20:30 22.07.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Тры кроплі
18:46, 22 Июля | Сяргей Дубавец,
Гісторыю пішуць фактамі, хоць сама сябе яна малюе зусім іншымі фарбамі. Таму ніхто ня ведае, што будзе заўтра, а сто гадоў таму ніхто і блізка не ўяўляў наш сёньняшні дзень, і ты ў свае сем гадоў ніколі б не ўгадаў, якім станеш у дарослым жыцьці. Тым ня менш, гісторыю ўпарта пішуць фактамі. Хоць, калі яна насамрэч непарыўны працэс і калі мы выбралі правільныя фарбы, мы маглі б з такой самай лёгкасьцю, як пра ўчора, пісаць пра заўтра. А калі фарбы няправільныя і імі нельга пісаць пра заўтра, значыць, і тое, што мы пішам пра ўчора, – ламаны грош. І пра сёньня – таксама...
Калі мы з табой пачуваемся паплечнікамі, адкрытымі адзін аднаму ў сваіх намерах і сумневах, калі мы слухаем словы іншага, як працяг уласных думак-шуканьняў, калі паміж намі поўны давер, гэта значыць, мы разумеем мінулае, мы валодаем сёньняшнім днём і пішам будучыню. Пры чым тут факты.
Мне здаецца, людзі заўсёды інтуітыўна больш давяраюць эмоцыям, прынамсі, праз іх лепш разумееш, што было, будзе і ёсьць. “Эмацыйная гісторыя сучаснасьці” – вось чаго амаль не сустрэнеш у цяперашніх СМІ. У выніку твайму разуменьню таго, што адбываецца, для даставернасьці бракуе паўнаты.
Калі я гляджу на тых, хто сёньня “піша гісторыю” беларускага грамадзтва, гэтае адчуваньне паўтараецца. Чагосьці бракуе, няма нейкай дробязі, з-за якой церпіць уся карціна. Я ведаю, што гэта. Не стае паўнаты.
Калі твае адносіны поўныя, тады адны табе безаглядна давяраюць, а іншыя гэтаксама безаглядна – не. Прагматыка можа быць у разьліках, а ў “базе” ніякай прагматыкі быць не павінна. Або мы з табой заадно, або я прайду міма ці перайду на іншы бок вуліцы. Паўната адносінаў завадатараў прыводзіць да награваньня тэмпературы праўды ў грамадзтве да кіпеньня.
Паўната адносінаў складаецца з братэрства (хоць бы кропля ўвагі да паплечніка), патрыятызму (хоць бы кропля нацыянальнае годнасьці), веры (хоць бы кропелька веры ў Бога). Ня трэба шмат. Увогуле паўната не вымяраецца большымі ці меншымі велічынямі. Яна або ёсьць, або не.
Гэтыя адчуваньні датычаць усёй нашай грамадзянскай супольнасьці – палітыкаў, журналістаў, праваабаронцаў... Датычаць яны і афіцыйных палітыкаў і журналістаў, але ў іх ёсьць апраўданьне, іх цынізм – службовы, менавіта за гэта ім плацяць грошы. А адкуль гэта ў недзяржаўных інстытуцыях? Там жа ад вас ніхто не патрабуе, каб было “мала сэрца”.
Зрэшты, менш за ўсё цікава, адкуль гэта. Напэўна ж і час абірае то такіх людзей, то гэткіх, і гіпноз улады ператварае яе праціўнікаў у люстэркавы адбітак, і КДБ працуе “по линии” дэмаралізацыі... Шмат прычын, якія ляжаць у самым падмурку нашае агульнае няздольнасьці да перамен. Не хапае трох клёпак, трох кропак, трох кропель.
Адкуль жа ім узяцца? Выглядае, што ёсьць два спосабы. Альбо людзі намаганьнем волі выклічуць у сабе паўнату адносінаў да бліжняга, нягледзячы ні на што (жыцьцё адно, ці ж варта перамарнавацца). Альбо прыйдуць іншыя. Прычым у іншых ёсьць шанец ня толькі ісьці вельмі доўга, але і радыкальна спазьніцца, гэта значыць, прыйсьці туды, дзе зоркі пералягуць такім чынам, што наступнікам папросту нічога ня будзе сьвяціць.
Другі спосаб ад нас ніяк не залежыць, таму калі гаварыць, дык пра першы. “Паразмаўляй са мною” – самая простая формула паўнаты. Ты шмат пра мяне ведаеш таго, што насамрэч ня мае дачыненьня да праўды. І я шмат пра цябе думаю такога, што насамрэч ня мае да цябе ніякага дачыненьня. Мы глядзім адно на адно праз акуляры падазронасьці і, калі гаворым, стараемся больш схаваць адно ад аднаго, чым адкрыць адно аднаму. Таму мы ахватней пазьбягаем адно аднаго, чым ідзем насустрач. У выніку нам прасьцей, калі побач з намі чужыя людзі, чым калі свае, бо з чужымі ня трэба весьці двайную гульню і быць падкрэсьлена непразрыстым. Мы трацім масу энэргіі на цалкам штучную нелюбоў, замест таго, каб проста пагаварыць, проста пачуць, проста...
Ёсьць адзін крытэры для ацэнкі ўсяго, што з намі адбываецца. Усё, што нас стварае, г.зн. робіць лепшымі – добра. Усё, што не – не.
З гэткай думкай варта ўключаць тэлевізар, пісаць артыкулы, ісьці ў палітыку.
Гісторыя пішацца нашымі адносінамі адзін да аднаго. І калі гэтыя фарбы высыхаюць, гісторыя ня пішацца. Яна спыняецца. Як цяпер
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме