13:00 16.06.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Улады не знаходзяць грошай, каб павялічыць выплаты маладым маці
11:30, 16 Июня | Уладзімер Глод,
Маці, якія выхоўваюць дзяцей у веку да трох гадоў, будуць па-ранейшаму штомесяц атрымліваць дапамогу ў памеры 65 % бюджэту пражытковага мінімуму, які цяпер складае 163 000 рублёў. Так вырашыла Палата прадстаўнікоў падчас абмеркаваньня гэтага пытаньня.
Дэпутатцы Людміле Арцёменцы, якая прапаноўвала павялічыць памер дапамогі да 100 % пражытковага мінімуму, міністар працы і сацыяльнай абароны Ўладзімер Патупчык адказаў: гэта стане магчыма не раней, чым у 2009 годзе. Тады спадарыня Арцёменка пацікавілася, колькі грошай траціць сярэднестатыстычная сям’я на ўтрыманьне малога? Высьветлілася, што міністар гэтага ня ведае:
(Патупчык: ) “Такіх дадзеных няма, і, уласна кажучы, такі аналіз цяжка зрабіць”.
Звычайная арытмэтыка паказвае: 65 % ад 163 тысячаў рублёў – гэта каля 106 тысячаў, або прыкладна 50 даляраў. Аднак і гэтыя невялікія грошы цалкам атрымліваюць ня ўсе маці, гаворыць спадарыня Ірына, якая выхоўвае малую дачушку:
(Ірына: ) “У нас так – калі дзіця пайшло ў дзіцячы садок або маці выйшла на працу на поўную стаўку, дык дапамогу зьмяншаюць напалову”.
Некаторыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў гавораць, што яны цудоўна разумеюць, якія невялікія грошы атрымліваюць маладыя маці. Але ж, разводзяць рукамі, дзе ўзяць грошы? Былога міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Саснова гэта абурае:
(Сасноў: ) “У іх грошай хапае на “Боінгі” для прэзыдэнта, на будаўніцтва хакейных палацаў, на канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі... На ўсё гэта грошай хапае. А каб палепшыць дэмаграфічную сытуацыю, грошай няма. Вось няма – і ўсё!”
Дарэчы, цяперашні міністар Уладзімер Патупчык цьвердзіць, што ва ўрадзе існуе праграма дэмаграфічнай бясьпекі:
(Патупчык: ) “Нашае міністэрства прапануе павялічыць памер дапамогі пры нараджэньні дзіцяці: з двух да пяці бюджэтаў пражытковага мінімуму, а пры нараджэньні другога – з трох да сямі”.
Нават калі прапанова беларускага міністра будзе рэалізаваная, сям’я пачне пры нараджэньні дзіцяці атрымліваць ад 400 да 560 даляраў. Між тым, напрыклад, ва Ўкраіне маці пры нараджэньні дзіцяці атрымлівае цяпер дапамогу ў суме, эквівалентнай тысячы даляраў ЗША.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме