19:49 28.08.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

«Калі сустракаюцца душы»<br>Да юбилею Генадзя Бураўкіна</br>

18:26, 28 Августа |

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін – адзін з нешматлікіх літаратараў, каго без перабольшвання можна назваць жывым класікам беларускай літаратуры. Сёння яму спаўняецца 70.

 Першыя вершы Бураўкіна былі апублікаваныя, калі яму было 16 год. У 1959 г. ён скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Працаваў на рэдактарскіх пасадах у выданнях «Літаратура і мастацтва» і «Маладосць», быў карэспандэнтам газеты «Правда» па БССР (пры ўсёй неадназначнасці, трэба адзначыць, што абы каго на гэткую пасаду не бралі).  Узначальваў Дзяржкамітэт Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні – і, паводле сведчанняў, істотна падвысіў узровень айчынных радыё ды тэлевізіі. З 1990 году – пастаянны прадстаўнік БССР у Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў; такім чынам, з набыццём Беларуссю незалежнасці, Г.Бураўкін зрабіўся першым прадстаўніком у ААН маладой суверэннай дзяржавы, і ўзяўся з імпэтам шчыраваць, каб нашую краіну ведалі ў свеце з добрага боку. Не яго віна, што гэтая праца была ўшчэнт зруйнаваная палітыкай наступнага кіраўніцтва (у прыватнасці,  асабіста Лукашэнкі). 

 Вось што кажа сам Генадзь Бураўкін, параўноўваючы ў інтэрв’ю радыё «Свабода» савецкія часы з цяперашнімі: «Раней усё такі ў людзей была вера ў ідэалы, нярэдка і ў палітыку дзяржавы, якую ўмела ці няўмела праводзілі чыноўнікі. Не ва ўсіх, бясспрэчна, але была тая вера. А цяпер у апаратчыкаў яе практычна няма. Яны ня столькі вераць, колькі зарабляюць на жыцьцё. Не азіраючыся на нейкую мараль і нават высокія інстанцыі. Бюракраты майго часу – азіраліся. Яны баяліся залішне нахапаць, іх прыструньвала партыйная дысцыпліна. А цяпер, трапіўшы з высокай волі ці высокага дазволу на нейкія пасады, яны ўжо нікога і нічога не баяцца. Бюракратыя, як кажуць, памазаная адным мірам. Але сёньняшняя яшчэ больш амаральная і яшчэ больш далёкая ад народных, як мы прывыклі гаварыць, інтарэсаў».

Там жа Генадзь Мікалаевіч зазначыў адрозненне паміж Беларуссю і Ўкраінаю ў перыяды палітычных пертурбацыяў: «Суседзі сур’ёзна і з улікам розных думак шукаюць калі не пагадненьне, то хаця б паразуменьне. У нас жа нічога падобнага не было. Мы бачылі, адчувалі адно жаданьне – усіх вынішчыць з таго, “чужога” берагу!»

 Г.Бураўкін і цяпер часцяком піша публіцыстычныя артыкулы ў незалежных медыях – яму баліць тое, што адбываецца ў краіне. У сваёй паэзіі Генадзь Бураўкін скарыстоўваў розныя тэмы і накірункі, спалучаючы сацыяльную вастрыню з пранікнёным лірызмам. Прыклад апошняга мы прыводзім ніжэй (з часопісу “Аrche”) – гэткія вершы мог напісаць толькі малады душою чалавек.

 Мы віншуем шаноўнага Генадзя Мікалаевіча з юбілеям, шчыра зычым яму шчасця, здароўя, доўгіх год жыцця, творчых поспехаў, здзяйснення ўсіх мараў ды памкненняў.

* * *

Спярша
Сустракаюцца вочы.
Пасля
Сустракаюцца рукі.
Пазней
Сустракаюцца вусны.
І толькі
Калі сустракаюцца душы —
Нарэшце
Прыходзіць каханне.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме