13:00 13.06.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ветэраны трох краін шукаюць прымірэння
11:10, 13 Июня | Сяргей Гутарэвіч,
Немцы хочуць пахаваць парэшткі салдатаў вермахта. Хоць у Беларусі па-ранейшаму не спяшаюцца ісці насустрач, лёд пачаў кранацца.
У Магілёве адбылася міжнародная сустрэча ветэранаў другой усясветнай вайны з Беларусі, Расеі і ФРГ. Арагнізаваў яе Народны звяз Нямеччыны па дагляду за вайсковымі магіламі.
Праблема нумар адзін – горкая памяць
Тэма ветэранскай сустрэчы — "Прымірэнне: пошук узаемаразумення". Гэта мерапрыемства падтрымалі магілёўскія ўлады: паводле намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Глаза, сустрэчы ветэранаў спрыяюць замірэнню былых салдат, якія на франтах вайны змагаліся па загаду сваіх урадаў на супрацьлеглых баках.
Сустрэча ветэранаў у Магілёве прайшла без вострых выказванняў, аднак вядома, што праблема перазахавання парэшткаў салдат вермахта выклікае гарачыя спрэчкі. Адны ветэраны лічаць, што прыйшоў час дараваць і пахаваць усіх мёртвых, іншыя катэгарычна адмаўляюцца прызнаць за немцамі права на могілкі і нагадваюць пра жахі фашызму.
У Магілёўскай вобласці ў Вялікую Айчынную вайну загінуў кожны трэці, 114 вёсак было спалена разам з жахарамі.
Улады лічаць, што памяць пра Вялікую Айчынную яшчэ вельмі жывая, і беларускае грамадства пакуль не гатова ўсё дараваць і прыняць як належнае стварэнне нямецкіх вайсковых могілак.
На Магілёўшчыне іх увогуле няма. Адпаведны праект паблізу вёскі Шчаткава Бабруйскага раёна, пра які было аб'яўлена некалькі гадоў таму, замарожаны. Прычым, паводле інфармацыі з нямецкага боку, да гэтага часу ўжо адкапаны і нават ідэнтыфікаваны парэшткі больш за дзвюх тысяч салдат вермахта. Немцы хочуць іх перапахаваць, аднак справа з месца не рухаецца.
Праблема ў тым, што міжурадавае пагаднене паміж Беларуссю і Нямеччынай на гэты конт так і не ратыфікавана. Народны звяз Нямеччыны па дагляду за вайсковымі магіламі працуе паводле такіх пагадненняў у 42-х краінах свету, аднак у ім няма Беларусі. Як, дарэчы, і Чэхіі. У Польшчы праца па перапахаванню парэшткаў салдат вермахта пайшла толькі два гады таму.
Праблема нумар два – вялікая палітыка
Аднак кіраўніцтва Народнага звязу ўпарта працуе. Не толькі з ветэранамі, але і з моладдзю. У тым, што цяжкая праблема у будучым будзе паспяхова вырашана, згодна і кіраўніцтва аблвыканкама. Тым больш, нямецкі бок ідзе насустрач: магілёўцам перадалі спісы жыхароў вобласці, якія загінулі ў нямецкіх концлагерах, а цяпер рыхтуюцца аддаць і іх асабістыя справы. Добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі, ахвяраванні ў сацыяльную сферу і дагляд за пахаваннямі савецкіх салдат – гэта таксама выгады праекта стварэння нямецкіх вайсковых могілак.
Аднак у гэтай праблемы ёсць і палітычныя акцэнты. У выступленнях чыноўнікаў і беларускіх ветэранаў гаварылася пра тое, што Захад крытыкуе цяперашнюю палітычную сістэму Беларусі і не прымае яе кіраўніка. Гэта ветэраны расцэньваюць як непавагу і патрабуюць лічыцца з выбарам беларусаў. Аднак немцы ад палітычных каментароў устрымліваюцца. Яны нагадваюць пра замірэнне, агульначалавечыя каштоўнасці і пра тое, што салдацкія магілы з'яўляюцца найлепшай пропаведзю за мір.
Усе ўдзельнікі магілёўскай сустрэчы засталіся задаволены, што ветэраны пачалі зносіны і з'явіўся фундамент для адкрытага абмеркавання праблемы ў грамадстве.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме