21:12 27.07.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Буш забыўся ўзяцьу Пiцер шпаргалку са словам Belarus?
20:03, 27 Июля | Аляксандр Класкоўскi,
Пампезны самiт “вялiкай васьмёркi” ў Пецярбургу пакiнуў аналiтыкаў у цяжкiм роздуме: дык цi ўзнiмалася там увогуле “беларускае пытанне”? Ва ўсякiм разе публiчна слова “Беларусь”, здаецца, нiводнага разу не вымавiлi. А калi хто i згадаў мiмаходзь у кулуарах, то, зразумела, на лёс дэмакратыi ў нашай краiне гэта нiяк не паўплывала.
Мiж тым было ўражанне, што на крыклiва шыкоўнае палiтычнае шоу ў расiйскай паўночнай сталiцы айчынная апазiцыя рабiла “стаўку, большую, чым жыццё”.
Пасiянарны Вячаслаў Сiўчык, якi пасля актыўнага ўдзелу ў сакавiцкiх падзеях на Плошчы мусiць знаходзiцца ва Украiне, напярэдаднi пасяджэння элiтарнага клуба паставiў пытанне рубам. Маўляў, трэба сабраць у Беларусi i суседнiх краiнах як мага болей подпiсаў пад зваротам, каб заходнiя лiдэры ўвогуле не ехалi ў госцi да Пуцiна, калi той не адрачэцца ад намераў паглынуць нашу дзяржаву. Але сапсаваць абедню такiм чынам не пашэнцiла. Усе прыляцелi i з задавальненнем частавалiся за кошт гаспадара самага дарагога, як высветлiлася, з усiх самiтаў “вялiкай васьмёркi”.
Аляксандр Мiлiнкевiч бiў у набат, вандруючы па заходнiх сталiцах. А таксама напiсаў адмысловы зварот да лiдэраў “васьмёркi”, каб тыя прасякнулiся трывогай з нагоды iмавернага аб'яднаўчага рэферэндуму. Але, хоць гэтае пытанне найперш адрасаванае Крамлю, менавiта ў расiйскай амбасадзе паперу не ўзялi, i давялося накiроўваць яе ў Маскву факсам. Што само па сабе дало аглядальнiкам падставу для iронii: маўляў, а цi дазнаецца Пуцiн пра глыбокi Мiлiнкевiчаў патрыятызм?
Палiтолагi дружна кажуць, што афiцыйнаму Мiнску зноў пашанцавала. На пiцерскiм самiце “беларускае пытанне” апынулася ў глыбокiм ценi праз выбух гвалту на Блiзкiм Усходзе, пускi ракетаў рэжымам Кiм Чэн Iра, вострую фазу iранскага крызiсу...
Прасцей кажучы, у сусветных лiдэраў знайшлiся тэмы болей важныя, чым як уцiск палiтычных працiўнiкаў аўтарытарнага кiраўнiка Беларусi цi гiпатэтычны аншлюс. Вашынгтон найперш ламае галаву, як даць рады самым “адмарожаным” рэжымам ды тэрарыстычным групоўкам. I за адноснае паразуменне з Масквою ў праблемах Паўночнай Карэi, Iрана, араба-iзраiльскага канфлiкту гатовы дараваць Крамлю многае. Тым болей што ў Вашынгтоне даўно зразумелi, “ху iз мiстэр Пуцiн”. I, здаецца, спакваля пакiнулi марныя намеры зрабiць крамлёўскую ўладу белай ды пухнатай, адвучыўшы ад антыдэмакратычных, iмперскiх замашак. Хай хоць энергетычным шантажом не займаецца — i на тым дзякуй!
Але рэч не толькi ў збегу гарачых мiжнародных падзей. Годзе ўвогуле пладзiць iлюзii, што лёс беларускай дэмакратыi вырашаецца на такiх самiтах! Захад глядзiць на становiшча рэчаў прагматычна i не стане бiцца галавой аб сцяну.
Бадай што апазiцыйная элiта i сама гэта разумее. Але жанр зваротаў такi звыклы i абкатаны! Можна без асаблiвых намаганняў, пры дапамозе шаблоннай рыторыкi, раз-пораз паўставаць вялiкiмi змагарамi за незалежнасць i лепшую будучыню народа.
Гаворка не пра тое, што трэба паставiць крыж на апеляцыi да сусветнай супольнасцi, на мiжнародных кантактах. Падчас прэзiдэнцкай кампанii Аляксандр Мiлiнкевiч здзейснiў сапраўдны дыпламатычны прарыў (што адчувалася i па нервовай, з ноткамi рэўнасцi рэакцыi афiцыйных колаў). Гэты кiрунак працы i надалей здольны прыносiць значны плён. I таму мусiць быць арганiчным складнiкам апазiцыйнай палiтыкi. Але — толькi адным са складнiкаў. Усё павiнна быць збалансавана.
Мiж тым пасля выбараў апазiцыйныя вярхi змарнавалi шмат часу на стандартны i таму малаэфектыўны замежны пiяр, адначасна спарадзiўшы вялiкую незадаволенасць сярод дэмакратычнага актыву ўнутры краiны. Нядаўна ў Гродне падчас сустрэчы з Мiлiнкевiчам землякi высыпалi вагон прэтэнзiй. Найперш трапiла на арэхi за тое, што доўгi час пасля выбараў адсутнiчалi далейшая стратэгiя, план канкрэтных дзеянняў, штабы спалi, затое распачалася новая тузанiна за шапку апазiцыйнага Манамаха. Зразумела, не варта вешаць усiх сабак на аднаго Мiлiнкевiча, але ж, з iншага боку, калi ўзяўся за гуж...
Экс-кандыдат у прэзiдэнты запэўнiвае, што неўзабаве распачне зацяжное турнэ па гарадах Бацькаўшчыны. Кажа, што апазiцыя закасаўшы рукавы бярэцца за падрыхтоўку да мясцовых выбараў.
Але цi паспеюць? Пайшла пагалоска, што наверсе рыхтуюцца зладзiць тыя выбары гэтаксама заўчасна, як i апошнiя прэзiдэнцкiя. Напрыклад, у лiстападзе. У любым выпадку апазiцыя гатова наскрэбсцi максiмум 3—5 тысяч вылучэнцаў. Акругаў жа — каля 24 тысяч. Вось i лiчыце! Нават калi ўявiць фантастычную сiтуацыю, што наверсе вырашылi прапусцiць у Саветы ўсiх апазiцыянераў, дык яны не ўзялi б па краiне большасцi мандатаў. “Узок их круг”, кажучы словамi класiка. Чаму “узок” — праблема праблем...
Зрэшты, апазiцыйныя стратэгi кажуць, што паколькi сумленных выбараў усё адно не будзе, то варта засяродзiцца не на барацьбе за мандаты (справа гiблая!), а на легальнай магчымасцi камунiкацыi з насельнiцтвам, прасоўвання ў масы сваiх iдэяў. Маўляў, зробiм гэтую кампанiю толькi элементам вялiкай пераможнай стратэгii.
Добра, але калi гэта не апраўданне авансам нулявога вынiку, дык асаблiва патрэбны канцэптуальны падыход, прадуманы адзiны сцэнарый. Палiттэхнолагi мусяць вельмi аператыўна распрацаваць кiдкiя лозунгi, сiмволiку, стылiстыку кампанii ў нацыянальным маштабе.
Ды i што значыць выкарыстаць “легальныя магчымасцi камунiкацый з насельнiцтвам”? Колькi ёсць розных форм “прасоўвання ў масы сваiх iдэй”! Чаму яны не задзейнiчаны? Адна сур'ёзная акцыя можа мець больш важкiя вынiкi, чым шматгадовая балбатня на ўзроўнi мудрагелiстай тэорыi...
Мяркуючы ж па прэзiдэнцкiх выбарах, з крэатывам у апазiцыйных штабах вялiкiя праблемы. Ды i сёння не атрымлiваецца моцна, нестандартна рэагаваць на гарачыя падзеi — кшталту завалу на “Беларуськалii” цi судовых працэсаў з выразнай палiтычнай афарбоўкай.
I калi наступная кампанiя атрымаецца бляклай ды вялай, дзеля “птушачкi”, то якое чарговае апраўданне знойдуць апазiцыйныя лiдэры? Смешна ж будзе казаць, што патрацiлi рэсурс на факсавую паперу, рассылаючы адозвы ў абарону незалежнасцi.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме