21:15 15.07.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Улада нічым не рызыкуе<BR><BR>Нулі бяз палачкі ды асятрына другой сьвежасьці
17:20, 15 Июля | Аляксандар Класкоўскі,
На нарадзе 10 ліпеня афіцыйны кіраўнік загадаў зладзіць выбары "гранічна адкрыта, дэмакратычна ды празрыста".
Калі "рабіць празрыста" ёсьць загадам, а не пастулятам, то лягічна вынікае, што "магчымыя варыянты". Гэтак сама пасьля выбуху ля стэлы, калі адразу стала зразумела, што шыла ў мяху не схаваеш, мэдыям было загадана "гаварыць людзям праўду". Карацей, ручное кіраваньне ў дзеяньні.
Згадка ж пра Захад, хай сабе і са своеасаблівымі акцэнтамі: мы робім выбары не для "іх", а для сябе, — якраз і выдае зацікаўленасьць кіраўніцтва ў паразуменьні з Эўропай. Гэтае жаданьне актуалізуецца пэрспэктывай барацьбы з расейскім мядзьведзем за новы газавы кантракт пры канцы году.
Выглядае на тое, што ёсьць стратэгія: болей-меней карэктным выкананьнем шэрагу фармальнасьцяў стварыць карцінку адносна цывілізаванай кампаніі і потым рытарычна запытацца ў прыдзіраў-заходнікаў: ну, чаго вы яшчэ ад нас хочаце?
Надзея зарабіць ня самыя правальныя балы падтрымліваецца адчуваньнем, што эўрапейскія дзеячы стаміліся біцца як рыба аб лёд у беларускім пытаньні і згодзяцца заплюшчыць вочы на фокус з падменай тавару: замест рэальных элемэнтаў дэмакратызацыі — бразготкі. Ну а калі фінальным акордам кампаніі дыпляматычнага прарыву стане вызваленьне самі-ведаеце-каго — шанцы на тое, што Брусэль растане, рэзка падвышаюцца.
Пакуль жа замежнікам настойліва накідаюць асятрыну другой сьвежасьці. Дэкрэт пра улучэньне ў ЦВК сябраў партый выдаюць за дэмакратычную сэнсацыю, хоць такі ж дэкрэт прымаўся і чатыры гады таму. Афіцыйныя асобы замоўчваюць (чытайце першакрыніцы, панове!), што гэтыя сябры пазбаўленыя права ня толькі галасаваць, але і браць удзел у праверках, якія ладзяцца Цэнтарвыбаркамам. Карацей, нулі бяз палачкі.
Калі нейкае каліва апазыцыйных прадстаўнікоў улучаць у іншыя камісіі, то гэта, канечне ж, ня створыць крытычнай масы. Фармальную роўнасьць умоў для кандыдатаў таксама можна болей-меней датрымаць. Ну, бяз дробнага фолу не абыдзецца, але ж па вялікім рахунку сапраўды няма патрэбы так ужо дадушваць "эфэмэрную апазыцыю". Пяць хвілін выступу па радыё ў нязручны час ці 50 базавых адзінак на плякаты — гэта катовы слёзы. Рэвалюцыі ня будзе, а між тым у графах "роўны доступ да СМІ" і "роўныя ўмовы агітацыі" можна ставіць птушкі.
Разам з тым, калі прэзыдэнт падпіша (а гэта можа адбыцца днямі) новы закон аб СМІ — гэта ўдарыць па рэштках незалежных мэдыяў, у прынцыпе перакрые кісларод альтэрнатыўнай думцы. То бок у сыстэмным пляне гайкі толькі закручваюцца.
Апазыцыю сапраўды зрабілі амаль што эфэмэрнай. На яе маргіналізацыю рэпрэсіўная машына працавала 14 гадоў. І цяпер фармальная роўнасьць у выглядзе пяціхвілінкі эфіру выглядае як зьдзек. Хаця б таму, што прапагандысцкія "пяціхвілінкі нянавісьці" зрабілі ды працягваюць рабіць сваю чорную справу. Улада ўжо дамаглася, што выбухі чэпка асацыююцца з апазыцыяй. Хай сабе потым і высьветліцца недатычнасьць тых, каго зараз трасуць, — абываталю запала ў падкорку: ці то яны кажух укралі, ці то ў іх…
На нарадзе па выбарах прагучала: няхай кожны апазыцыянэр адкажа, дзе ён працуе! Відаць, праца палітыка ім паводле змаўчаньня забараняецца. Раней начальства параіла электарату цікавіцца ў апазыцыянэраў, ці пасадзілі тыя хоць па адным дрэве. Дык гэта кандыдаты на працу ў батанічным садзе ці на месцы ў парлямэнце?
Калі ж сур’ёзна, то ўлады выдатна разумеюць, што ніякай Плошчы ў верасьні ня будзе. Каб у краіне нарос слой нейкага палітычнага гумусу, патрэбен час нават пры ўмове заўважнае адлігі. А таму гульня ў строга вызначаных межах для ўлады прымальная: яна нічым не рызыкуе, а вось брусэльскі плод можа і сарваць.
Між тым апазыцыя ўжо выказала заходнікам сваю занепакоенасьць пэрспэктывай "камэрцыялізацыі" дыялёгу між Захадам ды Менскам. Яна ня згодная на "квоту мандатаў" замест зьмякчэньня рамкавых палітычных умоў.
Застаецца пытаньне, наколькі стаміўся біцца галавой аб беларускую сцяну Захад. Неўзабаве мы гэта убачым.
P.S. Тым часам пайшла хваля паведамленьняў пра новыя затрыманьні апазыцыйных актывістаў. Сілавікі, якім накруцілі хвасты, могуць перагнуць кій ды сапсаваць кіраўніцтву дзяржавы сцэнар легітымацыі чарговых выбараў. Лідэры АДС, ва ўсякім разе, загаварылі пра "зьмену фармату ўдзелу".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме