20:15 17.08.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Вызвалілі бяз просьбы пра памілаваньне
18:58, 17 Августа | Алесь Дашчынскі,
Сёньня Аляксандар Казулін знаходзіўся ў Дзяржынску на пахаваньні свайго цесьця. У інтэрвію "Свабодзе" ён заявіў, што не прасіў памілаваньня ў Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандар Казулін заявіў, што ня бачыў прэзыдэнцкага ўказу аб памілаваньні і ніякіх просьбаў аб памілаваньні не падаваў. І нават зьдзівіўся, што яго пра гэта пытаюцца:
“Няўжо вы можаце сабе ўявіць хаця б на сэкунду, што я на гэта здольны?Прынцыпы – ёсьць тое вялікае, за што трэба змагацца”.
Былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч патлумачыў, што памілаваньне можа быць у некалькіх формах. Таму толькі пасьля азнаямленьня з тэкстам указу можна сьцьвярджаць аб прававым статусе Аляксандра Казуліна, аб умовах яго памілаваньня. Спадар Рынкевіч таксама адзначыў, што рашэньне аб памілаваньні можа прыняць кіраўнік краіны без адмысловай просьбы ад асуджанага:
“Згодна з дзейным парадкам, памілаваньне ёсьць кампэтэнцыяй таго, хто займае пасаду прэзыдэнта. Дзейнічае указ, дзе прыведзены паўнамоцтвы адмысловай камісіі, якую ўзначальвае Натальля Пяткевіч. Аднак роля гэтага органа дарадчая і таму, фактычна, Аляксандар Лукашэнка мае магчымасьць аднаасобна вырашыць лёс асуджанага. У звычайным парадку патрэбна пісьмовае хадайніцтва ад асуджанага, прызнаньне віны. У нашым выпадку Аляксандар Казулін віну не прызнае, як і абарона. Аляксандар Лукашэнка мае права вырашыць лёс асуджанага нават пры невыкананьні некаторых умоў. Асноўнае пытаньне зараз у тым, што канкрэтна зьмешчана ва ўказе аб памілаваньні, ці там ёсьць норма аб зьняцьці судзімасьці”.
Вызвалены з калёніі “Віцьба-3” палітвязень Аляксандар Казулін сёньня накіраваўся ў Дзяржынск на пахаваньне свайго цесьця. Ля вёскі Васілеўшчына аўтамабіль, на якім ён ехаў, амаль на паўгадзіны спыніла ДАІ. У кіроўцы забралі правы нібыта за парушэньні.
“Мы паехалі на могілкі да жонкі, пабылі на могілках, едзем на пахаваньне цесьця. На кальцавой нас спынілі і сказалі, што паступіла каманда спыніць машыну “Вольва”, бо яна нібыта сорак хвілінаў таму праехала ў Менску на чырвонае сьвятло сьветлафора. Пра гэта нібыта паведаміў нейкі невядомы. Вельмі дзіўная пазыцыя. Відаць, спадар Лукашэнка моцна клапоціцца пра свой імідж і нават у дзень пахаваньня майго цесьця ня можа абысьціся без такіх канкрэтных правакацый. Проста нічога чалавечага не засталося”.
Аляксандар Казулін апавёў, што ў Віцебску яго суправаджалі дзьве машыны мясцовых спэцслужбаў, а ў Менску суправаджаюць тры.
«Я не разумею: альбо людзям няма чаго рабіць, альбо ўжо пра мяне так клапоцяцца. Раніцай сёньня маю машыну ўскрылі, пабілі шкло, забралі дакумэнты. Мы выклікалі міліцыю».
Заўтра Аляксандар Казулін мае правесьці прэсавую канфэрэнцыю ў Менску.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме