21:15 12.08.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Ня наша вайна <BR><BR>Масква патрабуе падзякі за падтрымку рэжыма Лукашэнкі
18:44, 12 Августа | Аляксандар Класкоўскі,
Масква вуснамі палітоляга Андрэя Суздальцава зрабіла суворую вымову беларускаму кіраўніцтву. Маўляў, у драматычны час бітвы на Каўказе партнэр па саюзнай дзяржаве не падтрымаў, ухіліўся, фактычна — здрадзіў.
Прыкладна гэткую ж пазыцыю выказаў расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў: ён наракаў, што кіраўніцтва Беларусі не пасьпяшалася падтрымаць уварваньне ў Грузію.
Імпэрская званіца
"Як гаворыцца, улічым да студзеня", — піша Суздальцаў, маючы на ўвазе цану на газ.
Канечне, і ў Маскве ня ўсе глядзяць на крывавыя каўкаскія падзеі з імпэрскае званіцы. Так, Юлія Латыніна жорстка характарызуе рэжым Паўдзённай Асэтыі як "сумеснае прадпрыемства" чэкісцкіх генэралаў ды мясцовых крымінальных элемэнтаў па асваеньні грошай "на барацьбу з Грузіяй". Аб’яднаны грамадзянскі фронт заяўляе пра "шматгадовую бяздарную і двурушніцкую палітыку расейскага кіраўніцтва на Каўказе ўвогуле і датычна Грузіі ў прыватнасьці". Але гэта — галасы тых, хто адсунуты на маргінэс. Дамінуе ж патас вялікадзяржаўнасьці.
Адразу агаваруся: ня варта трапляць і ў палон антырасейскай парадыгмы. Іначай атрымліваецца, што Саакашвілі ва ўсіх сваіх учынках апрыёры мае рацыю, бо Грузія маленькая, а Расея — вялікая. Гэта, канечне, ня так.
Разам з тым, адной з галоўных прычын вайны ў Грузіі стала тое, што Расея не выбірае сродкаў, імкнучыся трымаць постсавецкія краіны на кручку.
Дактрына "кіраванага хаосу" праз падтрымку сэпаратысцкіх рэжымаў у Паўдзённай Асэтыі і Абхазіі была разьлічана, у прыватнасьці, на тое, каб перашкодзіць дрэйфу Тбілісі ў бок НАТО: альянсу недарэчы сябры з тэрытарыяльнымі праблемамі.
Але кіраваны хаос у любы момант можа стаць некіраваным. Ружжо на сьцяне калісьці абавязкова стрэліць.
А такіх ружжаў на постсавецкім абсягу разьвешана багата. Былы амбасадар ЗША у ААН Холбрук заявіў: наступнай пасьля Грузіі будзе Ўкраіна!
Перабольшаньне, эпатаж? Але згадайма, як даўно ды мэтанакіравана распальваюць маскоўскія дзеячы праблему Сэвастопаля ды Крыму. І зноў жа: Крамлю не пад нос, што Кіеў глядзіць у бок НАТО. Зараз Масква, дарэчы, закідае Ўкраіне "заахвочваньне Грузіі да інтэрвенцыі". Што ж, Кіеў толькі сьцьвердзіцца ў сваім празаходнім выбары.
“Недалучэньне выглядае цалкам разумным”
Менск у гэтай сытуацыі, як і прагназавалася, абачліва дыстанцыяваўся ад каўкаскай вайны.
"Тое, што Менск дасюль абмежаваўся толькі заявай прадстаўніцы МЗС з заклікам да ўсіх бакоў спыніць баявыя дзеяньні, выглядае цалкам разумным, — мяркуе менскі незалежны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Гэтак сама, як і недалучэньне да расейскіх санкцыяў у дачыненьні да Тбілісі. У нас няма візавага рэжыму і працягваюць ажыцьцяўляцца наўпроставыя авіярэйсы ў грузінскую сталіцу. І беларусы п’юць баржом".
Разам з тым аналітык падкрэсльлівае: на тле каўкаскіх падзеяў асабліва відавочна, што Беларусі "складана быць у вайскова-стратэгічнай запрэжцы з Расеяй". Якаўлеўскі зазначае: "Напрыклад, тое, што ў восеньскіх манэўрах беларускага войска маюць намер удзельнічаць ВПС Расеі, з улікам цяперашніх паводзін Масквы на Каўказе можа выклікаць напружанасьць ужо ў нашым рэгіёне".
Дадамо: яшчэ болей небясьпечнымі могуць быць гульні ў розныя там "асымэтрычныя адказы" з выкарыстаньнем "іскандэраў" і г.д. Фантазіі маскоўскіх ястрабаў сягаюць далёка.
Вунь генэрал Івашоў дык і ўвогуле мяркуе, што Менску ня шкодзіла б падумаць пра выхад з Лісабонскага пратаколу, каб можна было паставіць у нас ядзерную зброю.
Тым часам пратачылася канфідэнцыйная інфармацыя пра размову Сяргея Лаўрова з Кандалізай Райс. Калі верыць амэрыканскаму боку, расейскі міністар дэкляраваў умову: Саакашвілі мусіць сысьці! Лаўроў пасьпяшаўся заявіць, што гэта некарэктная трактоўка. Так ці іначай, дактрына "сваіх сучыных сыноў" па-ранейшаму запатрабаваная. Мы добра памятаем, як Масква спрабавала накінуць грузінам зьбеглага дзеяча Гіяргадзе. Дый на Ўкраіне, памятаеце, Пуцін асабіста лабіяваў кандыдатуру Януковіча ў піку празаходняму Юшчанку.
І ўжо можаце не сумнявацца: калі Масква адчуе, што "страчвае" Беларусь, тут яшчэ могуць разгарнуцца вельмі крутыя сюжэты.
Працытуем яшчэ адну выснову А.Суздальцава: "…Са зьнікненьнем (sic! — Аўт.) А.Лукашэнкі зь Менску праблем у Масквы з чарговым беларускім кіраўніцтвам не паменее".
Асобным маскоўскім дзеячам не прыходзіць у галаву простае дапушчэньне: а мо’ беларусы і самі разьбяруцца са сваімі праблемамі?
P.S. А вось вам і працяг украінскай тэмы. Урадавая "Российская газета" піша: "У цяперашні час Расеі варта разглядаць дзеяньні Ўкраіны як варожыя з усімі наступствамі, што вынікаюць з гэтае высновы...". Што і патрабавалася давесьці.
Масква і «наша гора»
Расейскі амбасадар Сурыкаў на прэсавай канфэрэнцыі 12 жніўня зрабіў Беларусі вымову, што не пасьпяшалася падтрымаць уварваньне ў Грузію. Маўчаньне Менска на гэты конт дыплямат назваў "вельмі незразумелым".
Са слоў Сурыкава, у выпадку "зьяўленьня непрыемнасьцяў у Беларусі мы вашае гора заўжды падзяляем у міжнародных арганізацыях". Амбасадар расшыфраваў: маўляў, Расея заўжды выступала супраць увядзеньня эканамічных санкцый у дачыненьні да Беларусі, а таксама абараняла пазыцыю рэспублікі пры абмеркаваньні сытуацыі з правамі чалавека.
Ня будзем ставіць рытарычнае пытаньне, наколькі этычна дыплямату "шыхтаваць" беларусаў за тое, што не падзяляюць расейскі шавіністычны экстаз. Але сама лёгіка развагаў — ну поўны адпад!
Калі цалкам адкінуць рэшткі дыпляматычнае мовы, то сэнс такі: мы ваша начальства выгароджвалі за парушэньні правоў чалавека, а вы, няўдзячныя, ня рвецеся зараз ухваляць нашу каўкаскую вайну!
Дарэчы, Каўказам справа можа ня скончыцца. Масква рэзка ўзмацніла ваяўнічую рыторыку ў дачыненьні да Кіева. Заўтра ад Беларусі могуць запатрабаваць, каб падтрымала прэтэнзіі на Севастопаль, на Крым.
Нас упарта ўцягваюць у маскоўскія "разборкі" з былымі "малодшымі сёстрамі".
Дзякуй, але сваю постімпэрскую кашу сёрбайце, панове, самі!
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме