21:30 28.11.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Дзіцячае аздараўленне за мяжой: цьмяныя перспектывы
18:06, 28 Ноября | Генадзь Канстанцінаў ,
Указ А.Лукашэнкі № 555 можа стаць прычынай спынення праграм аздараўлення "чарнобыльскіх" дзяцей у замежжы, лічаць удзельнікі "круглага стала" "Забарона на аздараўленне чарнобыльскіх дзяцей за мяжою – удар па будучыні краіны". Старшыня Беларускага дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобыля" Генадзь Грушавы адзначыў, што ўлады чыняць перашкоды ў дзейнасці арганізацый, якія займаюцца аздараўленнем чарнобыльскіх дзяцей за мяжою, ужо амаль дзесяць гадоў.
На думку прафесара Грушавога, пасля з’яўлення новага нарматыўнага акту становішча яшчэ больш пагоршылася. Фармальнай прычынай падпісання ўказу стаў факт невяртання са Злучаных Штатаў Амерыкі Таццяны Казыры, якая пажадала там застацца ў гасцёвай сям’і. Дарэчы, шаснаццацігадовая дзяўчына ўжо вярнулася ў Беларусь.
Грушавы лічыць, што нельга стрыгчы арганізацыі і краіны, што займаюцца дзіцячым аздараўленнем, пад адну грабёнку: "Мая арганізацыя за дзевятнаццаць год не мела ніводнага такога выпадку. Напрыклад, ў Нямеччыне ніколі не было такога, каб дзеці там, умоўна кажучы, гвалтоўна затрымліваліся".
Указ Лукашэнкі, па словах Генадзя Грушавога, рыхтаваўся без кансультацый з грамадскімі арганізацыямі, якія займаюцца аздараўленнем дзяцей. Афіцыйны дакумент нават не ўзгадвае пра намер беларускага кіраўніцтва надалей супрацоўнічаць з замежнікамі ў гэтай сфэры. "Там ні слова няма, што дзяржава ставіцца да гэтых праграм з вялікай удзячнасцю, там няма ніводнага слова падзякі дзесяткам тысяч дабрачынцаў па ўсім свеце, якія дваццаць год дапамагалі гэтаму народу, гэтай краіне", — адзначыў прафесар Грушавы.
Рэвалюцыя ў свядомасці
Паводле Генадзя Грушавога, улады не спрыяюць ажыццяўленню праграм дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы: "Усе гэтыя праграмы здзяйсняе грамадскі сектар. Дзяржава толькі кантралюе. Кантраляваць, рэгуляваць і, пры неабходнасці, забараняць – вось што рабіла дзяржава па гэтых праграмах у апошнія гады".
Да гэтага першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне Пётр Садоўскі прыгадаў прыклад з кнігі былога дэпутата Бундэстагу прафесара Эрыкі Шухард "Ціхая рэвалюцыя дзяцей Чарнобыля":
"Прыязджае баптысцкае дзіця ў Лунінецкі раён і кажа: тата, ты не паліш цыгарэты, не п’еш гарэлку, маці працуе, як немцы, з раніцы да вечара. Мама, тата, чаму гэта мы жывем дрэнна, а немцы жывуць добра? У гэтай фразе квінтэсэнцыя, контрапункт назвы і ўсёй кніжкі. Таму, натуральна, дзяржава абмежавалася функцыяй кантролю".
Манаполія на дапамогу
Як падкрэсліў Генадзь Грушавы, "дзяржава такога кшталту, як наша, заўжды імкнецца да манаполіі на сацыяльную абарону народа, таму што сацыяльная абарона, сацыяльная падтрымка – гэта галоўны інструмент уплыву на грамадскую свядомасць. Калі дапамагае не дзяржава, а дапамагаюць нейкія іншыя структуры, яны для людзей аб’ектыўна з’яўляюцца альтэрнатывай дзяржаве".
У прэзідэнцкім дакуменце ёсць момант, які вымагае для краінаў, якія прымаюць на аздараўленне беларускіх дзяцей, падпісання міжурадавых пагадненняў з Беларуссю па гэтым пытанні. Калі такіх пагадненняў няма, то больш за 30 тысяч дзяцей, якія штогод накіроўваліся за мяжу на аздараўленне праз дабрачынныя арганізацыі, могуць пазбавіцца такой мажлівасці.
"Фактычна гэты ўказ – гэта чорным па белым напісаны загад: вось гэтыя 30-35 тысяч дзяцей – гэта заложнікі, — падкрэсліў Генадзь Грушавы. — І пакуль не будзе гэтых пагадненняў, яны так і будуць заставацца ў становішчы інтэрніраваных. Яны будуць невыязнымі".
"Радыёактыўныя" дзеці
Акадэмік Іван Нікітчанка заявіў, што неабходна накіроўваць на аздараўленне за мяжу абсалютна ўсіх беларускіх дзяцей, пра што сведчылі даследаванні, праведзеныя ачоленым ім Сацыяльна-экалагічным аб’яданнем "Центр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятываў". "Няма ніводнага раёна, дзе б мы не знайшлі "радыёактыўных" дзяцей, — паведаміў Нікітчанка. — Прычым у зонах, якія лічацца абсалютна чыстымі. У Мінску – кожны трэці, у Горках Горацкага раёну, які абсалютна далёкі ад "зоны", – два з трох, у астатніх раёнах – усе дзеці".
Як адзначыў навуковец, "у Беларусі аздараўляць дзяцей няма дзе, а дзецям жа хоць крыху трэба адпачываць. Хранічная радыяцыя згублівая для чалавека". Іван Нікітчанка назваў усе дакументы, якія тычацца праблемы аздараўленя дзяцей за мяжой, антынароднымі, антыканстытуцыйнымі і антызаконнымі".
Удзельнікі "круглага стала" вырашылі звярнуцца да лідэраў усіх канфесіяў, якія ёсць у Беларусі, каб тыя паспрыялі палягчэнню сітуацыі. Таксама вырашана правесці падобныя мерапрыемствы ў рэгіёнах, каб прыцягнуць да вырашэння гэтай праблемы і грамадзян, якіх яна тычыцца самым непасрэдным чынам.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме