19:15 20.10.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Заява ГА «БАЖ» у сувязі з апошнімі фактамі прымянення заканадаўства ў сферы СМІ

17:51, 20 Октября |

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае глыбокую занепакоенасць у сувязі з тэндэнцыямі развіцця беларускага заканадаўства ў сферы свабоды выказвання і практыкай яго прымянення.

1 кастрычніка Генеральная пракуратура, Камітэт дзяржкантролю, МУС, КДБ і Міністэрства юстыцыі сумеснай пастановай фактычна абмежавалі прадастаўленне сродкам масавай інфармацыі звестак па крымінальных справах, звязаных са злачынствамі, якія атрымалі шырокі грамадскі розгалас, і злачынствамі, якія падрываюць аўтарытэт дзяржаўнай улады. З гэтай пастановы вынікае, што па справах, якія выклікаюць найбольшую грамадскую цікавасць, у СМІ мусіць быць прадстаўлены толькі афіцыйны пункт гледжання.

ГА «БАЖ» звязвае з’яўленне гэтага нарматыўнага акту з абгрунтаванай крытыкай праваахоўных органаў па некалькіх «гучных» справах апошняга часу. Звяртаем увагу, што некаторыя з такіх спраў (як, напрыклад, пра «жывы шчыт») проста не былі б даведзеныя да суда, калі б не грамадскі рэзананс.

Абмежаванні, устаноўленыя сілавымі ведамствамі і Мінюстам, накіраваныя на вывядзенне дзейнасці праваахоўных органаў з-пад грамадскага кантролю менавіта па тых справах, якія больш за ўсё непакояць грамадства, у тым ліку — карупцыйных.

Пры гэтым у пастанове, на наш погляд, выкарыстоўваюцца фармулёўкі, якія не адпавядаюць закону. Гэтак, яна дапускае прадастаўленне звестак па незавершаных вытворчасцю судовых справах толькі з пісьмовага дазволу суддзі, у вытворчасці якога знаходзіцца справа. Між тым, у законе «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» такое абмежаванне дзейнічае толькі ў дачыненні да матэрыялаў судовых спраў.

Відавочна пашыранае тлумачэнне закона і спроба вышэйназваных структур рэгламентаваць дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі, што ў іх кампетэнцыю не ўваходзіць.

Яшчэ большую трывогу ў апошні час выклікае практыка прымянення беларускага заканадаўства ў сферы СМІ. Узбуджэнне па ініцыятыве УКДБГродзенскай вобласці шэрагу спраў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі з’яўляецца прыкладам крайне абмежавальнага і нават абсурднага стаўлення да свабоды слова. Рашэнні судоў аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі, вынесеныя без папярэдняй экспертызы, з’яўляюцца надзвычай небяспечнымі ў сувязі з магчымасцю далейшага крымінальнага пераследу грамадзян на падставе закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» нагадвае, што свабода слова — не толькі фундаментальнае права чалавека, але і крытэрый выканання ўсіх астатніх яго правоў. Спробы абмежаваць свабоду слова і права на інфармацыю часцей за ўсё сведчаць пра жаданне схаваць парушэнні іншых асноўных правоў і свабод чалавека.

ГА «БАЖ» лічыць, што абмежаванні свабоды выказвання не адпавядаюць дэклараванай гатоўнасці беларускіх уладаў весці дыялог з Еўропай і грамадствам і супярэчаць Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь, а таксама міжнародна-прававым абавязацельствам нашай дзяржавы.

Заклікаем дзяржаўныя органы і службовых асобаў кіравацца палажэннямі Асноўнага Закона і адмяніць альбо не прымяняць нарматыўныя акты, што не адпавядаюць яго палажэнням.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме