19:30 01.07.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Тэставаньне выявіла заняпад школы?

17:45, 1 Июля | Іна Студзінская,

Цэнтралізаванае тэставаньне праводзіцца ў Беларусі ўжо трэці год. Сёлета выпускнік мог выбраць толькі тры прадметы, па якіх здаваць тэст. Да гэтага дадаецца сярэдні бал атэстата, і агульную суму балаў ён падае ў прыёмную камісію на пэўны факультэт. Мінімальная шкала сёлета была вызначана ў 20 балаў. Вынікі цэнтралізаванага тэставаньня прывялі ў шок ня толькі саміх абітурыентаў і іх бацькоў, але і чыноўнікаў ад адукацыі, настаўнікаў.

Многіх уразіла ня толькі вялікая колькасьць абітурыентаў, якія не атрымалі мінімальныя 20 балаў, неабходных для падачы дакумэнтаў у ВНУ, а і тое, што амаль 80% не дацягнулі нават да паловы — да 50 балаў. Гэта азначае, што яны проста не засвоілі школьны курс.

Адказны сакратар Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеньнем уступных іспытаў Валер Аўсяньнікаў адзначыў, што ў цэлым вынікі тэставаньня вельмі прыкрыя:

“Гэтая сытуацыя будзе прадметам сур’ёзнага дасьледаваньня і аналізу. Да чаго прыйдзем — пакуль ня ведаю, але вывучаць будзем”.

Аднак сп. Аўсяньнікаў запэўніў, што плянаў адмяніць сыстэму тэстаў няма:

“Не, не, не! Пра гэта размова ня йдзе, такіх прапаноў не было і, спадзяюся, ня будзе. Таму што гэта сапраўды аб’ектыўная ацэнка, на тэставаньні. Усе абітурыенты ў роўных умовах, нават калі тэсты завышанай складанасьці. Усё адно яны адзіныя для ўсіх”.

Наколькі аб’ектыўна тэсты ацэньваюць веды — пытаньне дыскусійнае. Выкладчык матэматыкі з 37-гадовым стажам Міхась Булавацкі перакананы:

“Аб’ектыўна ацаніць веды — ні адна форма ня мае такой магчымасьці. Я кажу менавіта пра матэматыку, ня буду казаць пра іншыя дысцыпліны. У сёньняшні час тэсты — найлепшы варыянт. Астатнія — горшыя. Матэматыка ня столькі дае магчымасьць правяраць веды, колькі дае магчымасьць правяраць узровень мысьленьня”.

Настаўніца беларускай мовы зь вялікім стажам, аўтарка многіх падручнікаў Валянціна Сіўковіч у дачыненьні да мовы перакананая:

Валоданьня мовай тэст не ацэніць ні за што. Тэсты — гэта трэба ведаць мову ў сыстэме. Усю. Што, да чаго, дзе і як, і як зьвесьці канцы з канцамі. Бо, безумоўна, усяго прадугледзець ні рэпэтытар, ні выкладчык ня зможа. Як убачыць тыя пасткі, калі ў адным заданьні схавана два ці тры пытаньні? Навучыць прадугледжваць усё толькі нацягваньнем можна. Нават калі дзіця ведае ўсю праграму. Проста нейкі заняпад у школе...”

У апошніх клясах мінімальная колькасьць гадзін беларускай і расейскай мовы — па адной. Вынік — 27% абітурыентаў здалі тэст па беларускай мове ніжэй за 20 балаў, 41% — фактычна правалілі расейскую мову. Дрэнныя вынікі па матэматыцы, гісторыі — фактычна па ўсіх прадметах адмысловая камісія ў тэрміновым парадку зьнізіла мінімум: па мовах — да 13 балаў, па гісторыі — да 16, па матэматыцы — наагул да 8 балаў. Узровень падрыхтоўкі вучняў катастрафічна нізкі, а тэсты занадта складаныя, кажа Міхась Булавацкі:

“Калі б тэсты былі простыя, усе б напісалі на 100 балаў, і тады не было б каго выбраць. Тэсты павінны рабіць гэтую градацыю: хто лепш ведае, хто горш.

Веды адпаведныя даюць ліцэі, гімназіі, магчыма, некаторыя школы. А звычайная школа, нават калі настаўнік будзе вельмі добра працаваць, не дацягне да патрэбнага ўзроўню. Ён дацягне максымум да ўзроўню 50 балаў. Гэта максымум.Праграму, вядома, трэба разгружаць. Але ж ВНУ не зацікаўленыя, каб да іх ішлі выпускнікі звычайных школ, а не ліцэяў і гімназіяў”.

Так, але ў ліцэях і гімназіях вучыцца ня больш за 10% школьнікаў. Наперадзе — чарговая рэформа, скасуюць профільныя клясы, выпускнікам давядзецца адолець праграму двух гадоў за год. Таму, на думку палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, будзе яшчэ горш:

“Думаю, што ў наступныя два гады ўсё будзе значна складаней. Тады будзе блытаніна з праграмамі ў сувязі са скасаваньнем 12-годкі. У некаторых школах прапушчаныя цэлыя клясы і скасаваныя пэўныя курсы... Гэта будзе трагедыя дзяцей, якая запраграмаваная памылкамі кіраўніцтва Мінадукацыі”.

2 ліпеня — апошні шанец прайсьці тэсты ў тых, хто не пайшоў здаваць астатнія прадметы пасьля недабору па першым. Выпускнікі ў разгубленасьці яшчэ і таму, што з-за абмежаваньня колькасьці прадметаў да трох у іх, па сутнасьці, няма выбару. Калі чалавек раней вырашыў ісьці на правазнаўства, міжнародныя адносіны, дзе конкурс звычайна вельмі высокі — ён ужо ня можа падаць дакумэнты на іншы факультэт: туды трэба было здаваць тэсты па іншых прадметах. Чыноўнікі экспэрымэнтуюць — церпяць выпускнікі. У наступным годзе будзе два выпускі, да якіх дададуцца яшчэ і тыя, каму не пашанцавала сёлета.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме