00:15 22.08.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“Казулін мае шанцы стаць пэрсанальнай альтэрнатывай Лукашэнку”
22:24, 21 Августа | Віталь Цыганкоў ,
Удзельнікі: журналіст Вадзім Казначэеў і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.
Якія агульныя ўражаньні ад сваёй прэсавай канфэрэнцыі пакінуў Аляксандар Казулін? Ці падаліся пераканаўчымі ягоныя камэнтары і ацэнкі сытуацыі? У чым палітычная пэрспэктыва Казуліна, якую нішу ён можа знайсьці ў цяперашняй палітычнай канфігурацыі?
“Казулін выглядаў лепш, чым я чакаў”
Цыганкоў: “Мы з вамі ўсе прысутнічалі на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Казуліна. Перш чым мы пачнем ацэньваць ягоную палітычную пэрспэктыву, я б папрасіў вас падзяліцца агульным уражаньнем ад Казуліна. Якім вы знайшлі яго пасьля вызваленьня? Ці паказаў ён што не адарваўся ад рэаліяў, ці падаліся вам пераканаўчымі ягоныя камэнтары і ацэнкі, што найбольш запомнілася?”
Казначэеў: “Што да палітычных рэаліяў, то Казулін адарваўся ад іх натуральным шляхам, але мяне парадавала, наколькі хутка ён у іх “уехаў”. Бо прайшло літаральна некалькі дзён, пры тым, што ён першыя дні на волі займаўся сумнымі справамі, пахаваньнем цесьця. Тым ня менш, ягоныя ацэнкі і меркаваньні падаліся мне разумнымі, цьвярозымі і адэкватнымі”.
Цыганкоў: “Што канкрэтна вам падалося найбольш дакладным і палітычна вывераным?”
Казначэеў: “Бачна, што ў Казуліна ёсьць цьвёрдая пазыцыя, што тычыцца сытуацыі ў ягонай партыі БСДП(Г), і што тычыцца выбараў – парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх, і пра тое, што ў дэмакратычны сілаў павінна быць кансалідаваная пазыцыя. Па-мойму, усё гэта прагучала вельмі дакладана”.
Старыкевіч: “Казулін выглядаў лепш, чым я чакаў. Я ня думаў, што ён здолее так хутка і адэкватна ацаніць сытуацыю. Усё ж 2,5 гады за кратамі, цяжкія рэчы выпалі ня ягоную долю сёлета. Шэраг ягоных заяваў, зробленых падчас лютаўскай прэс-канфэрэнцыі, калі ён быў на волі з прычыны пахаваньня жонкі, яны гучалі вельмі неадназначна.
Сёньня гэта быў палітык. Так прыкладна магла гучаць прэсавая канфэрэнцыя любога зь лідэраў АДС – так што ў гэтым сэнсе Казулін парадаваў. Хаця, канешне, быў трошкі шматслоўным, было відаць, што ў калёніі ён чытаў кнігі па ўсходняй філязофіі – і час ад часу яго ў гэта заносіла. Але я думаю, гэта з часам паправіцца”.
Цыганкоў: “Калі ўжо мы пра гэта загаварылі... Можа быць гэтая шматслоўнасьць і перавод размовы на філязофскія катэгорыі “цемры і сьвятла” – ці не паказвае, што вобраз прапаведніка сёньня пераважаў над вобразам палітыка?”
Старыкевіч: “Я думаю, хутчэй ён проста быў трошкі не сканцэнтраваны ў сваіх выказваньнях. Ня думаю, што ён мяркуе быць прапаведнікам, але часам ён гаварыў менавіта з такіх пазыцыяў. Я б не сказаў, што гэта пераважала – проста было заўважным”.
Ніша пэрсанальнай альтэрнатывы Лукашэнку вольная
Цыганкоў:
“Пагаворым пра палітычную пэрспэктыву Казуліна на фоне сёньняшняга вызваленьня Кіма і Парсюкевіча. Як Казулін здолее знайсьці сабе месца ў палітыцы, сваю палітычную нішу? Ён ужо сустракаўся з асноўнымі палітычнымі лідэрамі. Ці здолее апазыцыя адказаць на гэты выклік – знайсьці адпаведную ролю для палітычнага патэнцыялу Казуліна?”Казначэеў: “Безумоўна, у гэтай сытуацыі шмат залежыць ад самога Казуліна, ад таго, як ён будзе сабе паводзіць і якую лінію праводзіць. Але глеба для старту ў яго зараз вельмі спрыяльная. У кожным разе, пэрсанальны расклад у апазыцыі зьменіцца. Якая ніша, якой “глыбіні і шырыні” знойдзецца для Казуліна – пакуль сказаць цяжка. Але ня будзем забывацца, што пэрсанальны чыньнік вельмі важны, і што ніша палітычнага лідэра, пэрсанальнай альтэрнатывы цяперашняму кіраўніку – вольная. На жаль, апазыцыя з сярэдзіны 1990-х на гэтае пытаньне адказу не давала.
Цыганкоў: “Вы лічыце, што Аляксандар Мілінкевіч гэтую нішу не займае?”
Казначэеў: “Ні ў якім выпадку. Ці ўдасца Казуліну заняць гэтую нішу, ці здолее ён яе заняць – гэта іншае пытаньне, якое загадзя прагназаваць вельмі цяжка. Але Казулін тут мае шанцы”.
Цыганкоў: “І тут – тэст на сталасьць апазыцыі. Дапусьцім, Казулін захоча заняць гэтую нішу і пачне нейкія дзеяньні ў гэтым накірунку. Як павядзе сабе апазыцыйная эліта – будзе дапамагаць яму альбо перашкаджаць?”
Казначэеў: “Я магу сказаць упэўнена, што ня будзе адназначнай пазыцыі на гэты конт. Частка яго падтрымае, чыстка – не. Пытаньне ў тым, наколькі вялікімі будуць гэтыя часткі. А гэта ў значнай ступені залежыць ад самога Казуліна.
Тое, што адбылося на апошнім зьезьдзе ягонай партыі, калі Казуліна адхілілі з пасады старшыні – то было малапрыстойна (я выбраў найбольш мяккае азначэньне). Але калі казаць пра нейкі палітычныя наступствы, то гэта хутчэй працуе на Казуліна. Ён ня будзе ўспрымацца як кіраўнік нейкай партыі. Яму ў той ролі было б цяжэй, бо ў АДС усе кіраўнікі партыяў, усе быццам на роўных правах... А тут ён у той ролі, пра якую ён казаў на прэсавай канфэрэнцыі, гаворачы: “Я пачынаю з нуля”.
Выйсьці за межы апазыцыйнага гета
Старыкевіч: “Сытуацыя, у якую трапіў Казулін, дастаткова складаная. Перад тым, як яго выпусьціць, улады фактычна ліквідавалі тую легальную палітычную пляцоўку, якую ён займаў. Фармальна цяпер – хто ён, акрамя таго, што былы кандыдат у прэзыдэнты.
Але гэта нават ня самае галоўнае пытаньне. Праблема ў тым, што калі Казулін пачне дзейнічаць у межах існуючай апазыцыі, то сур’ёзнага посьпеху дамагчыся не атрымаецца. Будзе нейкі перадзел, напрыклад, нешта ён адваюе – і тады стане АДС не чатырох, а пяцігаловая. Але прынцыпова сытуацыю ў краіне гэта ня зьменіць. Таму яму трэба ствараць новую нішу, значна больш глыбокую, чым тая, якую займае аб’яднаная апазыцыя. Але выйсьці за гэтыя межы будзе надзвычай складана. Бо ўлады, стварыўшы пэўнае апазыцыйнае гета, дазваляюць дэмакратам там існаваць. Але любыя спробы выйсьці за гэтае гета вельмі жорстка караюцца”.
Цыганкоў: “Ці ня кажаце вы пра тое, што Казулін павінен стаць нейкай трэцяй сілай? Мары пра гэта жывуць ад 1990-х гадоў, але яны ніколі не ажыцьцяўляліся. Бо кожны, хто прэтэндаваў на статус трэцяй сілы, усё роўна ў выніку станавіўся на бок улады ці апазыцыі”.
Старыкевіч: “Я не кажу пра трэцюю сілу. Гэта можа быць другая сіла, калі жадаеце. Бо ў нас сёньня другой сілы няма. Апазыцыя, па сутнасьці, пераўтварылася ў дысыдэнцкі рух, які ня мае ўплыву на грамадзтва. Я кажу не пра тое, што трэба ісьці нейкім новым шляхам. Калі ласка, няхай сабе і ад апазыцыі, але выходзіць за тыя межы, у якіх яна сёньня існуе. Пашыраць поле сваёй падтрымкі, у гэтым палягае галоўная задача”.
- 28.12.2007 -
- 21.08.2008 -
- 23.01.2008 -
- 31.10.2006 -
- 13.03.2006 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме