21:30 09.07.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Падрыўнікоў шукаюць у "Белым легіёне"
19:46, 9 Июля | Любоў Лунёва,
На фота:Ігар Корсак, адзін з затрыманых
Супрацоўнікі КДБ затрымалі трох чалавек, якіх падазраюць у датычнасьці да выбуху 4 ліпеня. Сьледчыя шукаюць доказы таго, што падчас сьвяточнага канцэрту ў ноч на 4 ліпеня менавіта гэтыя людзі падклалі самаробную бомбу ў натоўп гледачоў. У ізалятары часовага ўтрыманьня знаходзяцца Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі і Сяржук Чыслаў.
Ігар Корсак, Міраслаў Лазоўскі і Сяржук Чыслаў трапілі ў камэру пасьля таго, як у іхніх кватэрах зрабілі ператрус.
8 ліпеня на кватэру да цешчы 34-гадовага Ігара Корсака прыйшлі чацьвёра супрацоўнікаў КДБ. Яны патлумачылі, што маюць загад правесьці ператрус у кватэры. Паводле супрацоўнікаў КДБ, прозьвішча Ігара занесена ў базу дадзеных. Сваякі казалі, што 3 ліпеня яны былі ўсёй сям’ёй на лецішчы. Прыехалі ў Менск а 9 вечара, і Ігар знаходзіўся дома.
Жонка Ігара Вольга Корсак паведаміла “Свабодзе”:
“Сказалі, што гэта ў іх такая разнарадка, што ім спушчана дырэктыва, што яны атрымалі загад і таму гэта ня толькі ў нас, а адбываецца масава. Яны, калі яго забіралі, сказалі, што ён прабудзе ў іх гадзіну-паўтары. Напіша тлумачэньне, і яго адпусьцяць.
Ён адтуль чатыры разы тэлефанаваў. Спачатку два разы ўдакладняў, як канкрэтна называецца лецішча. Справа ў тым, што яно маё, і таму ён пытаўся, як правільна напісаць назву. Яшчэ раз патэлефанаваў, што ён затрымліваецца, бо чакае сьледчага. А апошні раз патэлефанаваў каля 12 ночы, што яго затрымліваюць на 72 гадзіны. Затрымалі абсалютна невінаватага чалавека”.
Супрацоўнікі КДБ знайшлі сярод інструмэнтаў пакунак з балтамі і гайкамі, а таксама гумовыя пальчаткі. У кампутары яны шукалі файлы са словам “тратыл”, але нічога не знайшлі. Уначы Ігара пасьля допыту ў КДБ адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.
Міраслава Лазоўскага таксама затрымалі пасьля таго, як на кватэры правялі ператрус.
Яго жонка Ніна Шыдлоўская апавяла “Свабодзе”:
“Цягам пяці гадзінаў праглядаліся ўсе паперы і двойчы кватэра правяралася сабакам. Забралі 31 прадмет. Сярод гэтых рэчаў чамусьці палічылі, што могуць мець дачыненьне да справы, якую распачалі ў зьвязку з выбухам, візытоўкі, нататнікі, дыскеты старыя, відэаматэрыялы, зьвязаныя з маім удзелам у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, а таксама сыстэмны блёк.
Пакуль адбываўся ператрус, супрацоўнікі КДБ забралі майго мужа Міраслава з працы і адразу адвезьлі ў гарадзкое ўпраўленьне”.
Сяржук Чыслаў стала жыве ў Маскве. Яго маці вельмі зьдзівілася візыту супрацоўнікаў КДБ. Яна нават ня ведала, што сын быў у Менску.
“Пастукаліся на лецішча. Шукалі выбуховыя прыстасаваньні. Прагледзелі цьвікі, якія ў нас падрыхтаваныя для будоўлі. Ператрэсьлі ўсё, што было магчыма. Сабака абышоў увесь участак, шукаў выбуховыя прыстасаваньні. У доме шукалі каштоўнасьці чамусьці. Папрасілі адкрыць два пакеты соку.
Потым патэлефанавала дачка і пытаецца, як адчыніць шафу, бо не адчыняецца другая створка. Я спыталася, у чым справа. А яна: “У мяне ператрус”. Ёй сказалі, што пакеты з-пад соку “Садочак” самаробныя, бо аб’ёмам на адзін літар пакетаў не бывае. У яе забралі пусты пакет і старую бляшанку лаку з балькону”.
Ігар Корсак, Сяржук Чыслаў і Міраслаў Лазоўскі каля дзесяці гадоў таму ўваходзілі ў незарэгістраваную арганізацыю “Белы легіён”, якая ўзьнікла ў 1990-х гадох мінулага стагодзьдзя. Актывісты “Белага легіёну” заяўлялі пра неабходнасьць бараніць незалежнасьць Беларусі. Пра прыналежнасьць актывістаў арганізацыі да экстрэмісцкай дзейнасьці нічога не вядома. Апошнія некалькі гадоў пра акцыі з удзелам “Белага легіёну” не паведамлялася.
Паводле заканадаўства, сьледчыя маюць права ўтрымліваць Ігара Корсака, Сержука Чыслава і Міраслава Лазоўскага без прад’яўленьня абвінавачаньня 72 гадзіны. Але пракурор можа працягнуць гэты тэрмін, калі трэба для сьледчых дзеяньняў, яшчэ на 10 сутак.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме