16:00 08.11.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Зь Леніным у башцэ

14:36, 8 Ноября | Зьміцер Панкавец,

На фота:Камуністычныя партыі ў Беларусі сварацца паміж сабою, але яднае іх тое, што іх прадстаўнікі штогод 7 лістапада прыходзяць да помніка Леніну. Праўда, і гэта яны робяць паасобку.

Толькі ў нашай краіне на ўсёй постсавецкай прасторы дзень 7 лістапада працягвае быць дзяржаўным сьвятам. Зрэшты, едучы на плошчу Незалежнасьці, праз вакно «соткі» бачыў міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, які ішоў на працу. Пэўна, няма ў яго ні выхадных, ні сьвятаў.

Камуністы ж застаюцца вернымі сабе. І сёлета да помніку Леніна на плошчу Незалежнасьці прыйшло некалькі калён прыхільнікаў вялікага кастрычніка. Гэтым разам і надвор’е спрыяла, ня тое што летась, калі ішоў вялікі сьнег.

Першымі па традыцый прыйшлі сябры праўладнай КПБ. Разбаўленыя «камсамольцамі» з БРСМ. Іхны пікет быў самы масавы. Напэўна, было некалькі соцень чалавек. З савецкімі і эрбэшнымі сьцягамі. Усклалі кветкі. Пастаялі некалькі хвілін. Паганілі між сабой Калякіна, які «здрадзіў ідэалам камунізму і сядзіць на капіталістычных падачках».

Гэтым разам не было ганаровай варты і аркестру. Не было і доўгіх прамоваў. Павіншаваўшы адзін аднаго са сьвятам, удзельнікі акцыі паехалі на «лінію Сталіна».

Потым падышла невялікая групка, чалавек пятнаццаць, сяброў арганізацыі «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасьць». Паперадзе іхнай калёны ішоў нейкі хлопец са значком «Размаўляй са мной па‑беларуску». Яны адзначылі, што «чарговую гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі краіна адзначае ва ўмовах ілжэдэмакратыі». Але яны вераць, што Беларусь вернецца да сапраўднага сацыялізму.

Потым яны пайшлі ўскладаць кветкі да шыльды Сьвярдлову. Адна жанчына ўсклікнула, што па яе інфармацыі ў хуткім часе вуліцу Сьвярдлова зьбіраюцца перайменаваць. Гэтае «вераломная зьмена назваў вуліц» выклікала бурную рэакцыю ў камуністаў і яны зьбіраюцца «дабівацца гістарычнай праўды».

«І гэтыя людзі яшчэ будуць папракаць апазыцыю ў раздробленасьці», — казаў нехта з калегаў, калі да Леніна падыходзіла чарговая партыя камуністаў.

Самымі калярытнымі былі, як заўсёды, бальшавікі з ВКПБ, якіх было некалькі дзесяткаў. Традыцыйныя партрэты Сталіна і Леніна, чырвоныя сьцягі, оасьцяжка «Далоў капіталізм».

За што падабаюцца камуністы, дык гэта за іхны аптымізм. Штогод яны знаходзяць сусьветныя тэндэнцыі, якія сьведчаць пра тое, што сьмерць капіталізму і перамога сацыялізму непазьбежныя. Летась гаварылі пра прыход сацыялістаў да ўлады ў краінах Лацінскай Амэрыкі, сёлета — пра сусьветны фінансавы крызіс.

«Калі ў Савецкім Саюзе ты клаў у банк рубель, ці дзесяць рублёў, то і празь дзесяць гадоў яны не абясцэньваліся», — казаў правадыр бальшавікоў. Сёньняшнюю сытуацыю ў краіне ён назваў «перамогай контррэвалюцыі», але крызіс усё расставіць на свае месцы.

Бальшавікі ж пасьля Леніна пайшлі да бюсту Дзяржынскага.

Апошнім пунктам праграмы было ўскладаньне кветак ад суб’екту АДС Партыі камуністычнай беларускай. Ужо другі год запар яны былі без усялікіх сьцягоў і расьцяжак. Яны проста ўсклалі вянок.

Нікога зь лідэраў не было. Кажуць, што Сяргей Калякін у камандзіроўцы, дзе — не ўдакладнілі, а ягоны намесьнік Валеры Ўхналёў у гэты дзень ускладаў таксама кветкі да помніку Леніна — праўда, у Капэнгагене.

Былі чуткі, што на акцыі павінны былі зьявіцца сябры «Маладога фронту» з транспарантам «Патрабуем суду над камунізмам», але ўсё прайшло ціха.

ПКБоўцы былі адзінымі, хто пасьля Леніна разышоўся па дамах, а не накіраваліся да іншых лідэраў рэвалюцыі.

Такі вось традыцыйны фармат 7 лістапада.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме