16:12 13.06.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Бастуючыя студэнты - рэпартаж з Францыі

15:04, 13 Июня | Тацяна Хома,

Размова пра рэаліі францускіх студэнцкіх забастовак у мінулую весну, а таксама пра тое, як пратэстуючыя студэнты пачынаюць сэсію зараз. Размова з францускай студэнткай з Тулузы. 

Гэта было маё другое падарожжа ў Францыю, і так атрымалася, што ізноў па маім прыезьдзе сродкі інфармацыі распавядаюць пра масавыя акцыі пратэсту ў гэтай краіне. На жаль, у другі раз, хоць я была так блізка да захапляльнага відовішча і моцна хацелася зрабіць рэпартажык з "гарачай кропкі", я ізноў нічога не пабачыла. Гэтую сумную падзею для сябе тлумачу тым, што проста Парыж вельмі вялікі, як і сама Францыя, таму там адначасова можа адбывацца паўстаньне студэнтаў у адным месцы і спакойнае жыцьцё турыстаў у іншым.

Кампэнсаваць адсутнасьць "гарачага" рэпартажу вырашыла гутаркай з францускімі студэнтамі пра пратэстныя будні мінулай вясны.

Мая суразмоўца – Дарота Ліхміра, студэнтка другога курсу ўнівэрсытэта Тулузы (), якая вывучае замежныя мовы. Дарота таксама зьяўляецца сябрам "Камітэту супраць блякады ўнівэрсытэтаў" ().

Першае пытаньне, якое мяне даўна цікавіла – што рабілі студэнты, якія не былі “на барыкадах”, як гэта было? Дарота распавядае пра сябе і сваіх сяброў:

Дарота: "Мы проста ўсе пайшлі на вакацыі. Калі ўнівэрсытэт зачынены 2-3 тыдні, то ніхто ня супраць, бо гэта як звычайныя вакацыі. Таму ты проста адпачываеш, чытаеш кнігі і... проста чакаеш, калі заняткі ізноў пачнуцца. Але ж ужо празь некалькі тыдняў мне было ўжо ня так цікава. І так сапраўды шмат людзей адчувала, бо становішча ня надта добрае насамрэч. Увесь час трэба толькі чакаць. Нельга зьехаць з гораду да бацькоў, альбо пайсьці на працу, бо ў любы момант унівэрсытэт можа адчыніцца ізноў, і ты ня ведаеш, калі гэты момант настане. Да таго ж чалавек проста адвыкае вучыцца, празь месяц было цяжка прымусіць сябе ўзяць у рукі кніжку і вучыцца самой".

А колькі часу твой унівэрсытэт быў зачынены?

Дарота: "Мой унівэрсытэт быў блякаваны на працягу двух месяцаў і некалькіх тыдняў. Але напачатку, перад тым, як студэнты цалкам занялі будынкі і сталі там жыць, было часовае блякаваньне, калі акцыі пратэсту адбываліся толькі па аўторках і чацьвяргах".

У інтэрнэце праходзіла інфармацыя, што празь некалькі тыдняў забастовак супраць CPE іншыя студэнты сталі баставаць супраць саміх пратэстуючых студэнтаў. Я так разумею, што ты хутчэй адносіш сябе да гэтай групы?

Дарота: "Вельмі важна ня блытаць рэчы. У Францыі былі як студэнты, якія супраць закона CPE, так і тыя, што яго падтрымлівалі. “Камітэт супраць блякады ўнівэрсытэтаў”, у які я ўваходжу, аб'ядноўвае і тых, і іншых. Бо падтрымка альбо супрацьстаяньне закону вызначыла б палітычную ангажаванасьць нашага камітэту, а мы падкрэсьліваем сваю апалітычнасьць. Мы проста выступілі супраць акупацыі і зачыненьня ўнівэрсытэтаў. Гэта ня значыць, што камітэт супраць сацыялістычнай моладзі, што ініцыявала пратэсты."

А як ён утвараўся гэты камітэт і як ён функцыянуе?

Дарота: "Камітэт быў створаны прыкладна праз тры тыдні пасьля блякаваньня ўнівэрсытэта студэнтамі, калі ўжо не адбывалася заняткаў. Гэта адбылося даволі спантанна, проста адзін хлопец вырашыў стварыць у інтэрнэце форум, каб людзі маглі там абмяркоўваць сытуацыю, а пасьля ўсё больш людзей стала ўдзельнічаць у абмеркаваньнях. Зараз зарэгістравана больш 400 удзельнікаў камітэту. Вельмі хутка да яго сталі далучацца людзі ня толькі з нашага ўнівэрсытэту, але і зь іншых гарадоў”. Камітэт супраць блякаваньня мае цікавую структуру. Абьядноўваючы зараз болей 400 чалавек, яны не абіраюць менш колькаснае кіраўніцтва, якое б прымала рашэньні. Рашэньні прымаюцца ўсімі адразу. Лідары камітэту вылучаюцца толькі на аснове іх актыўнасьці пры абмеракаваньнях."

А што зараз у францускіх студэнтаў? На Беларусі ў дадзены момант самы разгар экзамэнацыйнай сэсіі...

Дарота:"Заняткі ў маім унівэрсытэце былі адноўлены толькі 9 траўня. Сэсія мусіла пачацца ўжо з 15 траўня, але з-за пратэстаў яе адсунулі на чэрвень. 12 чэрвеня пачнуцца іспыты. Насамрэч, такое перасоўваньне вельмі істотнае. Мая знаёмая ўжо набыла сабе была квіткі, каб ехаць у Брытанію зарабляць на аплату навучаньня ў наступным годзе... А зараз атрымоўваецца нейкае зачараванае кола – яна ня можа паехаць працаваць, каб плаціць за адукацыю, бо вымушана здаваць іспыты на месяц пазьней."

Цікава таксама, што людзі, якія займалі будынкі ўнівэрсытэта зараз зьбіраюцца патрабаваць ад кіраўніцтва таго, каб усе студэнты атрымалі на іспытах ад 15 да 20 балаў (20 балаў – максымальная колькасьць у Францыі), бо былі пратэсты. Сама Дарота скептычна ставіцца да гэтай ініцыятывы бастуючых.

Дарота: "Мне б хацелася, натуральна, мець высокі бал на іспытах, але я думаю, што дасягнуць гэта праз пратэсты будзе складана, тым больш што ставіць усім высокі бал гэта таксама не аб'ектыўная ацэнка ведаў".

Мне заўсёды падабалася праяўленьне актыўнай грамадзянскай пазыцыі, асабліва моладзьдзю. Але ж у тым, што адбылося і зараз адбываецца ў Францыі складана разабрацца звонку (гэтак жа як замежнікам цяжка зразумець сэнс нядаўніх палітычных хваляваньняў на Беларусі). Заўважыўшы крытычны падыход Дароты, напрыканцы размовы я запыталася ў яе, ці лічыць яна, што студэнцкія пратэсты гэтай вясны мелі нейкі пазытыўны вынік для грамадзтва наагул.

Дарота: "Я думаю, што гэтыя падзеі паказалі, што людзі могуць вельмі добра аб'ядноўвацца вакол адной мэты, якую яны лічаць правільнай. Я думаю, што вельмі добра мець магчымасьць выказваць сваю думку праз пратэст, але я не лічу, што разьбіваньне шыбаў, паленьне машынаў, блякада ўстановаў можа вырашыць праблемы. Нават сама ідэя акупаваньня ўнівэрсытэтаў, на маю думку, ня вельмі разумная, бо ўраду ўсё роўна, па вялікім рахунку, адчынены ўнівэрсытэт ці не, бо гэта ня цэнтар вытворчасьці, ад якога залежыць эканоміка краіны ў адрозьненьні ад фабрык і заводаў".

Такіх студэнтаў, як Дарота, напужалі гвалтоўныя мэтады, абраныя пратэстуючымі. Як распавядае Дарота, на сходках падчас пратэсту некаторыя камуністычна настроеныя студэнты прапаноўвалі паліць будынкі і рабаваць супэрмаркеты. Адным словам, усім хацелася сапраўднай рэвалюцыі.

Пасьля адмены закона, зь якога ўсё і пачалося, былі прапановы дзейнічаць далей і дамагчыся адстаўкі ўраду, а значыць зьмены ўлады ў краіне і сапраўднай рэвалюцыі. Такія захады Дарота тлумачыць тым, што ў Тулузе вельмі шмат сацыялістычна накіраваных студэнтаў. Тым ня менш, пакуль рэвалюцыйная ліхаманка ў Францыі ўсё ж сьцішылася і студэнты рыхтуюцца да сэсіі. Гэты пэрыяд традыцыйна зьяўляецца спакойным у студэнцкім руху, бо іспыты – неад'емны атрыбут студэнцтва. Але ж на пратэсты забыцца будзе цяжка нават падчас іспытаў, бо, напрыклад, у Тулузе пра іх нават сьцены крычаць.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме