16:00 02.09.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Дзяніс Садоўскі: "Трэба вярнуць людзям веру ў перамены"
09:08, 2 Сентября | Пётр Кухта,
За апошні год Дзяніс Садоўскі, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, арганізваў і быў удзельнікам шэрагу сацыяльных кампаній. На ягоную думку, прыйшоў час узяць удзел і ў кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў. Садоўскі збіраецца балатавацца ў парламент і лічыць, што яму ёсць што сказаць суграмадзянам.
- Дзяніс, чаму ўсё ж Вы вырашылі ўключыцца ў гэту выбарчую кампанію?
- Асноўная мэта майго ўдзелу ў выбарах – гэта перамога ў сэрцах людзей. Гэта тое, да чаго я імкнуся, і тое, чаго я буду дабівацца разам са сваёй камандай. З хрысціянамі, якія мяне падтрымліваюць, а таксама з людзьмі, якія проста неабыякавыя да краіны, да хрысціянскіх, да кансерватыўных каштоўнасцяў. Галоўная задача, якую я бачу перад сабой - вярнуць людзям веру ў перамены. Гэта значыць тое, што перамен можна дасягнуць, што паказваюць і нашы паспяховыя кампаніі.
- А якія кампаніі Вы лічыце ўдалымі?
- Зусім нядаўна, прыкладам, актывісты, які ўваходзяць у аргкамітэт па стварэнні БХД, праводзілі кампанію па забароне рэкламы экстрасэнсаў, астролагаў і майстраў таро ў СМІ. І гэта прынесла вынікі! Так, у чэрвені гэтага года парламент унес у закон дапаўненне, якім забараняецца рэкламу акультных паслуг. Кіраваў кампаніяй менавіта я - і лічу гэты поспех доказам таго, што і ў цяперашніх умовах грамадскасць здольная нешта змяніць у дзяржаве.
Ну і нельга не ўспомніць кампанію па збору подпісаў аб змяненні рэлігійнага заканадаўства. Цэрквы сабралі больш за 50.000 подпісаў, што таксама для нашых умоваў вельмі і вельмі няблага. І гэта подпісы, якія не прапалі і не прападуць, гэта подпісы, якія будуць перш за ўсё выкарыстаныя, калі сітуацыя зменіцца. І я веру, што адным з першых законаў будзе зменены закон аб свабодзе сумлення.
- Што на Ваш погляд замінае тады прыйсці пераменам у грамадства?
- Нельга мірыцца з хлуснёй. Яна ёсць паўсюль, большасць людзей бачыць, што адбываецца навокал, але яны маўчаць. Я хацеў бы давесці людзям, што маўчанне – гэта горш, чым дзейнае зло. Бо, як сказаў адзін сапраўды разумны чалавек, для таго, каб зло прагрэсавала, дастаткова, каб добрыя людзі проста нічога не рабілі. А гэта як раз тое, што цягам некалькіх гадоў адбываецца ў нашай краіне. Добрыя людзі – альбо працуюць не так як след, альбо зусім маўчаць, а зло працягвае свае дзеянні. Я веру ў тое, што калі добрыя людзі аб’яднаюцца, то сітуацыю можна змяніць. Людзі, якія ведаюць, чаго яны хочуць, ведаюць, што адбываецца ў нашай краіне.
За тое, што адбываецца зараз у нашай краіне, адказны кожны з нас. Адказны і я ў тым ліку, бо, магчыма, не зрабіў цалкам тое, што павінен быў зрабіць. Не працаваў так эфектыўна, як павінен быў працаваць. Адказны кожны з нас, нельга так казаць, што вось адказны ён, адказны прэзідэнт, адказны міністр, адказны чыноўнік – адказны кожны за тое, што маем. Таму мы павінны перагледзіць усё, што мы рабілі дагэтуль, і пачаць працаваць сапраўды не на паказ, а на змену сітуацыі ў краіне. Трэба паказаць людзям, што яны могуць дасягнуць перамен, але пры гэтым падкрэслю, што без веры ў Госпада гэтых змен дасягнуць немагчыма.
Кожны чалавек, які верыць у Госпада, гэта ёсць агеньчык, які асвятляе цемру вакол яго. Але па-аднаму гэтыя агеньчыкі не маюць поўнай сілы, якая ёсць у паўнавартаснага агню. Таму я бачу мэту сваё кампаніі – аб’яднаць асобныя агеньчыкі і запаліць моцны агонь тых людзей, якія вераць у Госпада, вераць у перамены для нашай краіны. Як говорыцца ў Святым пісанні: “Вы ёсць святло для гэтага свету”. Хочацца, каб мы той агонь веры распаўсюдзілі на іншых людзей, з якімі будзем размаўляць. Агонь веры ў тое, што ўсё небезнадзейна ў Беларусі. Наша пасланне ідзе да сэрцаў людзей. Зноў жа ў Святой кнізе гаворыцца, што адзін чалавек, які верыць у Госпада, зможа перамагчы тысячу, а двое – змогуць перамагчы цемру. У нашай краіне сапраўды цемра, якую мы зможам перамагчы толькі разам. Я веру, што пасля гэтага мы зможам прынесці нашай краіне сапраўдныя хрысціянскія стандарты, і Беларусь стане заможнай і незалежнай. Мы бачым новую Беларусь як дэмакратычную краіну, якая стаіць на хрысціянскім кансерватыўным падмурку.
- Не баіцеся “абвінавачанняў” у залішняй маладосці для дэпутацтва?
- Так, шмат хто кажа: “Дзяніс, куды ты ідзеш? Табе толькі 25 год – ці не зарана ты пачаў?”. Я веру, што маладосць – гэта не грэх, гэта не загана. Маладосць – гэта перавага, якую мае чалавек. Бо ён актыўны, бо ён яшчэ верыць у тое, што ён робіць, у тое, што ягоныя дзеянні – небезнадзейныя. Тое, што я пайшоў на выбары, ёсць сапраўды жаданнем майго сэрца данесці да людзей агеньчык веры, надзею на тое, што сітуацыя ў краіне зменіцца толькі тады, калі мы разам пачнем яе мяняць.
- Як стасуюцца мэты актывіста БХД з пасланнем АДС да выбаршчыкаў?
- Асабіста я б дадаў да паслання АДС, ці нават бы крыху перайначыў бы вось што: кантроль над уладай, мне здаецца, гаворыць пра тое, што мы не можам стаць самі ўладай, а будзем толькі спрабаваць яе кантраляваць нейкім чынам. Мне здаецца, гэта трошкі не той пасыл, якім ён павінны быць. Але, канешне, я буду выкарыстоўваць пасланне АДС у сваёй кампаніі.
- Што можаце сказаць пра сваю акругу?
- Праца з людзьмі, лічу, была праведзена неблагая. Мы арганізавалі сацыяльныя кампаніі ў сваёй 103-й Масюкоўшчынскай акрузе, сацапытанні, распаўсюджвалі інфармацыю наконт будучых выбараў, наконт хрысціянскай дэмакратыі. Вось, напрыклад, кампанія “Светлафор” даволі шмат дазволіла нам даведацца пра настроі людзей. Жыхарам раёну неадкладна патрабуецца светлафор альбо падземны пераход на дарозе з інтэнсіўным рухам, якая ідзе праз Кунцаўшчыну са Ждановіч. Шмат хто казаў нам, што там нават гінулі людзі. Мы збіралі подпісы – і людзі падыходзілі літаральна натоўпам, нават прыемна было збіраць. За дзве гадзіны мы сабралі 167 подпісаў, больш таго, людзі прасілі нас пачакаць, каб яны паспелі прывесці сваіх сваякоў, каб тыя таксама распісаліся. І прыводзілі! Гэта паказала, што менавіта хвалюе людзей на месцах. Вось за гэта яны гатовыя змагацца, хаця б пакуль і подпісамі сваімі. Не ўсё безнадзейна ў нашым грамадстве! Дарэчы, зараз выбаршчыкам будзе зусім проста ажыццяўляць зваротную сувязь са мной як з кандыдатам у дэпутаты – у сеціве запрацаваў мой адмысловы сайт .
Даведка:
Дзяніс Садоўскі нарадзіўся 11 чэрвеня 1983 года ў Мінску. Хрысціянін.
Жанаты. У 2002 годзе скончыў Мінскі машынабудаўнічы каледж па спецыяльнасці эканаміст-маркетолаг, у 2006-м - Мінскі інстытут кіравання па спецыяльнасці эканаміст. Працуе начальнікам упраўлення развіцця міжнароднага супрацоўніцтва ТАА КК “Беларусь Капітал Менэджмент” (Масква). Сябра Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.
Арганізатар Кампаніі барацьбы з акультызмам (снежань 2007 года - травень 2008 года), адзін з каардынатараў Кампаніі ў абарону права на свабоду сумлення (сакавік 2007 - травень 2008). Адзін з арганізатараў кампаніі “Пакаянне” (2007), прымеркаванай да 70-й гадавіны піка сталінскіх рэпрэсій і ўшанаванні памяці ахвяр масавых рэпрэсій. Арганізатар шэрагу мясцовых кампаній у Фрунзенскім раёне па добраўпарадкаванні раёна і паляпшэнні ўмоў жыцця.
Досвед працы ў выбарчых кампаніях:
- актыўны сябра штаба А.Мілінкевіча ў прэзідэнцкай кампаніі 2006 года;
- кандыдат у мясцовы савет дэпутатаў на выбарах 2007 года.
Захапленні: здаровы лад жыцця, футбол, рыбалка.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме