20:30 20.08.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Т.Кім: “Гэта такое шчасьце – убачыць сына на волі!” - С.Парсюкевіч: “Ліцэнзіі бізнэсоўца мяне пазбавілі – пайду ў палітыку”

18:20, 20 Августа | Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Любоў Лунёва ,

Тацяна Кім, маці 22-гадовага Андрэя Кіма, сказала, што пакуль яшчэ не размаўляла з сынам пасьля яго вызваленьня.

“Мне спачатку патэлефанавалі, што адпусьцілі Парсюкевіча. І я падумала, чаму ж самага маладога і так доўга трымаюць. Потым прыехала да знаёмых і патэлефанавала ў калёнію. І ў калёніі мне сказалі, што яго адпусьцілі. Я кажу, як адпусьцілі? Дзе ён? Яму далі грошы і цяпер ён едзе ў Менск. А ў яго ключоў няма, а я ня дома. Дык вось я ўзяла таксоўку і еду дадому”.

Тацяна Кім сказала, што вельмі шчасьлівая з вызваленьня сына:

“Гэта такое шчасьце, вы не ўяўляеце! Гэта шчасьце! Дзякуй усім людзям, якія за іх перажывалі, за ўсіх траіх, усім хрысьціянам. І дзякуючы ім і, канечне, ЗША, Эўразьвязу, асабліва ЗША... Нізкі паклон ім усім мацярынскі, што яны дамагліся вызваленьня майго сына. І ўсёй Беларусі, якая за яго перажывала і малілася. Я шчасьлівая і ўдзячная ўсім. Я лічу, што дзеці апазыцыі, Малады фронт — гэта чыстыя і сумленныя людзі, таму іх і баяцца”.

Тацяна Кім сказала, што Андрэй прабыў у зьняволеньні без двух дзён сем месяцаў. Апошняе зь ім спатканьне было ў ліпені. Сын не захацеў больш спатканьняў, бо яму было вельмі цяжка. Тацяна Кім кажа, што яшчэ й ня ведае, як будзе сустракаць сына:

“Прыгатую яму ўсё, што ён захоча. Я ведаю, што ён марыў пра смажаную бульбу, і вось буду смажыць яму бульбу. А мяса захоча, дык і мяса пасмажу”.

У турме моладзеваму актывісту Андрэю Кіму заставалася адбыць яшчэ амаль год. Яго асудзілі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Актывіста абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. 22 красавіка 2008 году Андрэй Кім быў асуджаны на паўтара года калёніі агульнага рэжыму. Пакараньне ён адбываў у Бабруйскай калёніі.

***

Віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, які апоўдні 20 жніўня выйшаў на волю з менскай калёніі, паведаміў, што вызвалілі яго на падставе указу Аляксандра Лукашэнкі, пры гэтым сам указ яму не паказалі.

“Літаральна праз паўгадзіны пасьля таго, як мне сказалі, я быў па-за зонай, бо ім трэба было далажыць спадару Навумаву, што мяне выкінулі з зоны”, — заявіў былы палітвязень.

“Мяркую, як і з Казуліным, гаворка пра памілаваньне. Але вінаватым я сябе не лічу і буду дамагацца рэабілітацыі. Таксама буду дамагацца таго, каб пакаралі тых, з-за каго я патрапіў ў турму. Гэта не толькі міліцыянт Дулуб – ён дробная асоба ў гэтай справе. Пра тое, што ёсьць загад мяне “закрыць” мне паведамілі яшчэ ў пачатку года. Але я не шкадую, што пабываў у турме – шмат што стала зразумела. Калі раней былі сумневы адносна ўлады, то цяпер іх няма”.

Пра свае пляны на будучыню Сяргей Парсюкевіч заявіў “Свабодзе”: “Да аршыту я быў прадпрымальнікам, гандляваў. Зараз ліцэнзіі мяне пазбавілі. Нічога, я пайду ў палітыку. А з Беларусі з’язджаць не зьбіраюся ні ў якім разе: тут мая радзіма”.

Сяргей Парсюкевіч назваў вельмі дрэннымі ўмовы ў беларускіх турмах, дзе яму давялося пабываць. Але больш былы палітвязень абураўся стаўленьнем адміністрацыі турмаў і ахоўнікаў да зьняволеных. “Да жывёлы стаўленьне лепшае”, — сказаў Сяргей Парсюкевіч.

“Я выйшаў на волю дзякуючы ціску Захаду і ЗША. Наўрад ці ўнутраныя пратэсты падштурхнулі спадара Лукашэнку. Я думаю, што гэта ціск звонку”, — лічыць спадар Парсюкевіч.

“Калі знаходзіўся на зоне, марыў пра тое, што выйду і паеду адпачываць на мора. Але ня ведаю, ці атрымаецца”, — паведаміў былы прадпрымальнік і былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме