11:16 18.09.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Артур Финькевич: <br> Заклікаю забыцца на ўнутраныя праблемы i спыніць пошук ворагаў у сваім асяродку
09:47, 18 Сентября |
Малады Фронт заклiкае забыцца на ўнутраныя праблемы i выйсьцi разам на Кастрычніцкую плошчу 28-го верасьня! Аб гэтым напiсана ў паведамленнi, распаўсюджаным сёньня ад iмя намесьніка старшыні Маладога Фронту Артура Фінькевіча.
Дарагія сябры!
Зьвяртаюся да Вас ад свайго асабістага імя і ад імя маладафронтаўцаў, якім неабыякавы лёс Маладога Фронту і Бацькаўшчыны.
Апошнім часам узмацніліся і пачасьціліся выпадкі правакацыяў у дачыненьні да нашай арганізацыі з боку спэцслужбаў. Зьвязана гэта найперш з тым, што Малады Фронт апошні беларускі моладзевы рух, які стала дзейнічае ў краіне, не зважаючы на пастаянныя рэпрэсіі.
У той жа час мы прызнаем, што маем у арганізацыі спрэчныя пытаньні і некаторыя праблемы, зьвязаныя з розным тактычным бачаньнем маладафронтаўскае працы. Але хто ня мае такога кшталту праблемаў? Такіх праблемаў ня маюць толькі тыя супольнасьці людзей, якія ня маюць і саміх людзей.
Таму, не зважаючы на тактычныя разыходжаньні мы заяўляем, што любыя непаразуменьні ў МФ вырашаем адкрыта і галосна, карыстаючыся дэмакратычнымі мэтадамі.
Але я заклікаю зараз забыцца на ўнутраныя праблемы, спыніць пошук ворагаў у сваім асяродку і скончыць унутраныя чысткі ды разборкі. Вораг у нас адзін – апошні дыктатар Эўропы. І менавіта на перамогу над дыктатурай мы мусім пакласьці усе свае сілы і здольнасьці.
Менавіта 28 верасьня у 20.00 на Кастрычніцкай плошчы мы мусім быць усе разам, каб ТАМ паказаць усе свае здольнасьці, а не ў кабінетах альбо на старонках газэт.
Заклікаю ўсіх – як журналістаў, так і сваіх паплечнікаў не распаўсюджваць і не камэнтаваць ўсялякага кшталту плёткі і ананімныя ілжывыя сьведчаньні, каб не пакідаць правакатарам ніякай магчымасьці спадзявацца, што нехта пачне апраўдвацца, абвінавачваючы сваіх паплечнікаў па барацьбе.
Кожны з нас прыкладаў і будзе прыкладаць усе высілкі дзеля яднаньня і ўмацаваньня Маладога Фронту на падмурку нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў! Дзеля здабыцьця вольнай і незалежнай Бацькаўшчыны.
Да сустрэчы 28 верасьня ў 20.00 на Кастрычніцкай плошчы беларускае сталіцы!
Разам мы пераможам!
Жыве Беларусь!
Намесьнік старшыні Маладога Фронту
Артур Фінькевіч
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме