22:00 31.10.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Рэінкарнацыя даносу
20:13, 31 Октября | Сяргей Дубавец,
Бывае, рэжа слых ня тое, што пачуў, а тое, чаго не сказалі. У наўмысным замоўчваньні часам болей крыку, чым у самай энэргічнай прапагандзе.
Вось чаму замоўчваньне ў СМІ фактаў сталінскіх забойстваў пакідае сталае ўражаньне подласьці.
Характэрны прыклад – абрэзаныя цэнзурай біяграфіі людзей. Дыктар тэлебачаньня ў каляндарнай рубрыцы 20 кастрычніка чытае біяграфію археолага Сяргея Дубінскага – нарадзіўся, працаваў, дасьледаваў... Ну, словам, быў нехта нейкі такі. Стандартны абзац узяты з інтэрнэту. Але ўсе стандартныя абзацы пра Дубінскага ў інтэрнэце заканчваюцца трагедыяй — тым, што Дубінскі разам з калегамі Каваленем і Ляўданскім быў расстраляны ў 1937 годзе ў Курапатах, дзе ад сучаснага пакаленьня археолагаў ім пастаўлены помнік — вялікі дубовы крыж.
Зразумела, што гаворка пра заснавальнікаў беларускай акадэмічнай археалогіі неяк ня вяжацца з тым, што аднойчы ўпаўнаважаны НКВД, два класы адукацыі, на краі курапацкай ямы пусьціў гэтым заснавальнікам кулю ў патыліцу. Гучыць дзіка. Але так было. Навошта гэта замоўчваць? — хацеў бы я спытацца ў таго, хто на тэлебачаньні вырэзвае зь біяграфій славутых землякоў радкі пра іх пакутніцкую сьмерць.
Гісторык Ігар Кузьняцоў пра тое самае кажа ў сваім нядаўнім інтэрвію на сайце “Заўтра тваёй краіны”. Маўляў, сёлета ніводзін студэнт ня здолеў адказаць яму на пытаньне “Што такое Курапаты?” Курапаты – нямодная тэма. Прычым ня толькі ў афіцыйных, але і ў незалежных СМІ.
Самае загадкавае – адкуль бярэцца гэты імпульс? Ігар Кузьняцоў ня ведае: “Узьнікае пытаньне: каму гэта выгадна? На гэтае пытаньне я сёньня адказаць не магу. Цяперашнія кіраўнікі дзяржавы ня маюць ніякага дачыненьня да работнікаў НКВД, якія тварылі гэтыя беззаконьні ў 30-40-х гадах мінулага стагоддзя, і не зьвязаныя роднаснымі сувязямі, што было б хоць нейкім тлумачэньнем такой сытуацыі. У тым жа і пытаньне, што незразумела, адкуль гэта ўсё сыходзіць, каму і навошта гэта патрэбна, калі столькі гадоў прайшло. Даўно трэба было сказаць праўду, аддаць даніну павагі палеглым і паставіць тым самым кропку ў гэтай шматгадовай гісторыі”.
Няведаньне пра сталінскія рэпрэсіі – гэта ня простая адсутнасьць ведаў. Яму спадарожнічае раздражненьне: “Ды колькі можна пра гэта!” Мабыць, таму й ня ставіцца ў гэтай гісторыі кропка.
Ёсьць людзі, у якіх любая згадка пра ахвяраў сталінізму выклікае істэрыку. Ім не абавязкова сто гадоў, яны не абавязкова служаць у КГБ, у іх не абавязкова “ніхто не пацярпеў”. Што ж тады? Найбольш верагодна – кроў.
І тады, у 1937-м, напэўна, тое, зь якога боку ты апынуўся, вызначала кроў. Не нацыянальныя, сацыяльныя ці адукацыйныя яе “інгрыдыенты”, а больш прымітыўны падзел чалавечае прыроды на людзі-нелюдзі. У прынцыпе ўвесь гэты канфлікт адбываўся на жывёльным субстраце чалавека – за кроў. А таму і вызначала яго кроў.
Ведаеце такі выраз – “прыстойны ад прыроды чалавек”? Тады пагадзіцеся і на існаваньне антыпода – “непрыстойны ад прыроды чалавек”. Першы кіруецца маральнасьцю, а другі кажа, што мараль на хлеб не намажаш і ў стакан не нальеш. Амаль за кожным даносам оперу стаіць матэрыяльная матывацыя – вызваленьне прасторы. Я цябе не ненавіджу, я проста хачу, каб цябе не было. Усе, хто катаваў і расстрэльваў ні перад кім не вінаватых людзей з завязанымі рукамі, былі ўжо пасьля – яны частка малоха, сэлекцыйнай машыны ўлады, што ператварала чалавечую масу ў аднастайны фарш шчасьлівага савецкага чалавека. Тут усё зразумела. Сталін і яго агрэгат ГУЛАГ. Дзікі Коба апынуўся на троне і пачаў хацець, каб мільёнаў людзей не было – усіх гэтых вучаных і спраўных гаспадарыкаў. Але ні машыны дый Сталіна не было б, калі б не было інстытуцыі даносу. Зь яго ўсё пачыналася. Тут таксама – спачатку было слова.
Вось чалавек сабе й чалавек. Але нешта ж пабуджае яго “пісаць” на суседа. Што? Ён ніколі вам не растлумачыць. І ніхто не растлумачыць. Бо надта ж прымітыўная разгадка – кроў, драпежніцкі гон, памеціць тэрыторыю, вызваліць прастору...
Замоўчваньне сталінскіх расстрэлаў – рэінкарнацыя даносу. Энэргіі подласьці ў гэтым маўчаньні ня менш, чым у нагаворы й крыклівым паклёпе.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме