20:36 08.09.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Бітва на рацэ Крапіўна<br>8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы
19:00, 8 Сентября | Арцём Дарэўскі,
8 верасня адзначаецца Дзень беларускай вайсковай славы. Падзея, колькі б яе не ігнаравала ўлада, нязменна застаецца значнай па сваёй велічы ў гісторыі нашай краіны. Напачатку 90-х, у часы беларускага нацыянальнага Адраджэння, гэтая дата шанавалася і святкавалася значнай часткай дэмакратычнай супольнасці. Прыкладам, Беларускім згуртаваннем вайскоўцаў, на чале якога стаяў Мікола Статкевіч. Цяпер ён асуджаны па палітычных матывах і сасланы на “хімію”.
8 верасня сталася лёсавырашальнай старонкай у біяграфіі Беларусі. З самага пачатку XVI стагоддзя Вялікае княства Літоўскае вяло войны з Масковіяй. Чарговая вайна пачалася ў 1512 годзе і разгортвалася вельмі паспяхова для расейцаў. 31 ліпеня 1514 года быў захоплены Смаленск. Вялікі князь Масковіі Васіль III, які і распачаў гэтую вайну, накіраваў сваё 80-тысячнае войска ўглыб ВКЛ у накірунку Воршы і Друцку.
Каб спыніць варожую навалу, насустрач расейцам выступіла войска ВКЛ, якое налічвала толькі блізу 30 тысяч чалавек! Вёў яго Канстанцін Астрожскі (1460-1530), адзін з найвыдатнейшых ваяроў ВКЛ, які да 1516 г. атрымаў перамогу у 63 бітвах. А ў 37 гадоў ён стаў найвышэшым гетманам – камандуючы ўсімі войскамі дзяржавы. Дагэтуль ніхто не атрымліваў гэтае пасады ў такім маладым веку, што сведчыць пра выдатны ваенны талент Канстанціна Астрожскага. Ён выступаў пад чырвоным сцягам з выявай срэбнай Пагоні.
Войскі ВКЛ і Масковіі сустрэліся на досвітку 8 верасня 1514 года на рэчцы Крапіўна пад Воршай. Бітву распачалі маскоўцы, але іх конная атака была лёгка адбітая. Тады яны паспрабавалі ўзяць у кола войска Астрожскага. Аднак найвялікшы гетман разгадаў планы ворагаў, і гэты план таксама не ўдаўся.
Пасля гэтага ў наступ пайшла цяжкая конніца ВКЛ на чале з самім Астрожскім і пачала крышыць маскоўскія шэрагі. Гетман развярнуў сваю конніцу і паімчаў да сваіх шыхтаў. Узрадаваныя маскоўцы кінуліся за ім. Але гэта былі не ўцёкі, а тактычны манеўр – конніца ВКЛ адышла і падставіла маскоўцаў пад агонь замаскіраваных гармат. Маскоўскія шэрагі змяшаліся і пачаліся паніка ды ўцёкі.
Вось што адзначыў пра Аршанскую бітву расейскі гісторык М.М. Карамзін у сваёй працы “История государства Российского”: “Прежде литовцы никогда не одерживали такой славной победы над россиянами: гнали, резали, телами усеяли поля между Оршей и Дубровной. Многие беглецы утонули в Днепре и Кропивне. Только ночь и леса спасли остальных”. Каля 40 тысяч забітымі і 5 тысяч палоннымі страціла маскоўскае войска. У палон трапілі галоўныя ваяводы М. Булгакаў-Голіца, І. Чаляднін і з імі 25 іншых вайсковых начальнікаў. Сярод трафеяў былі ўсе (!) маскоўскія сцягі і вогняпальная зброя. Пасля гэткай перамогі амаль усе занятыя маскоўцамі гарады былі вызваленыя.
Бітва на рацэ Крапіўна была адной з буйнейшых еўрапейскіх бітваў XVI стагоддзя. Еўрапейскія стратэгі з вялікай цікавасцю вывучалі тактыку К.Астрожскага нават у больш познія часы.
Гэтая бітва пакінула глыбокі след у літаратуры і мастацтве. Блізу 1520 году невядомы мастак намаляваў карціну “Бітва пад Воршай”, якая лічыцца першым творам батальнага жывапісу Ўсходняй Еўропы. Акрамя сваёй мастацкай каштоўнасці гэтая карціна цікавая яшчэ выявамі беларускіх коннікаў, якія на сваіх дзідах маюць бел-чырвона-белыя сцяжкі. Гэта першы вядомы малюнак нашага нацыянальнага сцяга.
Аршанская бітва – адна з самых славутых старонак беларускай гісторыі. Аднак гэта не да спадобы нашым “уладам”, якія наўмысна замоўчваюць славутую старонку гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Псеўдагістарычны “твор” «Битва под Оршей 1514г.», якую «стварыў» Інстытут сацыяльна-палітычных даследванняў пры адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пераўзышоў нават старанні расейскіх шавіністаў і стаў квінтэсэнцыяй антыгістарычнага маразму.
Асноўная думка гэтае кнігі ў лепшых традыцыях БТ: Астрожскі не выйграў, а была нічыя, дзе больш войскаў страціла ВКЛ. А ўсе гістарычныя крыніцы падманваюць, бо гэта правакацыя Захаду супраць “брацкай” Расеі з мэтай схаваць праўду і падтрымаць... Рэч Паспалітую! Але ж бітва – 1514 года, а Рэч Паспалітая была ўтворана 1 ліпеня 1569 года! Так што калі інстытут такое піша, становіцца зразумела, чаму Скарына “жыў і тварыў ў Піцеры”. Дарэчы, гэтая кніга выйшла накладам толькі 500 асобнікаў – ці то для “ідэолагаў”, ці то таму, што больш прадаць не змогуць.
8 верасня стала і застаецца святам беларускай вайсковай славы. І нягледзячы на ўсё блюзнерства ідэолагаў, камуністычных і посткамуністычных, застаецца вялікай падзеяй у беларускай гісторыі. Праз пашану да продкаў да усіх нас прыходзіць самапавага і Свабода.
- 15.11.2001 -
- 17.11.2001 -
- 15.11.2001 -
- 30.11.2001 -
- 13.11.2001 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме