14:36 15.09.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Маральны закон Сяргея Законнікава
13:21, 15 Сентября |
16 верасня спаўняецца 60 гадоў Сяргею Законнікаву. Беларускія журналісты маюць падставу для гонару, называючы слыннага юбіляра і сваім калегам.
Некалі Еўтушэнка зазначыў, што "паэт у Расіі - болей чым паэт". Маючы на ўвазе, што ў краіне суровых палітычных рэалій сапраўдны творца мусіць выяўляць сябе і грамадзянскай пазіцыяй. Для Беларусі гэта яшчэ болей актуальна. Калі чалавек не проста рыфмуе радкі, а хварэе душой за Айчыну, то ён не можа маўчаць, гледзячы на яе беды.
Сяргей Законнікаў адбыўся як асоба, рэалізаваў сябе яшчэ за савецкім часам. Удала сумяшчаў паэтычную творчасць з журналісцкай, зрабіўшы звыш таго і службовую кар’еру. Дарэчы, калі параўноўваць тую эпоху з цяперашняй, дык мусіш зазначаць, наколькі дэградавала ўлада ў стаўленні да беларушчыны. Кіроўныя камуністы ўсё ж не баяліся набіраць у апарат творчых, нацыянальна свядомых людзей. Супрацоўнік ЦК КПБ Сяргей Законнікаў быў сябрам Васіля Быкава. Надзвычай плённым для самога Законнікава і спрыяльным для мноства аўтараў - як літаратараў, так і публіцыстаў - стала яго шматгадовае рэдактарства ў часопісе "Полымя".
А калі эпоха змянілася, то стала як ніколі бачна, хто служыць высокім прынцыпам, а для каго галоўнае - быць на хлебным месцы пры любой уладзе. Ведама ж, даброты сыплюцца найперш на тых майстроў, што ўмеюць дагадзіць кіроўнаму вуху салодкім спевам.
Сяргей Законнікаў - у іншым шыхце. На нядаўнім з’ездзе БАЖ яго пераабралі старшынёй камісіі па этыцы. І ўжо гэты штрых сведчыць пра маральны аўтарытэт мэтра.
Зрэшты, ён якраз не аматар маралізаваць. Прафесійныя прынцыпы журналізму Сяргей Законнікаў даводзіць уласным прыкладам.
Кажа галоўны рэдактар тыднёвіка "СНплюс. Свободные новости плюс" Васіль Зданюк: "Сяргей Іванавіч ужо другі год друкуецца ў кожным нумары. Гэта вялікія публіцыстычныя артыкулы на самыя надзённыя тэмы - пра нацыянальную ідэнтычнасць, мову, культуру, маральны стан грамадства...
Як я кажу - дыхтоўны ўзор савецкай журналістыкі ў лепшым сэнсе. Выдатны літаратурны узровень, адшліфаваны стыль. Карацей, сапраўдная школа для творчай моладзі. І, звыш усяго, прыклад выдатнай прафесійнай формы".
Васіль Зданюк прызнаецца: на пачатку гэтага супрацоўніцтва хто-кольвек з калегаў выяўляў скептыцызм: маўляў, зараз іншая эпоха, вялікія артыкулы не ў модзе... Але сёння менавіта публікацыі Законнікава выклікаюць найбольшую чытацкую пошту.
І гэта галоўная адзнака. Ну а тое, што слыннаму аўтару каторы год не шэнціць надрукаваць свае зборнікі на радзіме - хай застаецца на сумленні цяперашняй улады. Нямым папрокам ёй - і той факт, што нядаўна Сяргея Законнікава ўзнагародзілі украінскім ордэнам.
Няма прарока ў сваёй айчыне?
Але ж Айчына - гэта не манкурты ў мяккіх крэслах. Прыйдзе час - іх адтуль як ветрам садзьме. І ніхто пра гэтых дзеячаў не ўспомніць. І крывыя іх законы будуць скасаваныя.
А вось маральны закон Сяргея Законнікава застанецца актуальным заўжды. Ён вельмі просты, гэты закон: каб кожны радок быў сумленны.
Алесь УЛАДАМІРСКІ, спецыяльна для
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме