23:45 27.11.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Першы акт марлезонскага балету - сказаўшы Брусэлю “а”, трэба казаць “б”

21:42, 27 Ноября | Аляксандр Класкоўскі,

Славутай дарожнай карты — плана пакрокавай нармалізацыі дачыненняў між Беларуссю ды Еўрасаюзам — ніхто дасюль на вочы не бачыў. Дыялог Захаду з тутэйшай уладай надта празрыстым не назавеш. Аднак Еўропа “зліла” змест прапаноў афіцыйнага Мінска — таго хатняга задання, што ён гатовы выканаць, каб 13 красавіка 2009 года Брусэль не размарозіў візавыя санкцыі супраць высокага чынавенства. Пытанне: ці выканае?

З Мінска ў еўрапейскія структуры 19 лістапада пайшла папера з абяцаннем:
• падрабязна абмеркаваць з БДІПЧ АБСЕ рэкамендацыі датычна паляпшэння Выбарчага кодэксу;
• вярнуць у распаўсюд “Народную волю” ды “Нашу ніву”;
• узяць пад ўвагу вынікі круглага стала пад эгідай Міністэрства інфармацыі і АБСЕ, прысвечанага пытанням заканадаўчага рэгулявання дзейнасці інтэрнет-СМІ.

Што маем у сухой астачы на сёння?

Самы канкрэтны пункт — другі. Тут працэс пайшоў. Ашчасліўленыя рэдакцыі (якія пасля “выкіндэсу” незалежнай прэсы з каталогаў ды шапікаў перад выбарамі-2006 амаль тры гады мусілі ладзіць распаўсюд саматужна) падпісваюць дамовы з поштай і Cаюздрукам. Дарэчы, калі  апальныя друкаваныя брэнды выкідалі з кіёскаў, то ўсё падавалася як “стасункі гаспадарчых суб’ектаў”: маўляў, эканамічна нявыгадна… Цяпер мы бачым, хто ў нас вырашае, быць ці не быць недзяржаўнай прэсе ў нацыянальных сетках распаўсюду.

Зрэшты, дзеля свабоды СМІ дозу такога “валюнтарызму адлігі” можна ператрываць. Іншая рэч, што рашэнне палавіністае. За бортам застаюцца яшчэ многія выданні — ад леваапазіцыйнага “Товарища» да шэрагу рэгіянальных грамадска-палітычных газет.

Аўтар гэтых радкоў днямі меў магчымасць асабіста запытацца ў галоўнага ідэолага дзяржавы сп. Янчэўскага пра лёс астатніх рэпрэсаваных медыяў. Адказ быў: пабачым!

Ну што ж, пабачым.

Дарэчы, мой дыялог з кіраўніком ідэалагічнай управы прэзідэнцкай адміністрацыі адбыўся ў кулуарах таго самага “круглага стала” пра свабоду Інтэрнэту, вынікі якога афіцыйны Мінск абяцае ўлічыць. Аддамо належнае: прадстаўнікам незалежнай медыйнай супольнасці цягам дыскусіі ніхто не затыкаў рот (гэта, канечне, норма, але для нас — дзіва).

Бальшыня экспертаў, на мой погляд, аргументавана давяла, што чыноўніцкі сверб “зарэгістраваць Інтэрнэт” — справа шкодная і безнадзейная. Юры Зісэр, культавая фігура Байнэту, параўнаў высілкі заканадаўцаў у гэтым пытанні з намерам меліярацыйнай канторы асушыць частку Сусветнага акіяну. Грубае адміністраванне хіба што папсуе крыві вэб-журналістам, выцісне інтэрнэт-медыі з “.by” у іншыя дамэны (шукай ветру ў полі!) ды яшчэ болей азмрочыць імідж афіцыйнага Мінска як “ворага інтэрнэту”.

Цяпер слова за ўладай. Чыноўнікі далі зразумець, што могуць пайсці на заяўляльны, то бок добраахвотны прынцып рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ. Гэта ўжо прагрэс, бо ўвесну казалі пра татальнае ліцэнзаванне. Найлепей жа было б увогуле не прымаць ніякай “пастановы пра інтэрнэт”. У.Янчэўскі намякнуў на магчымасць такога варыянту.

Зноў жа дадамо, што крокі ў медыйнай галіне палавіністыя. Нават калі і не будзе той пастановы, то сам свежаспечаны закон аб СМІ не адпавядае стандартам АБСЕ. Прасцей кажучы, у ім багата пастак для свабоды слова і друку (напрыклад, драконаўскі механізм акрэдытацыі журналістаў, які дазваляе адсякаць неўпадабаных). На добры лад варта было б скасаваць шэраг яго рэпрэсіўных артыкулаў. Бюро прадстаўніка АБСЕ ў пытаннях свабоды СМІ гатовае за мілую душу кансультаваць тут беларускую ўладу. Зноў жа — каб тая толькі захацела…

Ну а самыя цьмяныя перспектывы — у пытанні дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Тут, па-першае, можна расцягнуць справу на ўзор стварэння канстытуцыйнага акту саюзнае дзяржавы: болей гумавага працэсу ў сучаснай гісторыі, мусіць, няма. Па-другое, і тут варта чакаць мікраскапічных саступак. Ну зробяць, напрыклад, чатыры дні датэрміновага галасавання замест пяці. Пры адладжанай механіцы “элегантных перамог” і чатырох дзён хопіць, каб забяспечыць жаданы вярхам працэнт.

З іншага боку, рыхтуецца сказаць сваё слова апазіцыя. Яна наважылася “прабіць” уласны праект змен у выбарчае заканадаўства. Дасюль усе спробы рэалізаваць права грамадзян на заканадаўчую ініцыятыву (зарэгістраваць ініцыятыўную групу, сабраць 50 000 подпісаў, атрымаць ухвалу Мінюста на праект, унесці ў парламент і г.д.) чынавенства спыняла адным пальчыкам. Фармальную зачэпку знайсці — бы раз плюнуць. Як будзе цяпер?

Відавочна, што мяч на баку ўладаў. Сказаўшы “а”, трэба сказаць “б”. Натуральна, варта чакаць, што, перафразуючы Ільфа і Пятрова, за кожны скормлены Брусэлю вітамін Мінск будзе патрабаваць мноства (і зусім не дробных) паслуг.

Шмат што залежыць ад прынцыповасці ЕС.

Зараз мы назіраем першы акт марлезонскага балету, калі беларускія і еўразвязаўскія чыноўнікі дэманструюць вербальнае братанне. Але варта чорнай котцы праскочыць між Мінскам і Брусэлем — і ў нас можа пачацца ранейшая душылаўка. Ніводзін рэпрэсіўны механізм не зламаны. Таму звышзадача — дамагацца мінімальна прыстойных рамкавых умоў для палітычнага, медыйнага плюралізму, развіцця грамадзянскай супольнасці.

Дыялог ЕС з Мінскам мусіць стаць болей празрыстым. Каб ў Брусэля не было спакусы “зліваць” балючыя для беларускай дэмакратычнай грамадскасці пытанні, ставячы фармальныя птушкі ў адпаведных графах. Кшталту: круглы стол праведзены — птушка, паехалі далей.

Бо далёка не ад’едзем на адных прыгожых словах нашага начальства, пракансультаванага лордам Бэлам на прадмет максімальнага ўжывання ліберальнай лексікі.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме