01:16 16.08.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Калі маўчаньне – золата
23:55, 15 Августа | Юры Дракахруст,
Пра што маўчаў Лукашэнка? Не, ня ў сэнсе, што хаваў, а ў тым, што хацеў сказаць сваім маўчаньнем.
Як толькі Расея ўступіла ў вайну, шмат хто зь беларускіх мысьляроў заўважыў, як чарговы раз чорт варожыць беларускаму кіраўніку, якія козыры самі плывуць яму ў рукі. Маўляў, такой канфрантацыі Расеі з Захадам не было за ўвесь постсавецкі пэрыяд, каштоўнасьць адзінага саюзьніка ўзьлятае да нябёс, ад яго адно і патрабуецца зараз, што зрабіць пару жэстаў саюзьніцкай вернасьці і падстаўляць кішэні.
А ён маўчаў. А МЗС выдаў заяву, якую, паводле дасьціпнай заўвагі Андрэя Фёдарава, мог бы выдаць (і выдаў) генсек НАТА, маўляў, шкадуем загіблых і заклікаем да міру. І кропка. Ну і беларускі МЗС мог бы выдаць такое – наконт, скажам, вайны паміж, ну ня ведаю, Танзаніяй і Кеніяй. А тут жа, здавалася б – вялікі саюзьнік, “старэйшы брат”, крыніца ўсякіх дабротаў, між іншым, а з другога боку — страшны празаходні Саакашвілі, правадыр “аранжу”, гадавальнік знакамітага дохлага пацука генэрала Сухарэнкі нарэшце. Але – маўчаньне. Больш красамоўнае, чым словы.
Пра што? Ну, і пра козыры, якія сапраўды ўзьніклі, але зусім ня ў тым, у чым убачылі іх паважаныя калегі, і пра, так бы мовіць, “някозыры”, пра небясьпекі і рызыкі, якія нясе ў тым ліку і Беларусі вайна на Каўказе.
Існуе традыцыя называць імпэрыялізмам любыя крокі Расеі адносна яе суседзяў, якія па тых ці іншых прычынах падаюцца кепскімі. І дае танны газ – імпэрыялізм, і падвышае цану – імпэрыялізм. Між тым да апошняга часу адносна, скажам, Беларусі гэта калі і было імпэрыялізмам, то вельмі неклясычным. Чаму Аляксандар Салжаніцын яшчэ у 1990 годзе ў сваім праграмным артыкуле "Как нам обустроить Россию?" пісаў, што Беларусь, Украіну, паўночны Казахстан (а ня ўвесь, дарэчы) трэба захаваць, а астатніх – прэч, фактычна выгнаць з Расеі? Скажам, Азэрбайджан , які стаіць на лужыне нафты, Туркмэністан зь ягоным газам, Балтыя са стратэгічным выхадам да мора – тэрыторыі ня менш, калі ня больш каштоўныя. Чаму ж нават на ўзроўні прынцыпу, ідэі, а не практычнай магчымасьці, гэтых пакінуць, а тых – выгнаць?
Таму што для расейскай сьвядомасьці беларусы і ўкраінцы – ня проста свае, а гэта мы, рускія, і ёсьць, толькі нейкія дзіўныя. Можна вельмі крыўдзіцца на такое стаўленьне, але варта зафіксаваць, што яно – адрознае ад стаўленьня расейцаў, скажам, да літоўцаў ці туркмэнаў, якіх ніводзін расеец ніколі не лічыў рускімі.
Дык вось наконт Грузіі. Пад расейскімі снарадамі і бомбамі гіне вельмі шмат, гінуць песьні Акуджавы, стужкі Данэліі, “Хванчакара”, “Баржом”, гіне гіганцкі пласт грузінскай культуры, як духоўнай, гэтак і матэрыяльнай, які стаў арганічнай часткай расейскай культуры. А ня трэба, а прэч. Сапраўдны, клясычны імпэрыялізм, калі і пачынаецца, то менавіта зараз. Няма ніякіх братоў, ніякіх сваіх, ёсьць (будуць) толькі трафэі.
І гэта Лукашэнка зразумеў. Калі ён у 2004 годзе крычаў, што адключэньне газу – “тэрарызм на вышэйшым узроўні”, дык гэтая рыторыка была па сутнасьці бясьпечнай, гэтую бясьпеку гарантавалі тыя самыя асаблівасьці расейскай масавай сьвядомасьці: ну свае ж, ну палаяліся, чаго не бывае. А зараз можна і нарвацца. І сапраўды наклікаць тое самае. Прычым менавіта на найвышэйшым ўзроўні.
Калі б адразу пасьля пачатку вайны афіцыйны Менск стаў поруч са сваім саюзьнікам, гэта магло б даць насамрэч невялікі і кароткачасовы выйгрыш. А ў доўгатэрміновай пэрспэктыве зьмена лёгікі, зьмена бачаньня сьвету Крамлём, спароджаная вайной – гэта небясьпека для Беларусі, і лукашэнкаўскай у тым ліку. І ўсьведамленьне гэтай небясьпекі патрабавала адказу з дальнім прыцэлам.
Нездарма яшчэ з мінулага году афіцыйны Менск пачаў упарта заляцацца да Эўропы. Бо лёгіка Крамля, лёгіка Расеі пачала мяняцца ня ўчора, вайна – гэта, з аднаго боку, і скачок у гэтай зьмене, а з другога — вынік працяглай эвалюцыі ў гэтым кірунку. У сваіх спробах спакусіць Эўропу Менск прапаноўваў рознае – спачатку палітзьняволеных, потым, апошнім часам – выбары, абяцаньне правесьці іх больш менш прыстойна. Але раптам ўсясьветны расклад сапраўды выкінуў Лукашэнку козыр, тавар, які каштуе надзвычай дорага.
У свой час знакаміты францускі палітоляг Раймон Арон прапанаваў трапнае параўнаньне міжнароднай палітыкі з грашовай сыстэмай. Заявы, перамовы, нарады, усе гэтыя “мы выказваем глыбокую занепакоенасьць” – гэта ўсё крэдытныя грошы палітыкі, і невядома, што за імі стаіць, ці гэта сапраўды грошы ці пустыя паперкі. Забесьпячэньнем гэтага “крэдыту”, паўнаважным золатам палітыкі зьяўляецца сіла, а гадзіна расплаты гэтым золатам – вайна. На жаль, ніхто гэтую праверку не адмяняў і вось яна і прыйшла. І як у гэтай сытуацыі расплаціўся (здолеў, змог, рашыўся расплаціцца) сапраўднай валютай Захад, мы выдатна бачым.
Прычым, гэта нават не ў асуджэньне Захаду. Вайна на Каўказе паводле даты амаль супала з гадавінай бамбаваньня Хірасімы. Ёсьць, на жаль, такая штука, як бомба. І пралічваючы варыянты дзеяньняў, у Вашынгтоне і Брусэлі не маглі ня браць гэта пад увагу, не маглі не задаваць сабе пытаньне, як ні цынічна і па-блюзнерску яно ні гучыць, ці вартая Грузія нават малой імавернасьці ядзернага Армагедону.
Паводзіны Захаду ў гэтым крызысе нагадалі, што мы жывем у сьвеце пасьля Хірасімы і што стаўкі, калі размова ідзе пра адносіны з Расеяй, вызначаюцца менавіта гэтым.
Вяртаючыся да беларускай сытуацыі, трэба адзначыць, што і вокрык расейскага пасла, і роў расейскага друку, які ахрысьціў Лукашэнку “здраднікам”, у пэўным сэнсе згулялі на яго, сталі, так бы мовіць, тлумачэньнем да пасланьня Лукашэнкі Вашынгтону і Брусэлю, што, колькі і чым ён заплаціў. І тут ужо выціснутыя Сурыкавым спачуваньні Мядзьведзеву і прапанова гуманітарнай дапамогі значаць насамрэч вельмі мала – ну ўжо нельга шмат патрабаваць.
Дэмакратычны лад, свабодныя выбары, правы чалавека – гэта рэчы самыя важныя. З адной маленькай папраўкай – калі вайны няма, калі няма гэтага часу праверкі сапраўдных і ўяўных каштоўнасьцяў. А вайна, на жаль, ёсьць.
Калі прыгадваць гісторыю, то Лукашэнка – проста анёл у параўнаньні з колішнім дыктатарам Румыніі Чаўшэску. Але ў савецкім ўварваньні ў Чэхаславаччыну у 1968 годзе бухарэсцкая пачвара ня ўдзельнічала (менавіта пытаньне вайны), з Ізраілем Румынія адзіная з савецкага блёку дыпадносіны не разарвала (ізноў пытаньне вайны і міру) і быў Чаўшэску калі не саюзьнікам Захаду, але сёе-тое (і нямала) за такую сваю пазыцыю ад Захаду атрымліваў. У сябе ў Румыніі ён рабіў суцэльныя жахі. Ну гэта кепска, ну ўсясьветная супольнасьць, зразумела, і тады рашуча гэта асуджала і выказвала глыбокую занепакоенасьць. Але ж вайна...
Дарэчы, тое, што зараз у Беларусі фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў прайшло значна менш дэмакратычна, чым два папярэднія этапы выбарчай кампаніі –фармаваньне акруговых камісій і рэгістрацыя ініцыятыўных групаў, можа быць наўпрост зьвязана з сюжэтам, пра які ідзе размова. Золатам заплачана, чаго ўжо тут нейкія паперкі адлічваць.
Ці прачытаюць у Вашынгтоне і Брусэлі гэтая пасланьне менавіта так, ці прымуць ў аплату Лукашэнкава маўчаньне? Могуць прыняць. Бо вайна. Сапраўды чорт варожыць.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме