16:01 08.10.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Карт-блянш на чацьверты тэрмін
14:21, 8 Октября | Аляксандар Класкоўскі,
Пакуль апазыцыя пілуе пілавіньне, кіраўнік дзяржавы ўжо рыхтуецца да новых выбараў.
Апошнія сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі склалі сымбалічную трыяду. Кожны раз афіцыйны лідэр гаварыў тое, што ад яго хацелі пачуць.
У панядзелак ён запэўніў Пуціна, што сяброўствам з Расеяй гандляваць не зьбіраецца. Назаўтра выліў бальзам на душу фіну Стубу, дзейнаму старшыні АБСЭ. Маўляў, мы гатовы на любыя дачыненьні з Эўропай (во як, ні многа ні мала!). Ну а яго, спадара Стуба — за тое, што ўгледзеў прагрэс на нашых выбарах — гатовы бачыць пажыцьцёвым кіраўніком гэтай панэўрапейскай інстытуцыі.
А паміж гэтымі разнавэктарнымі дэклярацыямі была сустрэча зь вярхоўкай КДБ. І там панавала думка, што Эўропа Эўропай, дыялёг дыялёгам, а расслабляцца, хлопцы, ні ў якім разе нельга.
І менавіта гэтая тэза гучала найболей шчыра ды пераканаўча.
Прызначыць фіна Стуба пажыцьцёвым кіраўніком АБСЭ — зразумела, з разраду дабрадушнага гумару. А вось для Беларусі сцэнар пажыцьцёвага прэзыдэнцтва цалкам імаверны. Пакуль тытульная апазыцыя ладзіць свае імітацыйныя кампаніі (што байкоту, што ўдзелу), Лукашэнка ўсё падпарадкоўвае звышмэце захаваньня ўлады.
Зараз у якасьці імавернай пэрсанальнай альтэрнатывы яму называюцца ў асноўным палітыкі, рэйтынг якіх — у межах статыстычнае памылкі. І патэнцыял раскруткі — скажам шчыра — мінімальны, бо за кожным цягнецца ўжо неадчэпны шлейф паразаў ды рэпутацыйных хібаў.
Новую ж фігуру, па-першае, яшчэ пашукаць трэба. Па-другое — а ці захочуць партыі "працаваць на дзядзьку"? Па-трэцяе, а як раскруціць тую альтэрнатыву ва ўмовах амаль што непадзельнай мэдыйнай манаполіі ўлады?
Па-чацьвертае, і гэта самае прыкрае, гаворкі пра стратэгію, пра сутнасны апгрэйд палітычнай альтэрнатывы ў лягеры апазыцыі не чутно. (Калі я недачуў, падкажэце.) Здаецца, пакуль што не прыдумана нічога лепшага, як зладзіць інфармацыйную кампанію датычна тлумачэньня несправядлівасьці мінулай электаральнай кампаніі (!). Дэйл Карнэгі называў гэта "пілаваць пілавіньне".
Між тым дзейны кіраўнік дзяржавы ўжо напоўніцу рыхтуецца да наступных выбараў. Таму і абраны варыянт стэрыльнага парлямэнту, нават безь мікрадозы апазыцыйнасьці.
І ня трэба тут аналітыкам надта ламаць галовы: чаму ж было вырашана "кінуць" заходнікаў? Яшчэ не ставала, каб у заканадаўчым органе ўскочыў фурункул кшталту колішняй групы "Рэспубліка"! Пляцдарм сыстэмнай крамолы абсалютна недарэчны, калі трэба афармляць чарговую элегантную перамогу. І таму надзеі Эўропы раскруціць Менск на паўзучую дэмакратызацыю празь якую-небудзь "дарожную карту" выглядаюць прывіднымі.
Дарэчы, зьвярнеце ўвагу: Лукашэнка ўжо маральна рыхтуе Захад да свайго чацьвертага тэрміну, акцэнтуючы ўвагу на асаблівасьцях айчынных палітычных традыцый ды згадваючы пра англійскую каралеву. Гэтаксама ён папярэджваў заходнікаў перад 28 верасьня: новы парлямэнт вам не спадабаецца. Але Эўропа ўсё сакатала пра станоўчыя сыгналы.
Зрэшты, і працягвае сакатаць. Калі Менску пашэнціць зацягнуць пэрыяд манэўраваньня між Масквой і Брусэлем, ператварыць тую "дарожную карту" ў беспамерна-гумавы аналяг "братняй інтэграцыі", то цяперашні кіраўнік Беларусі дэ-факта можа атрымаць ад Захаду карт-блянш на чацьверты тэрмін. А калі і не атрымае, то гэта наўрад ці што зьменіць у ягоных плянах.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме