21:48 16.09.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Настаўнікі шпіёняць за вучнямі
20:03, 16 Сентября |
Адміністрацыя сталічнай школы наведала «Джынсавы фэст», каб вылавіць сваю вучаніцу.
Алена Макарэвіч – дзесяцікласніца школы №199, што ў мікрараёне Сухарава. Неяк яе затрымалі падчас флэш-мобу (які ўдзельнікі да таго ж не паспелі нават распачаць); у Цантральным РУУС зафіксавали даныя. Пасля яшчэ дзяўчына падпісала зварот у Міністэрства адукацыі супраць таго, каб вывучаць гісторыю Беларусі на рускай мове. Ва ўсялякім выпадку, дырэктар школы Андрэй Шынкевіч, выклікаўшы Алену, не патлумачыў, што канкрэтна сталася падставаю. Ён толькі катэгарычна запатрабаваў, каб Алена наогул ні ў чым пратэстным не ўдзельнічала – альбо сыходзіла са школы. Бо небараку дырэктара з-за яе пазбавілі прэміі ў 700 тысяч (якую, пэўне, плоцяць за тое, каб адміністрацыя рабіла з дзяцей лукашыстаў).
З беларускай моваю ў дырэктара, відаць, увогуле спецыфічныя адносіны – калі Алена загаварыла з ім па-беларуску, ён істэрычна загаласіў: «Размаўляй на нармальнай мове!»
Адмыслова дырэктар націснуў на Алену напярэдадні «Джынсавага фэсту». «Дык ён жа ж дазволены!» – кажа Алена. Няважна – не хадзі, і ўсё! Прычым ціск быў не толькі на самую школьніцу, а і на бацькоў, і на классную кіраўніцу. «Яна патэлефанавала мне ў слязах, кажа: “Калі цябе там заўважаць, мяне з працы звольняць”, – распавядае Алена. – Яе шкада, – але ж я не магла не ісці».
Заўважылі. Дырэктар разам з завучам з’явіліся на фэсце і… сфатаграфавалі Алену! Дзеля чаго, цікава – каб быў доказ, што яна насамрэч знаходзілася на «месцы злачынства», то бок на дазволенай уладамі акцыі? Дык яна таго і не хавала… То які быў сэнс дарослым людзям, нібы юным натуралістам выходзіць з фотастэльбаю на паляванне? Ці нібы шпіёнам – гэта, бадай, больш дакладнае параўнанне; і лепш без ніякіх «нібы», – а проста шпіёнам, прычым за ўласнымі вучнямі, якіх яны павінны выхоўваць у дабрыні ды маральнасці. «Думаю, што і ў іншых школах робіцца нешта падобнае», – мяркуе Алена.
Ссылки по теме:- 14.02.2006 -
- 16.09.2002 -
- 25.06.2002 -
- 20.10.2004 -
- 03.05.2004 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме