20:30 22.07.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Напярэдадні ўзяцця Бастыліі<BR><BR>Прысуд Казуліну -- альбо цяперашняй уладзе?

17:23, 22 Июля | Ігар Рынкевіч,

На фота:Аляксандр Казулін у Дзень Волі два гады таму вядзе калону мірных грамадзянаў, са сцяжкамі, кветкамі і паветранымі шарыкамі, патрабаваць вызвалення палітвязняў. Сімвалічна, што вырак А.Казуліну быў абвешчаны акурат перад Днём узяцця Бастыліі.

Споўнілася два гады, як быў вынесены прысуд па сфабрыкаваных у спешным парадку трох крымінальных справах супраць Аляксандра Казуліна. Гэтыя сумныя ўгодкі млява каментаваліся нават у незалежных СМІ. Між тым з вышыні мінулага часу значнасць гэтага судовага працэсу толькі павялічылася.

Упершыню ў сучаснай гісторыі і судовай практыцы нашай краіны судзілі кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Беспрэцэдэнтнай была колькасць крымінальна-прававых і працэсуальных парушэнняў падчас судовага разгляду. Замест забеспячэння працэсуальных правоў абвінавачанага, аб’ектыўнага, скрупулёзнага разбіральніцтва справы суд звязваў рукі абароне. Гэта было так відавочна, што некаторыя палічылі гэта хітрым ходам і нават падумалі, што А.Казуліну "дадуць мала".

А тут пяць з паловай гадоў турэмнага зняволення! Якое дзікунства, якая жорсткасць да чалавека, прафесара, палітыка, ужо збітага ботамі сілавікоў!

Кіроўны рэжым не мог не адпомсціць Казуліну за свой спалох, за тое, што сваімі выступамі Аляксандр Уладзіслававіч зрабіў рэвалюцыю ў розумах шматлікіх беларусаў, запаліў іх сэрцы надзеяй і дазволіў выявіцца нацыянальнай самасвядомасці і гонару.

Абарона на судзе даказала невінаватасць А.Казуліна, а затым у скаргах выявіла ўсю беспадстаўнасць і незаконнасць прысуду. Беларускія грамадзяне і грамадскія аб’яднанні, замежныя ўрады і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі накіроўвалі звароты, патрабуючы ад улад аб’ектыўнага, справядлівага разгляду справы супраць А.Казуліна.

Але вышэйстаячыя судовыя інстанцыі і беларуская пракуратура так і не выправілі грубыя памылкі следчых і судоў, памылкі, якія занялі цэлы шэраг чорных старонак у праваабарончай хроніцы. Для будучых жа студэнтаў-юрыстаў ды даследнікаў матэрыялы крымінальнай справы супраць прафесара Казуліна – як і сам вырак, вынесены судом 13 ліпеня 2 гады таму, – паслужаць хрэстаматыяй, якая ілюструе зневажанне аўтарытарным рэжымам правоў чалавека ў Беларусі.

Становіцца яшчэ больш відавочным, што дадзеная справа палітычна матываваная, амаль максімальнае пакаранне – гэта крымінальны пераслед А.Казуліна за ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі, падчас якой Аляксандр Уладзіслававіч праявіў сябе як мужны чалавек, як сапраўдны змагар за людскія інтарэсы. Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала Аляксандра Казуліна вязнем сумлення, сусветная грамадскасць лічыць яго палітвязнем №1 у Беларусі. Па-ранейшаму ажыццяўляецца грамадскі кантроль над крымінальным працэсам супраць А.Казуліна з боку праваабаронцаў, прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый.

За час знаходжання ў турме Аляксандр Казулін зведаў усё – і зневажанні, і ізаляванасць, і пазбаўленне элементарных умоў для жыццядзейнасці. Аднак Аляксандр Казулін не змірыўся, яго палітычная галадоўка з патрабаваннем узнаўлення ў Беларусі канстытуцыйнай законнасці, спынення гвалту над правамі грамадзян загучала з трыбуны Савета Бяспекі ААН сусветным звонам.

Цяпер у Камітэце па правах чалавека ААН таксама знаходзіцца скарга ў інтарэсах Аляксандра Казуліна з прапановамі аб ліквідаванні дапушчаных Рэспублікай Беларусь парушэнняў пяці артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, вызваленні А.Казуліна і пакрыцці яму нанесенай незаконнымі арыштам і пазбаўленнем волі маральнай шкоды. Увосень 2008 года на сесіі Камітэта ААН можа быць прынята рашэнне аб прымальнасці скаргі, і яе ў тэрміновым парадку разгледзяць па сутнасці. У гэтым выпадку рашэнне аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі па справе "Урад Беларусі супраць Аляксандра Казуліна" стане магутным маральна-прававым вердыктам.

Пакуль жа судовая сістэма выяўляе свой сапраўдны твар падчас крымінальных працэсаў супраць іншых дэмакратычных актывістаў. Разумнымі людзьмі даўно заўважана: калі ў краіне няма незалежнага суду, планка дапушчальнага вельмі хутка апускаецца да рысы, якая падзяляе палітычную мэтазгоднасць і злачынства ўлады. Нам прапанавана заставацца гледачамі трагедыі правасуддзя, але трэба спыніць распаўсюджванне палітычных рэпрэсій.

Таму некаторыя грамадзяне яшчэ летась накіравалі ў пракуратуру заявы аб узбуджэнні крымінальных спраў у дачыненні да следчых, суддзяў і іншых службовых асоб, датычных да "незаконнага ўтрымання ў зняволенні па палітычных матывах" Аляксандра Казуліна. Пракурорскага рэагавання дасюль не адбылося, але трэба памятаць, што тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці па дадзеным артыкуле (арт.128 УК Беларусі) не абмежаваны. Пакаранне за падобныя "злачынствы супраць бяспекі чалавецтва" прадугледжана цяжкае: не толькі пазбаўленне волі, але і пакаранне смерцю…

Прысуд Казуліну – гэта прысуд судовай сістэме, усёй цяперашняй уладзе Беларусі.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме