21:00 11.06.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

А.Дынько: “Дэсаветызацыя Расеі адводзіць пагрозу ад Беларусі”

19:18, 11 Июня |

На сёлетнім Сусьветным газэтным кангрэсе, што адбыўся ў Маскве, нашу краіну прадстаўляў Андрэй Дынько, старшыня беларускага ПЭН-цэнтру і рэдактар газэты “Наша ніва”, якой лукашэнкаўскі рэжым адмовіў у распаўсюдзе праз шапікі ды падпіску на падставе таго, што рэдактар… адседзеў аміністратыўны арышт! Арышт, дарэчы, яму начапілі за “нецэнзурную лаянку” – пры тым, што ў вуснах Андрэя гэтага проста немажліва ўявіць. Як здзекваліся з гэтай нагоды журналісты, – “пэўне, за лаянку палічылі беларускую мову”.

“Сьпіс выступоўцаў ад Расеі ўзгадняўся з Адміністрацыяй расейскага прэзыдэнта”, — падкрэсьлівае Андрэй.

Сам А.Дынько, як ён паведамляе ў сваёй “Нашай ніве”, у выступе зазначыў наступнае: “Гаварыў пра адказнасьць СМІ. Гаварыў пра беларускую незалежную прэсу, як яна выконвае свой прафэсійны абавязак, нягледзячы ні на што. Казаў, што расейскія СМІ зусім не аб’ектыўна асьвятляюць падзеі ў краінах былога СССР. Што для грамадзянскай супольнасці Беларусі было вялікім шокам тое, як расейская прэса падавала сакавіцкія падзеі. Што свабода ня можа быць «кропкавай»: ня можа быць свабоды ў асьвятленьні адных падзеяў і несвабоды – у асьвятленьні другіх. Калі такое дапускаецца, то зона несвабоды будзе распаўзацца і шырыцца, як мы гэта бачылі на прыкладзе беларускіх дзяржаўных СМІ, казаў я сваім расейскім калегам”.

У.Пуцін узяў удзел у мерапрыемстве, але зьявіўся ў Вялікі крамлёўскі палац са спазьненьнем на дзьве гадзіны. На думку А.Дынько, “гэта добра перадае атмасфэру, у якой адбываўся форум. З аднаго боку, расейскі бок стараўся ўсяляк прывабіць інвэстараў, пераканаць іх, што ў Расею выгадна ўкладаць грошы. З другога боку – за ўсім гэтым цяжка было схаваць тое, што стан свабоды СМІ ў Расеі далёкі ад ідэальнага.

Пуцін гаварыў, што камэрцыю трэба аддзяліць ад ідэалаў. Г.зн. у Расеі можна рабіць вялікія грошы, але для гэтага варта забыцца на пэўныя прынцыпы. Мала каму сярод удзельнікаў форуму гэта спадабалася”.

Цікавыя назіраньні выклаў Андрэй пра расейскую сталіцу: “Масква душная й загазаваная, у цэнтры яе яшчэ меней зеляніны, чым раней, дрэвы на вачах гінуць ад выхлапаў. Масква ня робіць уражаньня багацейшае за Менск, затое яна напэўна менш зручная для жыцьця. Але прыемна ўразіла зычлівасьць людзей на вуліцах і ва ўстановах. Асабліва кідаецца ў вочы адкрытасьць і сумленнасьць маладога пакаленьня. Савецкая пахмурасьць, круцельства адыходзяць у мінулае. Здалося, што ў Менску цяпер народ больш азлоблены, а калісьці ж было наадварот. Дачныя дамкі пад Масквой больш дагледжаныя, чым пад Менскам. Не багацейшыя – акуратнейшыя. Пафарбаваныя, абгароджаныя. Спынялася на тым маё вока, бо дэсаветызацыя Расеі адводзіць пагрозу ад Беларусі. Калі маё вока не мылялася, ня ў доўгім часе – можа ўжо праз 10 ці 15 гадоў – мы пабачым, як сп. Пуцін не пазнае свайго народу”.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме