20:00 24.10.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Гамбіт на дзьвюх дошках
18:25, 24 Октября | Аляксандар Класкоўскі,
Ля "Ямы" Аляксандар Лукашэнка стрымана пахваліў Брусэль, што прыпыніў санкцыі. Цяпер, маўляў, бар’еры зьнятыя. Паабяцаў "вялікія крокі" ў Эўропу. Але тут жа зноў назваў беларусаў адным народам з расейцамі. І адзначыў, што ад Масквы залежыць постсавецкая інтэграцыя.
Стала ўжо агульным месцам казаць, што Лукашэнка манэўруе між Масквой і Захадам, але гэта менавіта так. Тысячу разоў здавалася, што абсягу для манэўру не засталося. Але кожны раз яму шэнціла праскочыць.
Вось і зараз, на першы погляд, прыціснулі з абодвух бакоў так, што не прадыхнуць.
Ацэнім пагрозы з усходу. Найвышэйшая рада "саюзнае дзяржавы" 3 лістапада можа разгледзець праект канстытуцыйнага акту. На тым жа пасяджэньні Расея хацела б падпісаць дамову пра адзіную СПА. Выкручваюць рукі з прызнаньнем мяцежных грузінскіх правінцый. Палохаюць дарагім газам і жорсткімі ўмовамі крэдыту. Точаць зубы на беларускія актывы.
А цяпер дыспазыцыя з боку Брусэлю. Неўзабаве прыляціць місія ад Саляны, каб маляваць "дарожную карту". Эўразьвязаўскім дзеячам, закіданым камянямі з лягеру беларускай апазыцыі, трэба неяк захаваць твар і давесьці, што яны не цынічныя філістэры, якім прадаць высокія ідэалы за кавалак прыватызацыйнага пірага — як раз плюнуць. Карацей, калі за паўгоду Менск ня зробіць крокаў у кірунку дэмакратызацыі, санкцыі аўтаматам адновяцца.
Але калі раскласьці сытуацыю па палічках, аказваецца, што ў Лукашэнкі ёсьць неблагія магчымасьці згуляць на дзьвюх дошках.
Канстытуцыйным актам найхутчэй што проста даюць адчэпнага Маскве, каб надта не крыўдавала за каўкаскія справы. Сьпікер Папоў кажа, што дапрацаваны нарэшце праект грунтуецца на вялікай дамове 1999 году. А ў ёй — поўны парытэт. Менавіта да гэтай дамовы заўжды апэлюе Лукашэнка, калі Крэмль спрабуе ўзяць за горла. Што да прызнаньня Паўдзённай Асэтыі ды Абхазіі, дык той самы Папоў чакана выказваецца ў гумава-бюракратычным духу: пытаньне будзе разглядацца "плянамерна ды ўзважана".
Імавернае прызнаньне Цхінвалу ды Сухуму (менавіта так, на перайначаны манэр) плюс дамова пра адзіную СПА і замова на будаўніцтва АЭС — тавары, на якія Менск зараз набівае цану. Пакет можа прадавацца часткамі. Сюжэт торгу будзе залежаць ад таго, на якіх умовах Масква пагодзіцца даць газ і крэдыт. Дарэчы, цана газу пры канцы году і паводле эўрапейскай формулы можа аказацца не завоблачнай, бо зараз патаньнела нафта, да якой прывязаныя разьлікі.
Дадамо, што развагі Лукашэнкі ля "Ямы" пра тое, што "дынаміка інтэграцыйных працэсаў на абсягу СНД залежыць ад пазыцыі Расіі", — мякка кажучы, неадназначныя. "Пакуль Расея ня будзе пазыцыянаваць сябе як сапраўдны цэнтар, да тае пары ніякай рэальнай інтэграцыі не атрымаецца". Падтэкст просты: хочаце ляяльнасьці — праплочвайце.
Як бачым, на ўсходнім кірунку у Менску ёсьць варыянты. На заходнім — таксама. Наўрад ці, заваяваўшы там пляцдарм, беларускае кіраўніцтва наважылася тупа здаць яго цераз паўгоду. Іншая рэч, што і тут пачнецца вязкі торг. Імітаваць збліжэньне і атрымліваць бонусы за імітацыю Менск выдатна навучыўся на мадэлі "славянскай інтэграцыі".
Канечне, эўрапейцы запатрабуюць хоць якой канкрэтыкі. Ну што ж, калі ласка, атрымайце мараторый на сьмяротнае пакараньне! Дарэчы, верасьнёўскае апытаньне НІСЭПД засьведчыла, што беларуская грамадзская думка спакваля набліжаецца ў гэтым пытаньні да эўрапейскай. Праціўнікаў і прыхільнікаў сьмяротнае кары ў нас ужо амаль што пароўну: 44,2% супраць 47,8%. Нагадаю, на рэфэрэндуме-96 супраць скасаваньня выказаліся болей за 80%.
Галоўны жа для вярхоў чыньнік: такі крок аніяк не пахісьне палітычную сыстэму, а вось зацыклены на гуманізьме Стары Сьвет кране. Фактычна можа стаць пропускам у Раду Эўропы (тым болей што фігуранты прагучалага ў сьценах ПАРЭ дакладу Пургурыдэса спакваля прыбіраюцца з вачэй).
Далей. Калі ўжо Эўропа так пераймаецца мэдыйнай праблематыкай, то, на думку экспэрта Андрэя Фёдарава, улада можа пайсьці на вяртаньне рэпрэсаваных газэтаў у шапікі ды каталёгі. Прыдушаным, выбітым з каляіны недзяржаўным выданьням будзе ня так проста акрыяць, набраць крытычную масу ўплыву. Тым болей што застанецца шмат вагароў, каб стрымліваць незалежныя мэдыі.
Ну а ўдасканаленьне Выбарчага кодэксу могуць па-майстэрку ператварыць у аналяг распрацоўкі канстытуцыйнага акту. Маўляў, хутка толькі коткі плодзяцца…
Так што магчымасьці весьці сэанс адначаснай гульні на дзьвюх дошках у беларускага кіраўніцтва ёсьць. "Варыянтаў гульні нават более, хоць павялічваюцца і пагрозы", — адзначае палітоляг Валер Карбалевіч.
Дадамо: сам факт гульні на дзьвюх дошках падвышае магчымасьці Менску набіваць сабе цану. Масква засьцерагаецца перагнуць кій, Брусэль — таксама.
Між тым на фоне "эўрапейскай здрады" ладная частка палітычнай апазыцыі пачуваецца як смоўж бяз ракавіны. Яна працягвае выліваць крыўды на "эўрапейскіх філістэраў" ды "пілаваць пілавіньне". Адзіная слушная ідэя — апэратыўна распрацаваць пакет дэмакратычных паправак у Выбарчы кодэкс, каб улада не апярэдзіла з цалкам дэкаратыўным варыянтам. Але патрэбная татальная мазгавая атака: як увогуле зрабіць апгрэйд палітычнай альтэрнатывы?
Выглядае на тое, што ў партыях перасталі разьлічваць на рэальную барацьбу за ўладу. Маўляў, адзіны кандыдат не актуальны, бо выбараў найхутчэй што ня будзе. Карацей, "ня верым, ня можам, не пераможам".
Ідэя зладзіць дэфіле партыйных топ-мадэляў з даўгімі шлейфамі адмоўных рэйтынгаў апрыёры асуджае тытульную апазыцыю на гульні ў сваёй пясочніцы. А трэба ўжо дарастаць і да шахматаў.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме