14:36 01.06.2006 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Дзяніс Дзянісаў: Пакуль не магу паведаміць падрабязнасьцяў

13:16, 1 Июня | Сямён Печанко,

Травеньскі зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі падтрымаў курс Анатоля Лябедзькі: радыкальная апазыцыя Лукашэнку і ў той жа час непрызнаньне Мілінкевіча лідэрам незалежнага грамадзтва.

Што пра гэта думае маладое пакаленьне АГПоўцаў? Карэспандэнт «НН» пагутарыў зь сябрам АГП Дзянісам Дзянісавым. 27-гадовы Дзяніс быў адною з жывых легендаў Плошчы. У той жа час ён крытычна паставіўся да заявы камэнданта намётавага мястэчка Алеся Мазура і ягоных паплечнікаў, якія запатрабавалі ад лідэраў апазыцыі больш рашучай падтрымкі Мілінкевіча і фармаваньня жорстка структураванага руху. «Гэта перацягваньне коўдры», – так назваў інтэрвію з А.Мазурам у «НН» ананімны карыстальнік Жывога Журналу ў Інтэрнэце, чый допіс быў перадрукаваны на сайце АГП.

«Наша Ніва»: Прайшоў зьезд АГП. Галасавалі за Лябедзьку?

Дзяніс Дзянісаў: Я быў дэлегаваны на зьезд, але не прысутнічаў на ім. Сустракаўся з актывістамі моладзевых ініцыятываў, бо палічыў гэта важнейшай справай.

«НН»: Навошта Вы тады сябар АГП, калі Вам зьезд партыі ня важны?

ДзДз: Я не кажу, што гэта для мяне ня важна. Але на сёньня праца менавіта з гэтымі людзьмі мне падаецца больш істотнай.

«НН»: Але калі б на зьезьдзе былі, галасавалі б за Лябедзьку?

ДзДз: За Лябедзьку.

«НН»: Хоць ён і выступае за раскол?

ДзДз: Гэта быў бы голас на карысьць лідэра партыі, а не агульнанацыянальнага лідэра апазыцыі. Дый тэрмін «раскол» тут не пасуе, бо апазыцыя па сутнасьці і не была аб’яднанай, каб яе можна было раскалоць. На маю думку, навідавоку не раскол, а наяўнасьць некалькіх апазыцыйных рухаў з падобнымі мэтамі, якім насьпеў час выпрацаваць правілы суіснаваньня ў канкурэнтнай барацьбе.

«НН»: Барацьбе між сабою? Гэта барацьба ці дзяльба кабанчыка?

ДзДз: Не, сапраўдная барацьба ня скончаная. Ад сакавіка безупынна ладзяцца флэш-мобы.

«НН»: А Пазьняк кажа, што флэш-мобы толькі адцягваюць моладзь ад нацыянальна-вызвольнага змаганьня. Што Вы адкажаце на гэта?

ДзДз: Кожны мае займацца сваёй працай. Мы мабілізуем грамадзтва, у палітыкаў свае задачы. Мы прыцягваем увагу грамадзтва да самых балючых пытаньняў. Флэш-моб з марозівам, напрыклад, – знак таго, што ня ўсё ў парадку з грамадзянскімі свабодамі. А праблемы незалежнай прэсы, рэпрэсаваных актывістаў. Акцыі трымаюць і іх удзельнікаў, і міжвольных сьведкаў у тонусе, не даюць закасьцянець. Яны прыцягваюць у нашы шэрагі ўсё больш маладых людзей. Мэта грамадзянскага вулічнага пратэсту – давесьці грамадзтву абсурднасьць сыстэмы, паказаць, што мы ёсьць, што супраціў працягваецца. Мы – гэта актыўная моладзь, якая будзе працягваць барацьбу, не зважаючы на асаблівасьці палітычнага календару. А Пазьняк… Што, і важнасьць флэш-мобу ў падтрымку «Нашай Нівы» ён таксама аспрэчвае?

«НН»: Мы чулі пра ідэю асобных удзельнікаў Плошчы асабіста праехацца па краіне, каб распавесьці праўду пра намётавае мястэчка. Гэта будзе?

ДзДз: Мы гатовыя. Прапрацоўваюцца апошнія тэхнічныя моманты. Магу сказаць, што ў бліжэйшы час распачнецца мабілізацыйная кампанія, у часе якой мы выявім сябе як арганізаваная сіла. З зразумелых прычынаў не магу пакуль паведаміць падрабязнасьці.

Дзяніс Дзянісаў

27-гадовы студэнт. Нарадзіўся ў Віцебску. Сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі, лідэр моладзевага руху. 20 сакавіка паставіў адну зь першых палатак на цэнтральнай плошчы Менску.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме