага лiдэра для ўсiх прэтэндэнтаў.
Тое, як гэтыя пытаннi вырашалiся папярэдне, называецца суб’ектывiзмам i карпаратывiзмам. Калi iх не пераадолець, ад дэмакратычнай апазiцыi не варта чакаць сапраўднай еднасцi i эфектыўнасцi ў змаганнi за свае iдэалы. Пераадолець жа магчыма толькi пры ўмове прыняцця новага фармату разгляду асобы адзiнага лiдэра, набыцця iм крэдыту даверу з боку ўсiх палiтычных сiл, а не толькi з боку вузкiх партыйных груповак.

Старое правiла Напалеона

Абранне Аляксандра Мiлiнкевiча на Кангрэсе 2005 года “адзiным”, на мой погляд, не было памылкай. Але, на вялiкi жаль, працэс гэтага абрання не падпарадкоўваўся ўсiм зразумелым i бясспрэчным крытэрыям, не абапiраўся на празрыстыя i карэктныя працэдуры. Таму, не зважаючы на тое, што пасля выбараў сп. Мiлiнкевiча працягваюць называць лiдэрам АДС, ён не стаў паўнавартасным цэнтрам прыцяжэння дэмсiл, за iм iдуць далёка не ўсе, яго ролю шмат хто аспрэчвае.

Аляксандр Уладзiмiравiч сам гэта выдатна адчувае. У iнтэрв’ю iнтэрнет-выданню “Беларускi партызан” 24 верасня палiтык адзначыў, што стан спраў беларускай апазiцыi сёння “горшы, чым было да прэзiдэнцкiх выбараў”. Гэта сапраўды так. Не трэба быць вялiкiм прарокам, каб прадбачыць яшчэ большае iх пагаршэнне. Наiўныя заклiкi Аляксандра Уладзiмiравiча кшталту таго, што “неабходна пакiнуць займацца ўнутранымi разборкамi i iсцi да людзей”, тут не дапамогуць. Справа ўвогуле не ў тым, каб “iсцi да людзей”. Колькi б нi хадзiлi, БТ адным якiм-небудзь перакручаным сюжэтам аб тым, як беспрацоўны экс-кандыдат “скупляе” землi ў роднай весцы, лёгка перакрэслiць шматлiкiя намаганнi апазiцыйных агiтатараў. Калi ўжо на тое пайшло, то ў XXI стагоддзi нельга паспяхова змагацца за сэрцы людзей пры дапамозе адных толькi сродкаў агiтацыi XIX стагоддзя. Таму варта рашуча дамагацца доступу апазiцыi да дзяржаўных СМI, але ж гэта значна складаней i цяжэй, чым ладзiць сустрэчы з прыхiльнiкамi i спачуваючымi па рэгiёнах. А скажыце, якi сэнс удзельнiчаць у мясцовых выбарах, калi iх фактычна не будзе — будзе той падлiк галасоў, якi патрэбны сённяшняй уладзе? Чаму б апазiцыi не паставiць пытанне рубам: альбо будзе поўны кантроль за выбарамi з боку грамадскасцi, альбо дэмакратычная супольнасць заклiкае людзей да iх байкоту?

Але вернемся да галоўнай тэмы. Сп.Мiлiнкевiч, безумоўна, захоўвае нейкую фармальную легiтымнасць (абраны ж Кангрэсам). Аднак дзейснай легiтымнасцi, заснаванай на безумоўным прызнаннi вынiкаў барацьбы за майку першага нумара, якая б пераконвала палiтыкаў iсцi за iм, няма.

Выправiць становiшча магчыма адным спосабам: паўтарыць шлях змагання за лiдэрства нараўне з iншымi прэтендэнтамi, нi ў якiм разе не выходзячы за межы аб’ектыўнасцi. Менавiта для гэтага i патрэбны новы Кангрэс, якi (хочацца спадзявацца) будзе пазбаўлены карпаратыўнай заангажаванасцi з боку партыйных элiт. Праўда, нельга выключыць, што Аляксандр Уладзiмiравiч прайграе. Тым не менш... У той сiтуацыi, якая сёння складваецца, яму можна параiць толькi адно: выкарыстаць старое правiла Напалеона, калi працэс нельга супынiць, лепш яго ўзначалiць.
Зыходная ўмова, якую неабходна выканаць на шляху да новага Кангрэса i разгляду на iм пытання аб лiдэры, палягае ў тым, каб пазбавiць партыi манаполii на вызначэнне правiл i парадку гульнi. Iнакш кажучы, канцэпцыя падрыхтоўкi i правядзення Кангрэса павiнна быць прынцыпова iншай за тую, якую рэалiзоўвалi i iмкнуцца рэалiзаваць сёння партыйныя колы апазiцыi.

Патрэбны альтэрнатыўны падыход

Яшчэ раз удакладнiм, чаму.

Па-першае, партыйная канцэпцыя, выкарыстаная падчас падрыхтоўкi да мiнулай прзiдэнцкай кампанii, як сведчыць практыка яе прымянення, у сэнсе аб’ектыўнасцi i эфектыўнасцi мае шэраг крытычна слабых месц. Сама схема, якой прытрымлiваюцца партыi, перадвызначае прасоўванне “наверх” выключна свайго.

Па-другое, на сённяшнi дзень саспела пытанне, наколькi правiльна тое, што паняцце iдэйнага цэнтра, асноўнай рухаючай сiлы дэмакратычнай апазiцыi, звязана выключна з вядомымi партыйнымi структурамi? Цi адпавядае гэта рэальным магчымасцям i рэальнаму аўтарытэту гэтых структур у беларускiм грамадстве? Наколькi спрыяе iнтарэсам беларускай дэмакратыi тое, што яе сёння разглядаюць пераважна скрозь вузкафарматную оптыку праграмнай iдэалогii трох-чатырох апазiцыйных партый?

Партыйная афарбоўка штучна загнала беларускую дэмакратыю, апазiцыйны рух у цiскi геапалiтычнай дылемы “Усход—Захад”. Прапаганда рэжыму гэта вельмi ўдала выкарыстоўвае, выстаўляючы дзейнасць сваiх дэмакратычных працiўнiкаў як праект Захаду, якi мае на мэце прыбраць Беларусь да сваiх рук i нанесцi страты iнтарэсам Расii. Шматгадовая падтрымка апошняй “Чырвонага дома” ў значнай ступенi ёсць вынiк таго, што вочы Масквы, гледзячы на беларускую апазiцыю, амаль нязменна натыкаюцца на выяву Расii ў вобразе iмперыялiстычнага драпежнiка, якую малююць партыйныя ваяры.

З iншага боку, знешнепалiтычныя акцэнты, на якiя кiравалiся, калi абiралi “адзiным” Аляксандра Мiлiнкевiча, вiдавочна падлягаюць удакладненню. Тэзiс аб еўраiнтэграцыi, далучэннi Беларусi да Еўрапейскага Саюза сёння павiсае ў паветры. 26 верасня старшыня Еўрапейскай камiсii Жазэ-Мануэль Барозу афiцыйна аб’явiў: “Балгарыя i Румынiя далучаюцца да Еўрапейскага Саюза на апошнiм этапе яго пашырэння... Я думаю, што пакуль мы не зможам больш нiкога прыняць...”

Канцэпцыя падрыхтоўкi Кангрэса i абрання дэмлiдэра павiнна ўлiчваць згаданыя акалiчнасцi i прадугледжваць пэўную публiчную аддаленасць працэсу ад партыйных штабоў.

Тое, што апазiцыйныя партыi цягнуць на сябе коўдру, — натуральна i нармальна. Шкада толькi, што iх амбiцыi не адпавядаюць iх амунiцыям. Тры-пяць працэнтаў электаральнай падтрымкi (а нават калi i сем) хутчэй сведчаць аб перыферыйнасцi iх (партый) ролi ў грамадскiм жыццi. Як гаворыцца, на такi заробак музыку не закажаш, а вось тачку, каб падвозiць снарады, купiць можна.

Але як усё ж вызначыць таго адзiнага (вызначыць бездакорна), хто будзе паспяхова камандаваць палкамi апазiцыi, не гледзячы ў рот партыям? Толькi шляхам правядзення конкурсу на заняцце вакансii нацыянальнага лiдэра аб’яднанай апазiцыi. Не партыйнага конкурсу (як было ў 2005 годзе), а паўнавартаснага нацыянальнага конкурсу, агульнадаступнага, празрыстага i аб’ектыўнага, якi завершыцца прадстаўнiчым дэмакратычным Кангрэсам i абраннем на iм палкаводца беларускай дэмакратыi.

Як ладзiць новыя выбары

На мой погляд, пачынаць варта з самай звычайнай абвесткi праз СМI такога конкурсу. Хто мог бы зрабiць гэта? Спецыяльна створаны, напрыклад, па прапанове Палiтсавета АДС, Выбарчы камiтэт (папярэдне пераадолеўшы карпаратыўны эгаiзм, Палiтсавет увогуле ў стане прыняць на сябе iнiцыятыву арганiзацыi ўсёй справы). Абвестка павiнна ўтрымлiваць iнфармацыю аб тэрмiнах конкурсу i агульных патрабаваннях да яго ўдзельнiкаў адносна iх узросту, адукацыi, грамадзянства, стану фiзiчнага i псiхiчнага здароўя, дачынення да грамадскага i палiтычнага жыцця. Хто можа прыняць удзел у конкурсе? Любы чалавек, якi падаў пiсьмовую заяву (як партыйны, так i беспартыйны), анкета якога адпавядае першасным умовам i ўмовам далейшага праходжання па конкурсе.

Каб адсочваць выкананне гэтых умоў, Выбарчы камiтэт стварае конкурсную i мандатную камiсii. Склад першай утвараюць 10—12 аўтарытэтаў агульнанацыянальнага маштабу, дзейнасць якiх можа разглядацца як узор служэння нацыянальным iнтарэсам i якiя ў грамадскiм жыццi зарэкамендавалi сябе прагматыкамi, пазбягаючымi палiтычнай заангажаванасцi.

Пасля заканчэння тэрмiну падачы заяў надыходзiць чарговы этап i неабходнасць выканання прэтэндэнтамi першай прынцыповай умовы, якая нясе ў сабе сутнасць прапануемай выбарчай канцэпцыi, яе сэнсавы стрыжань. Фармiраванне корпуса дэлегатаў Кангрэса ад карпаратыўных структур перадаецца ў рукi самiх прэтэндэнтаў. Кожны з iх атрымоўвае дэлегацкую квоту ў сто чалавек (адносна лiчбы магчымы варыянты). Гэтую квоту прэтэндэнт павiнен набраць i падрыхтаваць сам. Але не адвольна. Гэтая сотня будучых выбаршчыкаў павiнна адпавядаць пэўным сацыяльна-дэмаграфiчным i палiтычным характарыстыкам, быць зрэзам беларускага грамадства ў мiнiяцюры, больш цi менш прапарцыянальна адлюстроўваць яго структуру.

Карацей кажучы, гэтая квота павiнна рэалiзоўвацца як адпаведная сацыялагiчная выбарка. Агульны макет такой выбаркi (i тлумачэннi да яго), каб прэтэндэнт не заблытаўся i здолеў выканаць задачу, лёгка распрацуюць незалежныя сацыёлагi. Адначасова падрыхтоўка прэтэндэнтам дэлегацкай квоты — гэта своеасаблiвы тэст на наяўнасць у яго арганiзацыйнага патэнцыялу.

Спiсы i анкеты сваiх выбаршчыкаў суiскальнiк перадае ў мандатную камiсiю, якая правярае атрыманыя даныя на адпаведнасць выбарцы i конкурсным патрабаванням. Калi ўмовы вытрыманы, мандатная камiсiя перадае адпаведную iнфармацыю ў конкурсную камiсiю i тая канчаткова рэгiструе суiскальнiка ў якасцi ўдзельнiка папярэдняга тура конкурсу. Зарэгiстраваныя прадстаўляюць конкурснай камiсii для азнаямлення сваё (выкладзенае на пяцi-сямi друкаваных старонках) праграмнае бачанне актуальных праблем апазiцыйнага руху i сацыяльна-палiтычнага жыцця Беларусi.

Уся соль у рэйтынгавым галасаваннi

Пасля таго, як азнаямляльная работа будзе завершана, конкурсная камiсiя праводзiць папярэднi тур, задача якога ў тым, каб адабраць для далейшага праходжання дзесятку (магчыма, болей) найбольш перспектыўных (на погляд аўтарытэтнай камiсii) прэтэндэнтаў. Для гэтага праводзiцца тайнае рэйтынгавае галасаванне па спiсе канкурсантаў, у якiм сябра камiсii пакiдае па тры прозвiшчы. Першая дзесятка рэйтынгу атрымлiвае пропуск на першы тур конкурсу, пад якi выбарчы камiтэт склiкае Кангрэс.

У выпадку, калi для ўдзелу ў папярэднiм туры не набярэцца больш за дзесяць суiскальнiкаў, гэты тур можа i не праводзiцца (пытанне пакiдаецца на разгляд выбарчага камiтэта i конкурснай камiсii), усе зарэгiстраваныя суiскальнiкi атрымлiваюць запрашэнне ўдзельнiчаць у конкурсе на самiм Кангрэсе. З гэтага моманту яны могуць як самастойна, так i пры падтрымцы палiтычных, грамадскiх арганiзацый праводзiць публiчную агiтацыю ў сваю падтрымку. У якасцi ўмовы яны павiнны абнародаваць свае праграмы праз СМI (як мiнiмум незалежныя).

Выбарчы камiтэт па прапанове мандатнай камiсii запрашае на Кангрэс дэлегатаў, якiя рэкамендаваны па дэлегацкiх квотах далучаных да конкурсу на Кангрэсе прэтэндэнтаў (квоты апошнiх могуць быць павялiчаны ў выпадку, калi лiк канкурсантаў будзе менш за дзесяць i ўзнiкне неабходнасць вытрымаць параметры прадстаўнiчасцi дэлегацкага корпуса).
Падчас Кангрэса ўсе кандыдаты атрымоўваюць магчымасць выступiць з пятнаццацiхвiлiннай прамовай, выкласцi свае праграмныя тэзiсы. У iх падтрымку (альбо супраць) могуць выказацца (у межах пяцi хвiлiн) два выступоўцы.
П

асля пачынаецца тайнае галасаванне за ўключаных у спiс кандыдатаў. Зразумела, дэлегаты будуць схiльны ў першую чаргу галасаваць за “свайго”. Аднак уся соль у рэйтынгавай падачы галасоў. Па ўмовах галасавання, дэлегаты павiнны пакiнуць у спiсе тры прозвiшчы, iнакш бюлетэнь будзе лiчыцца несапраўдным. У вынiку атрымаецца рэйтынгавае галасаванне, якое непазбежна выявiць найбольш прывабную з пункту гледжання грамадскай свядомасцi (дэлегаты альбо калегiя выбаршчыкаў — яго рэпрэзентатыўнае адлюстраванне) постаць дэмакратычнага лiдэра. Першы тур можа не даць канчатковага вынiку, нiхто не набярэ больш за 50 працэнтаў галасоў, тады спатрэбiцца другi, трэцi тур, але гэта ўжо дэталi...
Чатыры перавагi новай канцэпцыi

У чым прынцыповая перавага прапанаванай канцэпцыi вылучэння i абрання дэмакратычнага лiдэра? Перш за ўсё праз выбарку дэлегацкай квоты з’яўляецца магчымасць ахапiць увесь спектр сацыяльных груп i структур, якiя хацелi б паўплываць на прыняцце канчатковага рашэння. А незадаволеныя прэтэндэнты (калi такiя знойдуцца) не атрымаюць аргументаў, бо ўмовы спаборнiцтва для ўсiх будуць роўныя (калi маеш амбiцыi, iдзi i спаборнiчай разам з усiмi). Выбар вiдавочна робiцца празрыста, аб’ектыўна, дэмакратычна. Перад першым тайным галасаваннем усе суiскальнiкi павiнны падпiсаць агульную канвенцыю, у якой персанальна прымуць на сябе абавязак прызнаць любыя вынiкi канчатковага выбару i актыўна дапамагаць новаму лiдэру. Да канвенцыi далучаюцца таксама партыi i грамадскiя арганiзацыi. Абраны новы дэмлiдэр прымае на сябе абавязкi старшынi Палiтсавета АДС, якая абiраецца Кангрэсам з улiкам яго пажаданняў. Заключнае i абагульняючае дзеянне Кангрэса — разгляд стратэгiчнай дактрыны далейшай барацьбы дэмакратычных сiл.

Па-другое, абранне лiдэра, зробленае па прапануемай схеме, калi структура калегii выбаршчыкаў карэктна адлюстроўвае структуру грамадства, мае вялiкi шанц быць удалым i трапным. Бо чым больш дакладна прадстаўлены сацыяльна-дэмаграфiчны зрэз грамадства сярод выбаршчыкаў, тым верагодней, што выбар будзе адпавядаць прапазiцыi калектыўнага падсвядомага, якое валодае бездакорнай iнтуiцыяй адносна таго, у чым (альбо ў кiм) мае найбольшую патрэбу ў дадзены момант нацыянальны арганiзм (i штурхае яго ў адпаведным накiрунку).

Па-трэцяе, правядзенне агульнанацыянальнага конкурсу на падставе акрэсленай выбарчай канцэпцыi адкрые магчымасць праявiцца ў дэмакратычным працэсе новым перспектыўным асобам, дадаць апазiцыйнай элiце свежай крывi.

Па-чацвёртае, выбары ў прапанаваным фармаце вiдавочна зменшаць партыйную заангажаванасць дэмакратычнага руху i падвысяць давер да яго з боку насельнiцтва. Лiдэр, якi будзе абраны не з дапамогай партыйных гульняў, а на падставе агульнапрымальных працэдур, здолее пазбавiць апазiйцыйны рух iдэалагiчнага дагматызму, надаць яму больш прагматызму i эфектыўнасцi ў пошуках адказаў на выклiкi еўрапейскага жыцця.

Аднак цi адважыцца Палiтсавет АДС на прыняцце новай канцэпцыi вызначэння лiдэра АДС, якое па сутнасцi будзе азначаць змену вех у апазiцыйнай дзейнасцi?

Складанае пытанне, адказ на якое хутчэй за ўсё давядзецца чакаць доўга. А падзеi падпiраюць. Таму застаецца спадзявацца на тых грамадскiх дзеячаў i палiтыкаў, якiя ў свой час мелi (i, цалкам верагодна, захоўваюць) намер стаць на чале барацьбы дэмакратычных сiл за ўладу. Спадарства, цi не надышоў час адчынiць дзверы новай канцэпцыi вызначэння адзiнага лiдэра (не абавязкова дакладна ў тым выглядзе, у якiм яна выкладзена тут, але новай) i распачаць працу па стварэннi адпаведнага Выбарчага камiтэта?

У iншым выпадку нам яшчэ невядома, колькi прыйдзецца боўтацца ў брыдотах аўтарытарызму.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме