13:36 04.10.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
З.Дашкевіча будуць судзіць у судзе Кастрычніцкага раёну Менску
11:55, 4 Октября |
Лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Зьмітра Дашкевіча будуць судзіць у судзе Кастрычніцкага раёну Менску, паведамляе радыё “Свабода”. Зьмітра абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Яму пагражае да двух гадоў пазбаўленьня волі. Ад 15 верасьня Зьмітра трымаюць пад вартай.
Крымінальную справу супраць некалькіх актывістаў “Маладога Фронту” распачынаў Камітэт барацьбы з тэрарызмам. Некалькі крымінальных справаў спынілі. Справу ж Зьмітра Дашкевіча давялі да суду.
ЗЬМІЦЕР ДАШКЕВІЧ ЗАСТАЕЦЦА ЗА КРАТАМІ
15 верасня Зьміцера Дашкевіча выклікалі ў Пракуратуру на "экспэртызу голасу". Сьледчы па тэлефоне сказаў, што "экспэртыза" зойме 15-20 хвілінаў.
Зьміцер апрануўся у строй, завязаў гальштук і паабяцаў, што праз гадзіну вернецца. Але не вярнуўся... У Пракуратуры Дашкевічу паведамілі, што да суда ён будзе ўтрымлівацца ў ізалятары.
Крымінальная справа на лідэра "Маладога Фронту" была заведзеная 27 сакавіка гэтага году. Яго абвінавачваюць ў парушэньні арт. 193 Крымінальнага Кодэксу "арганізацыя альбо кіраваньне грамадзкім аб`яднаньнем, рэлігійнай арганізацыяй альбо палітычнай партыяй, ... якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю". Гэты артыкул быў распрацаваны ў КДБ. Паводле яго ўжо асуджаныя актывісты ініцыятывы "Партнэрства".
Суд над Зьміцерам Дашкевічам можа адбыцца ўжо ў кастрычніку. Мы запыталіся вядомых грамадзкіх і рэлігійных дзеячоў пра іх меркаваньні адносна гэтай сітуацыі:
Аляксей Шэін, сустаршыня аргкамітэту партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя":
- Тое, што Зьмітра Дашкевіча трымаюць у зняволеньні, абвінаваціўшы паводле артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу, гаворыць пра жаданьне ўладаў ізаляваць самых смелых і здольных арганізатараў вулічных акцыяў. Спачатку Павал Севярынец і Мікола Статкевіч, зараз – Зьміцер. Аляксандра Казуліна, дарэчы, асудзілі на пяць з паловай гадоў таксама за правядзеньне масавай акцыі. Выглядае на тое, што цяперашні рэжым найбольш баіцца менавіта вулічнай актыўнасьці.
Нагадаю таксама, што артыкул, уведзены напрыканцы мінулага году, прадугледжвае зняволеньне за ўдзел ня толькі ў незарэгістраваных грамадзкіх, але й рэлігійных арганізацыях. А ў Беларусі зараз адных толькі пратэстанцкіх цэркваў, якія ня маюць рэгістрацыі – каля 200.
Дарэчы, сам Зьміцер – хрысьціянін, пратэстант. Непакоіць, што адміністрацыя СІЗА №1 на вул. Валадарскага ўжо на працягу двух тыдняў адмаўляецца перадаць яму ў камэру Слова Божае: ні Бібліі цалкам, ні асобна Новага Запавету Зьміцер так і не атрымаў, хоць яго сябры спрабуюць перадаць гэтыя кнігі зь першых дзён ягонага зьняволеньня. Сам Зьміцер піша ў лістах, што менавіта такой духоўнай падтрымкі, як Слова, яму зараз вельмі не стае… Дык што, цяпер і Біблія пад забаронай?
Барыс Чарнаглаз, пастар:
- Я як пастар і як служыцель вельмі заклапочаны тым, што рэпрэсіі чыняцца ў адносінах да маладога хрысьціяніна й грамадзкага дзеяча. Зьміцер не хаваў сваёй веры ў Бога й заўсёды адкрыта абвяшчаў сваю пазыцыю. Ягоная пазыцыя палягае на тым, што кожны мае выбар. Гэтае права нам дадзенае Богам. Мяне глыбока непакоіць, што ў нашай краіне хрысьціяне й грамадзкія дзеячы падвяргаюцца крымінальнаму перасьледу за свае перакананьні.
Тацьцяна Севярынец, маці палітвязьня Паўла Севярынца :
- Я добра ведаю Зьміцера, ён не аднойчы гасьціў у нас ў Віцебску. Ён упарты, разумны й прынцыповы. У такі час давялося нарадзіцца нашым хлопцам – майму Пашы, Зьміцеру ды многім іншым ... Але яны ведаюць, што робяць. Іхнія ўчынкі адгукнуцца ў гісторыі. У іх ёсць чысьціня й трывалы падмурак. За імі будучыня.
Тое, што з імі зрабілі - гэта бязглуздзіца й ганьба для ўладаў. Бо не там іхняе месца. Не там! Яны маюць чысьціню й адданасьць сваёй справе, і таму іх баяцца. Але, як любіць паўтараць мой сын, Бог не дае выпрабаваньняў па-над сілу... І яны вытрымаюць, я ў іх веру.
Мы вельмі перажываем за Зьміцера. Ён маладзейшы за нашага сына, а ўмовы там, на Валадарцы, больш цяжкія. Мы гэта ведаем, бо былі там не адзін раз. Але ён вытрымае.
Вельмі цешыць, што побач з нашымі хлопцамі ўстаюць новыя маладыя людзі. Я ведаю, што іхнія ўчынкі шмат каго натхняюць і вучаць любіць свабоду. А Павал, Зьміцер, Артур Фінкевіч, Цімафей Дранчук ды іншыя, - дзе б яны не былі, яны ніколі ня стануць рабамі.
Сяргей Цвор, епіскап Аб`яднаньня цэркваў Хрысьціянаў веры Евангельскай у Менску й Менскае вобласьці:
- Ёсьць два асноўных віда пакутаў: пакуты за праўду й пакуты за парушэньне праўды. Ісус Хрыстос сказаў: "Шчасьлівыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае" (Евангельле ад Мацьвея 5:10). Апостал Пётар піша: "Бо люба Богу тое, калі хто, думаючы аб Богу, пераносе гора, церпячы несправядліва." І яшчэ ў Бібліі напісана: "Толькі каб не цярпеў хто з вас мукі, як забойца, або злодзей, або злачынец". Гэта значыць, што калі чалавек церпіць пакуты за праўду, то яму няма чаго баяцца, а калі за парушэньне закона – тады пакараньне справядлівае.
Калі ў любым грамадзтве пачынаецца ўціск за праўду, то гэта гаворыць толькі пра слабасьць і бязсільле тых, хто гэты ўціск зьдзяйсьняюць. Гэта зьяўляецца знакам іх хуткага канца. Так кажа Слова Божае.
Варта толькі паглядзець на лёсы тых, хто чынілі ганеньні на праведнікаў, каб зразумець, які страшны Бог у гневе сваім. Надыходзіць час, калі ўсім стане зразумела, хто пакараны справядліва, а хто – незаконна.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме