16:00 20.10.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Чатыры гады таму забілі Вераніку Чаркасаву
14:31, 20 Октября |
20 кастрычніка спаўняецца чатыры гады з дня забойства Веранікі Чаркасавай - беларускай журналісткі, якая апошнія гады свайго жыцця працавала ў недзяржаўнай газеце «Салідарнасць».
У пачатку кастрычніка кіраўнік следчага аддзелу пракуратурыг. Мінска Сяргей Іваноў у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» зазначыў, што следства не можа паведаміць нічога новага па справе, а расследаванне па-ранейшаму прыпынена. Па інфармацыі БАЖ, апошняе прыпыненне расследавання з фармулёўкай «у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага» адбылося ў лютым 2007 г.
Тым не менш, сям’ю Веранікі дагэтуль турбуюць следчыя. 8 кастрычніка маці Веранікі Дыяну Чаркасаву і айчыма Уладзіміра Мялешку выклікалі на допыт у Першамайскі РУУС г. Мінска. У той жа дзень у іх кватэры з санкцыі пракурора Першамайскага раёна быў праведзены ператрус. У кватэры шукалі, як заявілі супрацоўнікі РУУС, «зброю, наркотыкі, скрадзеныя рэчы». У выніку ператрусу нічога не забралі. На допыце ў Дыяны Чаркасавай і Уладзіміра Мялешкі распытвалі, дзе зараз знаходзіцца сын журналісткі Антон Філімонаў.
«Антон зараз жыве за мяжой. Ён вымушаны быў выехаць, бо было відавочна, што следства ўсё роўна вяртаецца да яго ўвесь час як да галоўнага "кандыдата на падазраванага“. Чатыры гады яны не шукалі сапраўдных злачынцаў, а рыхтавалі глебу для таго, каб звязаць забойства Веранікі з Антонам», — лічыць Дыяна Чаркасава, маці Веранікі.
«Мы чатыры гады таму страцілі дачку, а цяпер фактычна згубілі ўнука, з якім не можам нават падтрымліваць нармальную сувязь. І ў такой сітуацыі "візіты“ з ператрусамі і выклікі на допыты выглядаюць здзекам са старых людзей. Мы не можам паведаміць следству нічога новага», — дадае Д. Чаркасава.
20 кастрычніка журналісты ўскладуць кветкі на могілках у Калодзішчах, дзе пахаваная Вераніка. Ад’езд ад гарадской ратушы на асабістым транспарце ў 13.30.
Журналістка недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 г. у сваёй кватэры ў Мінску. Яе цела са шматлікімі нажавымі раненнямі знайшлі 15-гадовы сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка.
На допыце 19 лістапада ім паведамілі, што са сведкаў яны сталі падазраванымі. У пастанове пракуратуры было пазначана, што аператыўным шляхам атрыманая інфармацыя, якая сведчыць пра дачыненне Філімонава і Мялешкі да забойства журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе.
Толькі 18 красавіка 2005 г. начальнік следчага аддзела Пракуратуры г. Мінска С. Іваноў вырашыў спыніць крымінальны пераслед Антона Філімонава і Уладзіміра Мялешкі«за адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства».
З таго часу следства некалькі разоў аднаўлялі і зноў прыпынялі з адной фармулёўкай: «у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага».
Між тым, журналісцкае расследаванне, праведзенае журналістам Сяргеем Сацуком, дае падставы меркаваць, што забойства В. Чаркасавай здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе. Артыкул С. Сацука называўся «Страх как достаточное основание, или Кто расправился с Вероникой Черкасовой?»
Яшчэ адна «прафесійная» версія была вылучана журналістамі Творчай майстэрні «Агенцтва журналісцкіх расследаванняў» у артыкуле «Цена жизни», які з’явіўся ў красавіку 2006 г. Па меркаванні аўтараў публікацыі, Вераніка, сама таго не ўсведамляючы, магла трапіць на самы «гарачы край» барацьбы паміж дзвюма кланавымі групаўкамі краіны і магла валодаць інфармацыяй, апублікаванне якой пагражала аднаму з канфліктуючых бакоў стратай вялікіх грошай.
З красавіка 2006 г. у Інтэрнеце працуе сайт, прысвечаны справе аб забойстве Веранікі Чаркасавай: http://www.veronikacherkasova.org На сайце змяшчаецца інфармацыя датычна ходу расследавання яе забойства, публікацыі на гэтую тэму ў беларускай і замежнай прэсе, заявы беларускіх і міжнародных арганізацый па гэтай справе і г.д.
Ссылки по теме:- 20.10.2005 -
- 21.10.2004 -
- 19.10.2007 -
- 23.10.2004 -
- 03.02.2006 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме