21:00 11.06.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
20 юнакоў і дзяўчат трымаюць галадоўку 13-я суткі
19:33, 11 Июня | Любоў Лунёва,
20 актывістаў моладзевых рухаў у 10 гарадох Беларусі працягваюць галадоўку, распачатую ад 29 траўня ў Салігорску. Галадоўнікі патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. Напачатку акцыі ўдзельнікаў было больш за 4 дзесяткі чалавек. Пасьля таго, як непаўнагадовыя і тыя, каму аказвалі мэдычную дапамогу, спынілі галадоўку – колькасьць удзельнікаў акцыі скарацілася ўдвая. Акцыю моладзі падтрымалі Аляксандар Мілінкевіч, сябры “Эўрапейскай кааліцыі” і сябры ўкраінскіх моладзевых арганізацый.
Асноўная колькасьць удзельнікаў акцыі пратэсту – сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Некаторыя зь іх далучыліся да акцыі пазьней. Зьміцер Хведарук і Сяргей Гудзілін спынілі галадоўку на просьбу кіраўніцтва “Маладога фронту”. Пасьля таго, як хлопцы страцілі прытомнасьць, ім выклікалі “хуткую дапамогу”. Мэдыкі папярэдзілі маладафронтаўцаў, што працягваць галадоўку вельмі небясьпечна для здароўя. Сяргей Скрабутан у Горадні спыніў галадоўку з-за таго, што мусіў зьехаць ва Ўкраіну, а Ігар Чыкарэвіч, які трымаў галадоўку ва ўкраінскім Луцку, з-за праблемаў са страўнікам. Сустаршыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч паведаміў “Свабодзе”, што маладафронтаўцы знайшлі памяшканьне ў Менску, дзе ўдзельнікі акцыі ад панядзелка (12 чэрвеня) будуць знаходзіцца ўсе разам.
(Дашкевіч: ) "Мы знайшлі кватэру, і ад панядзелка будзем ужо ўсе разам знаходзіцца ў адным памяшканьні. Самаадчуваньне ўдзельнікаў акцыі добрае. Учора некалькі чалавек з-за стану здароўя вымушаныя былі спыніць галадоўку. Мы іх папрасілі, бо да іх прыяжджала хуткая дапамога. Усе астатнія пакуль трымаюцца".
Сямёра ўдзельнікаў акцыі ўжо прыехалі ў Менск з рэгіёнаў. Некаторыя зь іх далучыліся да акцыі праз тыдзень. Мянчук Кастусь Усянок галадае трэція суткі. Ён далучыўся да акцыі галадоўкі яшчэ і з асабістых прычынаў. Кастусь патрабуе, каб улады прыцягнулі да адказнасьці байцоў спэцназу, якія зьдзекаваліся зь яго ў часе затрыманьня 22 сакавіка. Кастусь Усянок у сваёй заяве ў пракуратуру паведаміў, што яго абражалі, прымушалі есьці сваю майку, абрэзалі валасы на галаве, паранілі язык. У выніку Кастусь атрымаў адказ аб тым, што байцы дзейнічалі ў межах закону.
(Усянок: ) "Я галадаю трэція суткі. Да агульнага патрабаваньня вызваліць палітвязьняў і спыніць перасьлед моладзі, у мяне ёсьць адно асабістае патрабаваньне як лёзунг: “Закон адзіны для ўсіх”. Нашых хлопцаў садзяць за краты ня ведаю за што, а міліцыянтаў, якія зьдзекуюцца з нас, ніяк не караюць. Пакуль не распачнуць крымінальную справу супраць міліцыянта, які зь мяне зьдзекаваўся, я не спыню галадоўку".
Маладафронтаўцы прывезьлі спальнікі ў кватэру, якую яны арэндавалі на час правядзеньня акцыі. Яны спадзяюцца, што ўдзельнікам акцыі разам будзе псыхалягічна лягчэй трымацца. Іх там змогуць наведваць сябры і журналісты. Апроч таго, можна будзе ў выпадку неабходнасьці выклікаць “хуткую дапамогу”.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме