16:45 25.11.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

“Мандражу ніякага няма", перанос матчу БАТЭ — “Рэал” нават не абмяркоўвалі

15:37, 25 Ноября | Ігар Карней,

Сёньня ў 21:45 на менскім стадыёне “Дынама” адбудзецца чарговы матч групавой стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ з Барысава і “Рэалам” з Мадрыду.

Такім чынам, ня спраўдзіліся чаканьні гішпанскіх спартовых выданьняў, якія да апошняга казалі пра магчымы перанос сустрэчы з-за нефутбольнага надвор’я. Нягледзячы на розныя пазыцыі, якія каманды займаюць у групе “Н” (“Рэал” з 6 ачкамі на 2-м радку, БАТЭ з 2 пунктамі ў канцы табліцы), абодва клюбы вырашаюць падобныя задачы — аслупаваць месца для далейшага ўдзелу ў эўракубках.

Футбалісты “Рэалу” ўжо суткі ў Менску і не хаваюць раздражненьня зімовым надвор’ем. Галоўны трэнэр мадрыдцаў Бэрнт Шустар на прэсавай канфэрэнцыі наўпрост заявіў: калі за такі кароткі час ягоныя гульцы ня здолеюць прыстасавацца да экстрэмальных умоваў, то могуць узьнікнуць вялікія праблемы.

Адчуўшы нэрвознасьць у штабе каралеўскага клюбу, гішпанскія СМІ напярэдадні выйшлі з сэнсацыйнымі загалоўкамі: у сувязі са сьнегападамі ў Беларусі матч паміж БАТЭ і “Рэалам” можа быць адкладзены да лепшых часоў. Некаторыя экспэрты пры гэтым спадзяваліся, што адтэрміноўка дазволіла б акрыяць знакавым, але траўмаваным футбалістам — у прыватнасьці, ван Ністэлрою, Рабэну, Хігуаіну, Канавара.

Аднак у інтэрвію Радыё "Свабода" намесьнік старшыні Беларускай фэдэрацыі футболу Міхаіл Вергeенка безапэляцыйна заявіў: ніхто адмяняць сустрэчу не зьбіраецца, а поле стадыёну “Дынама” знаходзіцца ў “ідэальным стане”:

“Гэта іх праблемы, гішпанскіх газэтчыкаў. І што ўвогуле значыць — яны ня хочуць? У футбол гуляюць пры любым надвор’і. Я быў учора ўвечары на трэніроўцы “Рэалу”, назіраў. Поле ў ідэальным стане, таму ўсе размовы на гэтую тэму выключаныя. Такія пытаньні могуць вырашаць толькі тры асобы: судзьдзя — раз, дэлегат матчу ад УЭФА — два, інспэктар — тры. Вось яны калегіяльна могуць нешта заявіць. Але калі судзьдзя дапусьціць — усё, ні дэлегат, ні інспэктар на ягонае рашэньне паўплываць ня змогуць. А поле, яшчэ раз кажу, у ідэальным стане на сёньняшні момант. Быў на трэніроўцы, паглядзеў, і не было ніякіх заўвагаў, прэтэнзій ні з боку кіраўнікоў, ні з боку футбалістаў. І гэтая тэма нават не абмяркоўваецца”.

Вядомы колісь тэлекамэнтатар Алесь Камароўскі, які 30 гадоў таму пачаў першым весьці спартовыя рэпартажы па-беларуску, фактар нетыповага для футболу надвор’я ў дадзеным выпадку ацэньвае як станоўчы. І прагназуе перамогу БАТЭ:

“Надвор’е нам паспрыяе. Я думаю, зь лікам 1:0 БАТЭ выйграе. Да таго ж у гішпанцаў з “забіўных” застаўся практычна адзін Рауль, а Канавара ды іншыя траўмаваныя. З траўмамі вельмі многа ў іх зараз гульцоў. Зь іншага боку, і нашым хлопцам губляць няма чаго. Яны разьняволена будуць гуляць і змогуць выйграць. Канечне, і так яны малайцы, але хочацца заўсёды лепшага. Тым больш іх глядзяць, я так спадзяюся, і многія трэнэры эўрапейскіх камандаў, і ў мяне такое адчуваньне, што сёньня яны выкладуцца да канца. Вось такія прагнозы мае. Я настроены з аптымізмам і буду глядзець абавязкова”.

Паўабаронца БАТЭ Сяргей Крывец гэтаксама з аптымізмам глядзіць у будучыню. Паводле словаў маладога футбаліста, каманда сасьпела для таго, каб супрацьстаяць на роўных грандам эўрапейскага футболу:

“Мандражу ніякага няма, усё ж гуляем дома. І ёсьць вялікае жаданьне атрымаць нарэшце першую перамогу ў Лізе чэмпіёнаў. Натуральна, што “Рэал” — вельмі сур’ёзны супернік, будзе вельмі цяжка. Але, з улікам хатняга матчу, спадзяемся, што родныя сьцены будуць дапамагаць. Шчыра скажу: калі адразу была мара проста згуляць з “Рэалам”, то зараз мара іншага парадку — абыграць “Рэал”.

Сёньня ўвечары падтрымаць “Рэал” у Менск прыедуць, паводле дадзеных Упраўленьня міліцыі на транспарце, блізу паўтысячы гішпанскіх заўзятараў. Гэта нашмат меней, чым было на папярэднім матчы БАТЭ зь піцерскім “Зэнітам” — тады сталіцу апанавалі, па розных зьвестках, ад 8 да 10 тысячаў заўзятараў. Аднак міліцыянты ўжо заявілі, што не дазволяць гішпанцам, як у выпадку з расейцамі, пранесьці на стадыён піратэхнічныя прыстасаваньні.

На стадыёне “Дынама” на матч БАТЭ — “Рэал” прагназуецца аншляг. Напярэдадні сустрэчы зноў быў дэфіцыт квіткоў. Дагэтуль тыя, каму не хапіла месцаў на стадыёне, зьбіраліся ля Палацу спорту, дзе разам заўзелі перад вялікім экранам. Аднак ужо другую гульню запар уладальнік экрану — Нацыянальная тэлерадыёкампанія — трансьляваць гульню ня будзе. Тлумачыцца гэта працамі, якія вядуцца побач з Палацам спорту.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме