23:15 24.06.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Пра што дыялёг?

21:00, 24 Июня | Мікола Бугай,

Адбылося паседжаньне падкамітэту па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. У Страсбургу выступілі Лябедзька і Красуцкі.

Першым трымаў слова спэцдакладчык па Беларусі Андрэа Рыгоні. Ён прапанаваў да падпісаньня дэклярацыю з заклікам зьнізіць цану візаў для беларусаў.

Пасьля яго слова меў дэпутат палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі. Ён назваў сытуацыю ў адносінах Беларусі і ПАРЭ “ненармальнай”. Беларускі бок зрабіў некалькі крокаў насустрач. “Шэраг асобаў, якім ПАРЭ надавала асаблівую ўвагу, выйшлі на свабоду”, — заявіў ён. Ён акцэнтаваў увагу на эканамічных дасягненьнях краіны. Сказаў, што беспрацоўе ў Беларусі трымаецца на ўзроўні 1%, а інвэстыцыі ў сродкі вытворчасьці вырасьлі на 27%. Што да правоў чалавека, то ён заклікаў не дапусьціць, каб гэтае “паняцьце” стала “прадметам гандлю, спэкуляцыі ў барацьбу за ўладу”.

Ён зьвінаваціў ПАРЭ ў тым, што ад Беларусі патрабуюць выканаць крытэры сяброўства для таго, каб распачаўся мінімальны дыялёг.

У выпадку пачатку глыбшага дыялёгу, сказаў ён, ПАРЭ атрымае надзейнага партнёра ў пытаньні дэмакратызацыі – парлямэнт “зь ягоным 12-гадовым вопытам”, сказаў ён.

Ён падрабязна расьпісаў увядзеньне нормы пра сяброў Цэнтравыбаркаму з дарадчым голасам.

Ці будзе крытыка канструктыўнай, будзе залежаць не ад нас, заявіў Красуцкі.

Ён прапанаваў, каб, як у 1999-2003 гадах, ПАРЭ накіроўвала запрашэньні палаце прадстаўнікоў, а яны прыяжджалі за свой кошт. “Я ўжо не гавару пра статус спэцыяльна запрошанага”, адзначыў ён. Супрацоўнік пасольства Беларусі ў Францыі Андрэй Сухарэнка ўважліва на яго паглядзеў.

Цікава, што Красуцкі ў кулюарах прызнаваўся, што ён адбыў свой апошні тэрмін у палаце прадстаўнікоў.

За ім выступаў Лябедзька.

Свой выступ ён пачаў з Закону пра СМІ. Чаму ён быў прыняты ў сьпешным парадку? – запытаўся ён.

АДС прапанавала зьмены ў Выбарчы кодэкс. Яны не былі нават разгледжаныя. Кандыдаты ня маюць доступу СМІ, ня могуць нават сустракацца з выбарцамі, працягваў Лябедзька.

Рада Эўропа ня месца для гандлю, папярэджваў ён. АДС трэба ня 2, 3, 10 мандатаў, а свабодныя СМІ і ўключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі, а таксама магчымасьці кантролю назіральнікаў за падлікам галасоў.

Лябедзька падтрымаў узнаўленьне інстытуту парлямэнцкай “тройкі”, у якую ўваходзілі прадстаўнікі ПАРЭ і Эўрапарлямэнту.

Што да сяброў Цэнтравыбаркаму з дарадчым голасам, то яны ня будуць мець ніякага ўплыву на прыняцьцё рашэньняў, зазначыў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

У спрэчках выступілі таксама Тацяна Гацура з Хельсынскага камітэту і зноў Рыгоні. Апошні нахвальваў перавагі дыялёгу. “Але пра што дыялёг? Што няможна чалавека садзіць за ўдзел у маніфэстацыі? Што галасы на выбарах трэба лічыць? Які дыялёг можа быць вакол гэтых пытаньняў?” – ня вытрымаў дэпутат ад Вугоршчыны.

На тым і разышліся.

Анатоль Лябедзька яшчэ перагаварыў з паслом Беларусі ў Францыі Паўлоўскім. Як невыязному, яму, пэўна, было пра што спытацца ў былога галоўнага памежніка краіны.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме