23:00 14.08.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

У застаялай вадзе, шчасьця няма – затое стабільнасьць

21:35, 14 Августа | Сяргей Дубавец,

На фота:Стабільнасьць пад надзейнай вартаю

Калі б я быў вясковым інвалідам другой групы (напрыклад, без нагі), мая пенсія была б 300 тысяч. Я вельмі люблю сваю родзіну, рачушку, лясок... А бутэлька віна – чатыры тысячы. У месяц выходзіць 120 тысяч. Дык яшчэ я лісічкі здаю. Поўзаю са сваім пратэзам, але бор харошы. 180 тысяч на закусь і мнагавата, бо ў мяне і цыбулька свая, а шчаўя дык бяры – не хачу. Што ж я буду скардзіцца. Во суседу на калгаснай пенсіі цяжкавата. Ён і сена грабе, і жонка яго есьць. А ўсё адно 200 тысяч няма. Гэта значыць, на закуску ўжо, лічы, не застаецца. І прыходзяць яны да мяне. Адна праблема – я падвержаны. І як пачнём, два тыдні, лічы, вон. А палітыка...

Ну чаго я буду галасаваць супраць? Мы так добра ніколі не жылі. Бо ўсё ж параўноўваеш. І выходзіць, што не жылі. Калі самалёт у нас каля вёскі ўпаў і мне нагу адарвала, мы ж пад саламянай страхой перабываліся. Ні грошай, ні спакою ня ведалі. А цяпер...

Я ліст у райсабес напішу, што трэба пратэз памяняць, дык аж з вобласьці прыедуць. І ўсе вакол бегаюць. Дык што мне? На каго яшчэ маліцца? Мне ж нічога ня трэба. Ды й вам, падумаўшы, таксама. Глядзіце, у раёне супермаркет адкрылі – усё ёсьць. Для цела, так сказаць. А для душы – усё ў тэлевізары. Асобенна “Поле цудаў” люблю.

Шчасьця няма – гэта праўда. Затое стабільнасьць.

Стабільнасьць – як сажалка, пакуль карасі, пакуль твань не зьбіраецца ў застаялай вадзе і навакольле не разразаецца сьпевамі жаб. Таксама быццам стабільнасьць, а ўжо ня тое.

Адзін публіцыст у ЖЖ так і напісаў: ня ведаю, пра што цяпер пісаць, бо ўсё напісаў і пра ўсё напісаў. І не адзін раз. Выглядае, і сапраўды так – выстаўляй свае тэксты дзесяцігадовае даўніны – будзе чытацца як зараз напісанае. Нічога сутнасна не зьмяняецца. А калі й зьмяняецца, дык толькі ў лепшы бок. Гэта калі браць бытавуху. А ўсё астатняе калі й патрэбнае, дык усё меншай колькасьці людзей.

З іншага боку, такая задаволенасьць і завершанасьць усяго ніколі не бывае бясконцай. Вось і Фукуяма сурочыў са сваім “Канцом гісторыі”. А тут як бахнула – тэрарызм, Ірак, Расея зноў пра сваю мошч і пра ворагаў загаварыла... Кажуць: Украіну мы страцілі, бо ў мінулую вайну там былі “генетычныя закладкі” – Фрыцы з Гансамі апладнялі ўкраінак, каб сваіх генаў напускаць, вось яны цяпер і глядзяць на Расею ваўком. (У Беларусі, кажуць, таксама тыя “закладкі” былі, толькі ці то не спрацавалі, ці тут іх тэорыя дае збой.) Глядзіш, і зноў “народы прыйдуць у рух”, як казаў Гітлер.

У прынцыпе, вечная гісторыя. То застой, то рух. Каб жа яшчэ рух адбываўся збольшага ў культуры, у публіцыстыцы, у розумах і душах... Але тут ізноў парадокс. Каб энэргія руху ішла ў культуру, трэба, каб культура ахоплівала чым большую колькасьць людзей – рэальных чытачоў, слухачоў, гледачоў. Стваральнікі фільмаў жахаў кажуць, што адцягваюць у свае творы кепскую энэргію з жывога жыцьця. І менавіта масавасьць-касавасьць забясьпечвае такі эфэкт...

А ў нас што культура ахоплівае? Дый дзе яна, сапраўдная культура? Так, абслуга адна. І калі будзе рух, дык зноў – па вуліцах, па лясах, па чыгуначных рэйках, а не па душах.

Што тут скажаш...



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме