18:00 10.07.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Актывіста І.Крука адправілі адбываць 6 месяцаў пакараньня

16:40, 10 Июля | Міхал Карневіч,

Сёньня а 9-й гадзіне раніцы Іван Крук зьявіўся ў Астравецкі райаддзел міліцыі. Куды яго этапуюць адбываць пакараньне, пакуль невядома. Нагадаю, што 15 траўня ён быў асуджаны за гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да міліцыянтаў на 6 месяцаў арышту.

Па Івана Крука яшчэ ўчора ўвечары прыходзілі два міліцыянты. Яны паказалі яму пастанову суду й прапанавалі ісьці зь імі. Аднак у гэты момант стала дрэнна жонцы Івана Крука Вользе. Яна моцна перахвалявалася, давялося выклікаць лекара. Іван Крук папрасіў міліцыянтаў, каб тыя пакінулі яго хаця б да ранку. Тыя, параіўшыся з сваім кіраўніцтвам, дазволілі яму начаваць дома, але загадалі, каб дакладна а 9-й раніцы ён зьявіўся ў райаддзел міліцыі.

Сёньня перад тым, як ісьці ў міліцыю, Іван Крук патэлефанаваў мне. Адчувалася, што моцна хваляваўся, яшчэ раз запэўніваў, што не прызнае сябе вінаватым, а таксама казаў, што ягоны сын таксама ні ў чым не вінаваты. Урэшце папрасіў, каб агучыў гэтыя словы:

(Крук: ) “Я кажу адназначна: мае прынцыпы заўсёды за свабоду, за дэмакратыю і за тое, каб Канстытуцыя 1994 году выконвалася. Гэтыя мае прынцыпы я заўсёды буду адстойваць, колькі хопіць сілаў”.

Нагадаю, што падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў кватэры Івана Крука праводзілі ператрус, бо ягонага непаўналетняга сына падазравалі ў крадзяжы грошай. Нічога не знайшлі, але сканфіскавалі некалькі асобнікаў недзяржаўных бюлетэняў, а потым іх зацікавіў кампутар. Крук адмовіўся яго аддаваць, і калі міліцыянты вырывалі сыстэмны блёк з гаспадаровых рук, той кінуў кампутар на падлогу і разьбіў.

Гэтыя дзеяньні Івана Крука суд прызнаў гвалтам у дачыненьні да міліцыянтаў. Калегія абласнога суду пакінула прысуд бязь зьменаў. На гэтым тыдні скаргу павінен разгледзець старшыня абласнога суду. Увогуле Іван Крук зьбіраецца прайсьці ўсе інстанцыі.

Справу ягонага сына пасьля рашэньня Лідзкага суду закрылі, а пасьля таго, як ён падаў скаргу ў абласны суд, аднавілі — сьледзтва днямі павінна выставіць абвінавачаньне.

Івану Круку 62 гады. Ён каля трыццаці гадоў адпрацаваў у праваахоўных органах. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Іван Крук зьбіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча й Аляксандра Казуліна. Вынесены яму прысуд ён лічыць палітычна матываваным.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме