18:15 07.10.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Адстаўка Паўлічэнкі як сігнал Захаду

15:18, 7 Октября | Кірыла Пазняк,

На фота:Гэткага атачэння ў Паўлічэнкі больш не будзе

Адсоўванне Зміцера Паўлічэнкі ад кіраўніцтва спецназам стала ў адзін шэраг з адстаўкай Віктара Шэймана з пасады дзяржсакратара Савета бяспекі. Абодва падазраюцца ў датычнасці да гучных знікненняў апазіцыянераў – і іх звальненні можна расцаніць як рашэнне беларускіх уладаў дагадзіць Захаду у межах дыялогу дзеля нармалізацыі адносін.

Калі гэта сапраўды сігнал ЕС і ЗША, то разам з вызваленнем палітзняволеных сведчыць пра тое, што Аляксандр Лукашэнка вырашыў здзяйсняць чаканыя ад яго саступкі ў асноўным па персаналіях, якія сталі па-своеасабліваму культавымі ў дэмакратызацыйных памкненнях Захаду і апазіцыі.

Адстаўкі адыёзных постацяў, якіх усё адно, хутчэй за ўсё, няблага працаўладкуюць, і вызваленні апазіцыянераў, якім “прышылі” крымінальныя справы, – адначасова канкрэтны і сімвалічны вонкавы вынік дэманстраванага дыялогу. І рызыкі тут ніякай: пасля адставак Шэймана і Паўлічэнкі рэжым не абрынуўся і не абрынецца, а з вызваленнем таго самага Казуліна апазіцыя не стане сілай.

“Цяжка сказаць, якая сістэма прыярытэтаў у патрабаваннях і пажаданнях Захаду. Хутчэй Лукашэнка выбірае, якія з іх задаволіць. І пры гэтым інстынктыўна ці свядома сыходзіць з тэорыі асветнага аўтарытарызму з яго адрозненнем грамадзянскіх і палітычных свабодаў. Першыя — гэта свабода грамадзянаў, людзей ад умяшальніцтва дзяржавы, другое — права грамадзянаў фармаваць уладу, фігуральна кажучы, іх права на ўмяшальніцтва ў справы дзяржавы. Па гэтай другой пазыцыі саступкі выключаныя, што і паказалі выбары. А па першай пазыцыі магчымыя: быў Казулін і іншыя за кратамі, умешвалася дзяржава тыкім чынам у іх жыццё — зараз яны на волі, ўмяшальніцтва зменшылася. Займалі адказныя пасады асобы, падазраваныя ў такім "умяшальніцтве” ў жыццё грамадзянаў, як забойства, зараз іх з гэтых пасадаў прыбралі, накіраваўшы пасланне, што такія формы ўмяшання больш практыкавацца не будуць”, — сказаў у інтэрв’ю сайту “Мы” палітолаг Юрый Дракахруст.

Дарэчы, па нашай інфармацыі, беларускія ўлады праз актыўнага дыялогавага пасярэдніка, нямецкага пасла Гебхарда Вайса паабяцалі Захаду, што пасадак паводле крымінальнага пераследавання апазіцыянераў больш не будзе.

“Не сказаць, што гэта так ужо сімвалічна для Казуліна, Парсюкевіча, Кіма, для тых, хто мог раздзяліць лёс Ганчара, Красоўскага, Захаранкі і Завадскага. Іншая справа, што гэта не мяняе прыроду беларускай палітычнай сістэмы, гэта не змены, а міласці, змяншэньне ціску на грамадства. Але пытанне — ці магчыма дамагчыся ад аўтарытарнай сістэмы нечага большага выключна вонкавым ціскам?” – разважае аналітык.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме