20:24 19.06.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ягору Рыбакову скарочаны тэрмін пазбаўлення волі
18:40, 19 Июня | Сяргей Гутарэвіч,
Паводле паведамлення інфармацыйнай агенцыі "Інтэрфакс-Захад", Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб памілаванні 32-х грамадзян, якія былі асуджаны за розныя злачынствы. Сярод іх – 29 жанчын, якія маюць непаўнагадовых дзяцей.
Аднак, як стала вядома, у цяперашні спіс памілаваных трапіў і экс-кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі: яму скарочаны тэрмін адбывання пакарання на два гады. Ягор Рыбакоў цяпер знаходзіцца ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму ў Шклове.
Нагадем, Ягора Рыбакова затрымалі ў лютым 2004 года, праз год яго асудзілі. Гэта быў адзін з самых гучных судовых працэсаў у Беларусі. Рыбакова прызналі вінаватым ў атрыманні хабару і выкарыстанні службовага становішча з мэтай легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Прысуд: 11 гадоў пазбаўлення волі, канфіскацыя маёмасці і забарона займаць адказныя пасады на працягу пяці гадоў. Суд таксама вырашыў спагнаць з Рыбакова 212 мільёнаў рублёў на карысць Белтэлерадыёкампаніі і пошліну на карысць дзяржавы 21 мільён рублёў.
З моманту арышта Рыбакоў адбыў за кратамі каля двух з паловай гадоў. Паводле неафіцыйных звестак, ён займаецца справамі тэлевізійнай міні-студыі, якая створана ў калоніі для зняволеных.
Да свайго прызначэння страшынём Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў узначальваў Магілёўскае абласное тэлерадыёаб'яднанне. Яшчэ раней працаваў на абласным радыё і ў газеце "Магілёўскія ведамасці", вядомай падтрымкай Аляксандра Лукашэнку з яго самай першай кампаніі на выбарах прэзідэнта Беларусі. Такім чынам, Ягора Рыбакова добра ведаюць у Магілёве.
Да яго цяперашняга становішча, а таксама і да навіны аб скарачэнні тэрміна пазбаўлення волі, былыя калегі ставяцца неадназначна. Меркаванні падзяліліся.
– Асабіста мне шкада Рыбакова, – гаворыць адзін з магілёўскіх журналістаў. – І гэта нядрэнна, што яму скарацілі тэрмін адбывання пакарання. Можа, ён і не быў добрым кіраўніком, але пры ім студыя тэлебачання ў Магілёве развівалася. Ён "выбіў" шмат новай тэхнікі, прыцягнуў маладых супрацоўнікаў. Цяпер на мясцовым тэлебачанні іншыя часіны: нават не застой, а ўпадак.
– Нягледзячы на заслугі Рыбакова, не магу забыцца на яго нахабства, якое межавала з непрыстойнасцю, – прызнаецца іншая былая супрацоўніца Рыбакова ў Магілёве. – Ды і хабарніцтва – гэта сур'ёзнае злачынства. Хаця многім, хто ведаў Ягора Рыбакова, падавалася, што асудзілі яго ўсё ж такі за нешта іншае. Так ці інакш, ён яшчэ малады чалавек, і ў яго ёсць шанец пачаць усё нанова.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме