19:00 25.11.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Шукайма беларускага Абаму!
17:09, 25 Ноября | Аляксандар Класкоўскі,
Улада адчула перамены хутчэй, чым апазыцыя, зазначыў на канфэрэнцыі аналітык Валер Карбалевіч. Вялікая і месцамі нэрвовая размова пад грыфам «Пэрспэктывы супрацы прыхільнікаў дэмакратычных перамен у Беларусі» прайшла 21—22 лістапада ў Вільні.
Сапраўды, улада заварушылася. Яна лібэралізуе эканоміку ды спрабуе знайсьці агульную мову з Эўропай. Хай сабе крыва, не па лякалах апазыцыйных стратэгаў, але ж працэсы пайшлі. Заўтра цалкам магчымыя і гамэапатычныя дозы беларусізацыі. Карацей, палітычныя апанэнты рэжыму страцілі манаполію на звыклыя лёзунгі — рынкавыя, эўрапейскія, незалежніцкія і г.д.
Потым: дэ-факта дыялёг Захаду з уладай ужо ідзе. Можна крыўдзіцца да пасіненьня, што заходнікі выявілі цынізм, што няма жаданага трыялёгу. Але крыўды ў палітыцы — марная, абсалютна непрадукцыйная рэч.
Варта гэта асэнсаваць — і знаходзіць сваю нішу, свае моцныя аргумэнты ў новым кантэксьце. Даводзіць права на ролю суб’екта палітычнага працэсу (у тым ліку і цераз самафінансаваньне, падкрэсьлівалася на канфэрэнцыі).
Аднак цяжка, вой як цяжка даць рады сьвінцовай інэрцыйнасьці мысьленьня!
Вось дакладае лідэр ПКБ Калякін: на мінулых выбарах удалося ахапіць вылучэнцамі АДС толькі 109 акругаў са 110. Недапрацовачка, маўляў. А мо’ варта павярнуць праблему іншым бокам? Ці ня лепей было адразу сканцэнтравацца на 15-20 акругах з рэальнымі кандыдатамі, чым расьцярушваць сьціплы рэсурс на апрыёрных слабакоў з адзінага сьпісу?
Я ўжо не кажу пра адбываньне нумару, імітацыю удзелу. Трагікамічнымі былі сытуацыі, калі той ці іншы кандыдат-дэмакрат, заціснуты ў парадыгме «здымацца/не здымацца», баяўся нават патраціць казённыя грошы на ўлёткі, каб потым не вяртаць са сваёй кішэні. Выбарніка не хвалююць унутрыапазыцыйныя калізіі: ён бачыць фармальнага змагара з рэжымам, каторы дэ-факта ні мыкае ні целіцца. На жаль, многія апазыцыйныя палітыкі грэбуюць жалезным правілам: глядзі на сьвет вачыма выбарніка!
Зрэшты, годзе пілаваць пілавіньне!
Возьмем пэрспэктыву прэзыдэнцкіх выбараў. Хто-кольвек напоўніцу піярыць ідэю дзьвюх калёнаў — правай ды левай. Маўляў, паколькі камуністы ды бээнэфаўцы усё адно ніколі ня створаць кампраміснага мэсыджу пад адзінага кандыдата, то вылучым дваіх, на розныя электаральныя густы, а ў другім туры сканцэнтруем высілкі на падтрымцы мацнейшай фігуры.
Сьмех дый годзе!
Нагадаю: Лукашэнка сам перамог чатырнаццаць гадоў таму ў другім туры. Ён выдатна памятае, як панічна беглі намэнклятурныя пацукі зь Кебічавай шхуны ў прамежку паміж турамі. Так што пры цяперашняй уладзе другіх тураў ня будзе паводле азначэньня.
І калі вы хочаце зладзіць дэфіле партыйных топ-мадэляў (з доўгімі шлейфамі адмоўных рэйтынгаў), то так і кажэце. Але не сьмяшыце мае пантофлі, называючы гэта стратэгіяй перамогі.
Уладзімер Колас на канфэрэнцыі ў Вільні быў адзіны, хто без эківокаў зазначыў: ніхто з партыйных лідэраў у гэтым спаборніцтве ня мае шанцаў. Але Юпітэры з АДСу сярдуюць, лішні раз выдаючы такім чынам свае сакрэты полішынэля — уласныя пляны на прэзыдэнцкую кампанію.
Падчас дыскусіі многія падтрымалі і дапоўнілі высновы Валера Карбалевіча: паколькі глеба пад беларускай мадэльлю захісталася, то шанец выйграць у Лукашэнкі мае гэтакі беларускі Абама, дынамічны лідэр з лёзунгам пераменаў. Пажадана — не асацыяваны з пэўным партыйным брэндам ды маладзейшы за дзейнага кіраўніка.
Так, і Лукашэнка сёньня дэкляруе трансфармацыю, але пасьля шматгадовага рэфрэну пра стабільнасьць гэта атрымліваецца ня надта пераканаўча. Эканамічныя перамены робяцца цераз адсяканьне хваста за некалькі разоў. Ня кажучы пра тое, што выбраны кітайскі шлях аўтарытарнае мадэрнізацыі: без пераробкі палітычнай сыстэмы.
Вось на гэтых момантах трэба і пазіцыянаваць моцную, пераканаўчую альтэрнатыву: мы ведаем, як правесьці краіну цераз крызыс ды зрабіць стабільнасьць, дабрабыт на іншым, цывілізаваным падмурку, а не на расейскай «халяве».
Дзеля гэтага варта найперш зладзіць канцэптуальны апгрэйд апазыцыйнай прапановы, каб яна стала канкурэнтнай. Бо ўлёткавы асартымэнт 90-х гадоў на тры чвэрці вычхаўся.
Канцэптуальныя выклікі стаяць і перад іншымі слаямі так званых (тэрмін, канечне, прымітыўны) прыхільнікаў перамен. Напрыклад, незалежная прэса таксама ня выедзе на прымітыўных агітках. Трэба варушыць глуздамі, як ствараць моцны, крэатыўны прадукт, бо іначай празь нейкі час ўлада скажа: ну вось, вярнулі ў шапікі, а наклады амаль што тыя самыя!
А пакуль што трэба змагацца за зьмякчэньне рамкавых умоў. Дзе, дарэчы, абяцаная кампанія збору подпісаў за зьмены ў Выбарчым кодэксе? Дасюль ўлада cпыняла ўсе спробы рэалізаваць права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў. Але сёньня можна ва ўсякім разе добра пагрукаць у гэтыя дзьверы. Вось вам і камунікацыя з насельніцтвам, і трэнінг структураў, і ўсё такое.
Натуральна, апазыцыя ня ў стане скочыць вышэй за галаву. Але вось-вось могуць пачацца тэктанічныя працэсы пад уплывам фінансава-эканамічнага форс-мажору.
Лепей, канечне, каб яго не было, аднак жа з гледзішча палітычнага прагматызму шанцы апанэнтаў рэжыму такім чынам падвышаюцца. Вядома, калі тыя не закансэрвуюцца ў сваіх карпаратыўных інтарэсах і будуць мець на руках дзейсную стратэгію, гнуткую тактыку. На усе выпадкі мусіць быць плян А, плян Б — гэта ж элемэнтарна, Ватсан! Каб ня чухалі патыліцу, калі раптам матэрыялізуецца сакральная Плошча: а куды ж весьці гэтыя тысячы?
Віктар Івашкевіч падаў на канфэрэнцыі яскравы прыклад. У 1991 годзе не было ўвогуле ніякіх выбараў. Але калі намэнклятура пасьля путчу апынулася ў прастрацыі, дык малалікая апазыцыя БНФ зрабіла ўсё (ну, добра, амаль усё) што хацела, бо была маналітнай, валявой ды мела выразную праграму.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме