21:15 15.07.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Улады штурхаюць апазыцыю да байкоту
18:26, 15 Июля | Генадзь Косараў,
Пасьля хвалі масавых затрыманьняў і ператрусаў у дэмакратычных актывістаў пасьля выбуху ў цэнтры Менску ноччу 4 ліпеня, а таксама разгону мірнай акцыі салідарнасьці з затрыманымі апазыцыянэрамі, што абылася на Кастрычніцкай плошчы ў беларускай сталіцы ў панядзелак, і зьбіцьця амапаўцамі лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі сытуацыя, у якой адбываецца кампанія па выбарах дэпутатаў парлямэнта, абвастрылася.
— Апошнія падзеі, што адбываюцца, пацьвярджаюць, што агульная сытуацыя вакол выбараў не мяняецца, ідзе прэсінг на грамадзянскую супольнасьць у розных праявах, — адзначае віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. — Мы бачым канкрэтны перасьлед кандыдатаў у кандыдаты, мы бачым перасьлед тых людзей, якія былі вылучаныя ў выбарчыя камісіі, перасьлед актывістаў будучых камандаў кандыдатаў, а выбух, які адбыўся ў Менску, выклікаў нэрвовасьць і гістэрыю ў адносінах да любых праяваў грамадзянскай актыўнасьці. Гэта можна параўнаць з падзеямі васьмідзесяцігадовае даўніны, калі адбылося забойства Кірава і калі пачалі ціснуць усіх, хто меў пэўную пазыцыю і стаўленьне да тагачасных уладаў.
На думку праваабаронцы, усё гэта кладзецца ў канцэпцыю агульнага непрыняцьця плюралізму ў краіне.
— Мы гэта можам канстатаваць ужо сёньня, таму казаць пра нейкую нармальную сытуацыю, пра нармальныя выбары ўжо зараз амаль не даводзіцца, - лічыць экспэрт “Заўтра тваёй краіны”. – Таму нельга выключаць сытуацыю, калі апазыцыя вырашыць байкатаваць гэтыя выбары. Канешне, рашэньне будуць прымаць палітычныя партыі, але ў прынцыпе сытуацыя для выбараў вельмі неспрыяльная.
Палітоляг Валеры Карбалевіч:
— З аднаго боку, маюць месца арышты прадстаўнікоў апазыцыі па падазрэньні ў прыналежнасьці да выбуху, разгон панядзелкавай вулічнай акцыі, іншыя сілавыя дзеяньні, а з іншага боку, нечакана вялікая колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі прызначана ў акруговыя выбарчыя камісіі, - адзначае аналітык. – Гэтым самым перад апазыцыяй паўстае такая праблема, што ня ўсё так проста. Лідэры апазыцыі падчас сустрэчаў з афіцыйнымі прадстаўнікамі эўрапейскіх структураў даказвалі, што крытэрыямі правядзеньня дэмакратычных выбараў будуць уключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі, рэгістрацыя кандыдатаў і гэтак далей. І вось першы крок нібыта зроблены, то бок, канешне, ня ўсе сто зь нечым прадстаўнікоў уключаныя, а толькі некалькі, але ж крок наперад мае месца, і гэта ставіць кіраўнікоў апазыцыі ў даволі цяжкае становішча. То бок, аргумэнты працуюць на два бакі: з аднаго можна ўдзельнічаць, з іншага – нельга. Таму такая даволі гнуткая палітыка ўладаў пакуль не дазваляе апазыцыі зрабіць адназначны выбар, тым больш што машына ўдзелу ў выбарчай кампаніі ўжо пачала працаваць.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме