18:12 14.07.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
У кожнага пакалення – свой Грунвальд
16:26, 14 Июля |
Людзі, што адстойвалі свае правы на свабоду і дэмакратыю ў намётавым лагеры, чымсці нагадалі нашых продкаў-герояў, якія перамаглі на Грунвальдзе.
14 ліпеня 1410 году – знакавая падзея ў беларускай гісторыі. Менавіта ў гэты дзень адбылася Грунвальдская бітва – у якой аб’яднаныя войскі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы разбілі войска Тэўтонскага Ордэну. Асноўная роля ў гэтай перамозе належала менавіта нашым продкам. Таму мы вырашылі правесці кароткае апытанне менчукоў: а што яны ведаюць пра Грунвальдскую бітву? Вось адказы на такое пытанне:
Аляксандр, 21 год: "Бітва пад Грунвальдам адбылася ўлетку 1410 года. У ёй удзельнічаў князь Вітаўт. А яго брат Ягайла не паспеў у патрэбны тэрмін падвесці войска. Таксама там былі татары на чале з Тахтамышам. Але атака татараў правалілася, а Вітаўт быў у засадзе – і гэта вырашыла справу, бо калі тэўтонцы пачалі цясніць ліцьвінаў – Вітаўт вывеў рэзервы і перамог. Увогуле бітва была вельмі значная і вялікая – тэўтонцаў на чале з магістрам Ульрыхам Юнгінгенам было каля 30000, а нашых з палякамі – каля 40–60 тысяч".
Андрэй, 29 год: "Абсалютна нічога".
Валянціна, 51 год: "Мы, на жаль, гісторыі Беларусі ў свой час не вывучалі, таму нічога не ведаю".
Зінаіда, 75 год: "Нічога пра яе не ведаю, па радыё не чула".
Як бачым, менчукі не вельмі многа могуць расказаць пра гэтую падзею. Аднак, заўважце, што менавіта моладзь, якая вучылася на пачатку 90-х, можа яшчэ нешта ведаць. А тыя, што набывалі веды пры СССР, – амаль нічога, што не дзіўна, бо гэтая тэма (палітычная гісторыя ВКЛ) знаходзілася пад негалоснай забаронай у савецкай гістарыяграфіі. Заўважце, што сённяшняя ўлада таксама не любіць сярэднявечную гісторыю нашай Бацькаўшчыны, а ўсіх беларусаў, іх гісторыю выводзіць з... БССР! Быццам беларусы з’явіліся ў XX стагоддзі, а продкаў у іх проста не было!
Аднак, усё ж такі, што адбылося 14 ліпеня 1410 года пад Грунвальдам?
Паводле некаторых гістарычных звесткаў, Грунвальдская бітва магла працякаць наступным чынам. Магістр Тэўтонскага Ордэну Ульрых фон Юнгінген прывёў свае войскі раней, чым Вітаўт і Ягайла. Пабудаваўшы і ўмацаваўшы вайсковы лагер, Ульрых фон Юнгінген раніцай 15 ліпеня паставіў 35 харугваў рысай ад Таненберга да Грунвальда. Наперадзе былі размешчаны бамбарды і арбалетчыкі з лучнікамі. Перад стралкамі находзіліся замаскіраваныя воўчыя пасткі. Астатнія 16 харугваў на чале з вялікім магістрам стаялі ў рэзерве. Разгледзеўшы пастраенне крыжакоў, можна прыйсці да высновы, што стратэгічны план фон Юнгінгена заключаўся ў наступным: прымусіць праціўніка атакаваць і, калі першыя шэрагі варожай кавалерыі трапяць у воўчыя пасткі, расстраляць ворага, які змяшаў строй, пасля чаго правесці таранную атаку цяжкай конніцай і канчаткова разграміць яго.
Саюзныя войскі, якія падышлі да вёскі Людзвікава каля 8 ці 9 гадзіны раніцы, выявілі праціўніка і пачалі спешна разварочвацца ў баявы шыхт. Ліцвіны стварылі правае крыло, палякі – левае. Пастраенне да бітвы зацягвалася, саюзнікі не атакавалі, што не адпавядала планам вялікага магістра. Таму крыжакі, правакуючы атаку, даслалі Вітаўту і Ягайле два мечы, паказваючы тым самым, што бітва непазбежна. Каб пазбегнуць нападу крыжакоў, калі саюзныя войскі яшчэ не былі пастроены, некалькі харугваў на чале з князем Іванам Жэдзевідам па загаду Вітаўта правялі атаку атрадаў правага флангу крыжакоў. Але ўдар не дасягнуў тэўтонскай кавалерыі – частка вершнікаў трапіла ў воўчыя ямы. Частка ўвязла ў лініі артылерыі і стралкоў. Загінуў Іван Жэдзевід. Атака не атрымалася.
Адказ Ордэна быў імклівым. Левае крыло крыжацкага войска рушыла ў контратаку. Сталёвы клін харугваў фон Валенрода (левы фланг) ўрэзаўся ў левую частку баявой лініі Вітаўта. Некаторыя ліцвінскія харугвы былі цалкам знішчаны. Длугаш, які карыстаўся ў сваёй працы сведчанямі відавочцаў, паведамляе, што ліцвіны не вытрымалі атакі і пабеглі. Некаторыя ж палкі, напрыклад, смаленскія, былі адціснутыя да польскага крыла. Паводле іншых дадзеных ліцвінскія войскі выканалі манеўр – удаванае адступленне. Такім чынам, яны расстроілі шэрагі крыжакоў, а потым нечакана зноў ударылі на ворага.
З-за таго, што палякі працягвалі бяздзейнічаць, а на ліцвінскім флангу ўжо ва ўсю кіпела бітва, вымушаны быў рушыць да бою і правы фланг. Зрабіўшы два залпы з бамбардаў, крыжакі пачалі атаку цяжкаўзброенай кавалерыі. Палякі заспявалі “Багародзіцу”, пасля чаго рушылі насустрач.
Наступіў найбольш крытычны момант бітвы. На дапамогу Конраду фон Ліхтэнштэйну прыйшоў Валенрод, разграміўшы левую частку ліцвінскіх войскаў. Ён ударыў на правы фланг польскіх лініяў. Бойка наблізілася да месцазнаходжання Ягайлы. Магістр павёў у бой рэзервовыя харугвы і тройчы прабіваўся са сваімі сіламі у самы гушчар бітвы, дасягаючы месца, дзе знаходзіўся польскі кароль. Але тэўтоны не змаглі перамагчы польскія харугвы, якія, магчыма, працягвалі прыбываць і адразу рушылі да бою. Акрамя гэтага, атакуючы палякаў, рыцары фон Валенрода дазволілі ацалелай частцы войска Вітаўта атакаваць сябе з тылу. Ордэнская армія трапіла ў клешчы. Адбыўся пералом у бітве. Армія крыжакоў была разгромлена. Лагер тэўтонскіх рыцараў быў захоплены і разрабаваны.
Такім чынам, калі прааналізаваць ход бітвы, можна сказаць што галоўную ролю ў бітве адыгралі менавіта ліцьвіны-беларусы – бо яны вытрывалі самую цяжкую атаку, а потым уяўным адступленнем заманілі крыжакоў у палон. Калі казаць пра колькасць войскаў, то Грунвальдская бітва была адной з найбуйнейшых у гісторыі Сярэднявечча: польскі гісторык Кучынскі прыйшоў да высновы, што польска-ліцьвінскае войска налічвала каля 31,5 тысяч, а крыжацкае – каля 32 тысяч. У прынцыпе з гэтымі лічбамі можна пагадзіцца, але падаецца, што ў саюзнікаў усё ж такі людзей было больш.
Значэнне Грунвальда цяжка пераацаніць: бітва падкасіла сілы Ордэна так, што той старадаўні вораг Літвы-Беларусі больш не змог аднавіць сваю былую моц. А ВКЛ яшчэ больш узвысілася, калі пазбавілася такога значнага ворага. Дарэчы, і на гэтую бітву большасць ліцьвінскіх харугваў ішла пад святым для кожнага сапраўднага беларуса бел-чырвона-белым сцягам.
...Дастаткова цяжка правесці паралелі паміж тым часам і сучаснасцю, шмат што змянілася, але ж засталося і нешта падобнае. Так, мы можам заўважыць, якую салідарнасць праявіла Польшча (і простыя палякі) з беларускай моладдзю, якая пацярпела ад рэпрэсіяў падчас і пасля гераічных падзеяў 19–25 сакавіка. Менавіта гераічных, бо такую трываласць духу, якую праявілі абаронцы намётавага лагеру інакш як гераізмам назваць цяжка. Таму людзі, што адстойвалі свае правы на Свабоду, Дэмакратыю і Культурную Спадчыну, чымсці нагадалі нашых продкаў-герояў, якія перамаглі на Грунвальдзе. І хоць намётавы лагер быў зліквідаваны, тым не менш яго абаронцы, ды і ўсе сумленныя людзі, – ПЕРАМАГЛІ – бо пазбавіліся страху і праявілі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Маральная перамога – за Народам! Са святам, шаноўныя суайчыннікі! Жыве Беларусь!
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме
29 декабря 2024
« | Декабрь 2024 |
Пн | Вт | Ср | Чт | Пт | Сб | Вс |
1 | ||||||
2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 |
9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 |
16 | 17 | 18 | 19 | 20 | 21 | 22 |
23 | 24 | 25 | 26 | 27 | 28 | 29 |
30 | 31 |