17:15 22.07.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Караджыч хаваўся ў Беларусі?
15:16, 22 Июля | Алена Струвэ,
Абставіны магчымага тайнага наведваньня Радаванам Караджычам Беларусі могуць быць высьветлены бліжэйшым часам.
Былы прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбскай Радаван Караджыч быў арыштаваны сэрбскімі ўладамі пасьля атрыманьня інфармацыі ад замежнай выведкі, перадае агенцтва Reuters. Паводле прэзыдэнта Сэрбіі Борыса Тадзіча, Караджчыч ужо даў першыя паказаньні сьледчым суду па ваенных злачынствах у Белградзе.
Паведамляецца, што ў часе першага допыту Радаван Караджыч распавёў, што невядомыя затрымалі яго ўвечары ў пятніцу, калі ён у аўтобусе ехаў ў прымесьце Белграду. Аглядальнікі не выключаюць, што бліжэйшым часам будзе высьветлены факт сакрэтнага знаходжаньня Караджыча ў Беларусі. Паводле Фляранс Артман, колішняй прэсавай сакратаркі былога галоўнага пракурора Гааскага трыбуналу Карлы дэль Понтэ, прыканцы 1990-х гадоў беларускія ўлады хавалі Караджыча ў Беларусі.
Аўтарка выдадзенай ў многіх краінах сьвету кнігі “Мір і пакараньне“ раней у інтэрвію “Свабодзе” паведаміла:
“У гэтай кнізе я напісала, як увосень 1997 Караджчыча прывезьлі ў Беларусь. Тут ён прабыў некалькі месяцаў, аднак гэта было тайнае знаходжаньне. Пра гэта ніхто ня ведаў. Зь Беларусі ў Босьнію ён прыляцеў пры канцы 1997– пачатку 1998. І тут ён стаў яшчэ менш заўважным”.
Паводле Фляранс Артман, яна б вельмі хацела б, каб яе кніга знайшла чытачоў і ў Беларусі.
“Мая кніга – пра складаныя дачыненьні міжнароднага правасудзьдзя і міжнароднай палітыкі. У адным з разьдзелаў на 70 старонках зьмешчаныя дакладныя факты пра Караджыча і Младзіча і пра тое, як міжнародная супольнасьць доўгі час не хацела іхняга арышту”, сказала "Свабодзе" Фляранс Артман.
Паводле Фляранс Артман, арышт Караджыча будзе мець важнае значэньне ў вачох міжнароднай супольнасьці.
“Пакуль падобныя злачынцы застаюцца на волі, людзі ня вераць, што міжнародныя арганізацыі ў стане кантраляваць сытуацыю, што ў сьвеце можна прадухіліць новую жорсткасьць і новыя злачынствы,” – кажа Фляранс Артман.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме