20:45 24.06.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Візыт стаўся рытуальным<BR><BR>«Куляліся, спатыкаліся, але гэта было магутнае прасоўваньне наперад»
19:07, 24 Июня | Аляксандар Класкоўскі,
Мядзьведзеў з Лукашэнкам 22 чэрвеня ў Берасьці не пашкадавалі патэтычнай рыторыкі дзеля шырокай публікі, аднак у вузкім коле ды сам-насам гаворка выглядала пэўна ж ня так парадна. Па выніках перамоў прынятая дэклярацыя з агульных тэзаў пра вынікі вайны ды паглыбленьне інтэграцыі.
Рытуальны антураж быў зручны для высокага госьця: ягоны лібэральны імідж не пацярпеў. Ну ў каго язык павернецца ганіць: прыляцеў жа не ў "апошнюю дыктатуру Эўропы", а на сьвятую зямлю, палітую крывёю ўдзельнікаў супольнага змаганьня!
Адметны момант: афіцыйныя лідэры асудзілі ў супольнай дэклярацыі спробы рэвізаваць вынікі Другой сусьветнай вайны, але пры гэтым Мядзьведзеў прагаварыўся, што на перамовах "была зробленая рэвізія розных праектаў, руху па розных кірунках нашага ўзаемадзеяньня". Такім чынам, колішняе сумеснае гніеньне ў акопах зусім не забясьпечыла посьпеху "братняй інтэграцыі". Міталягізаваныя рытуальныя рэчы і рэальнае жыцьцё разышліся. Яшчэ болей, ужо між Масквою ды Менскам разгарнулася чарада войнаў: цукровых, піўных, газавых і г.д.
Пакручасты сюжэт рэалізацыі саюзнага праекту Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў афарыстычнай фразай-аксюмаранам пра "восем гадоў (з часу падпісаньня саюзнае дамовы ў 1999-м. — А.К.), якія мы, працуючы, куляліся, спатыкаліся, але гэта было магутнае прасоўваньне наперад". Прынятай ў Берасьці дэклярацыяй бакі засьведчылі намер "паглыбляць" вось гэтакую супярэчлівую інтэграцыю.
Зразумела, тэкст выніковага дакумэнту рабіўся загадзя і паводле азначэньня ня мог адлюстраваць сапраўдны сюжэт дыялёгу. Хаця і ў гэтым вылізаным, таксама ў значнай ступені рытуальным тэксьце дасьведчанае вока бачыць драму супярэчнасьцяў: Масква падкрэсьлівае імпэратыў рынкавых дачыненьняў, Менск нагадвае аб прынцыпах вялікай дамовы 1999 году, у якой нябожчык Ельцын шчодра адваліў правоў беларускаму боку.
Напярэдадні сустрэчы ў Берасьці крамлёўскія крыніцы без эківокаў артыкулявалі: размова пойдзе пра энэрганосьбіты і ўвесь комплекс эканамічных ўзаемінаў, якія расейскі бок будзе і надалей пасьлядоўна пераводзіць на рынкавы грунт. Падтэкст: "овёс нынче дорог", так што на танны газ не спадзявайцеся!
Амбасадар Сурыкаў і людзі з "Газпрому" цьвердзяць пра 200 даляраў з новага году. І так, маўляў, атрымаецца ўдвая таньней, чым для Заходняй Эўропы. Што ёсьць чыстай праўдай. Эканамісты кажуць, што дэ-факта расейскі энэргетычны грант Беларусі нават вырас, бо пад заявы пра пераход да прагматычных стасункаў нажніцы між цаной для праклятых буржуінаў і для браткоў-беларусаў яшчэ паболелі на нашу карысьць.
Між тым беларускі ўрад закладае ў бюджэт-2009 газ па 140 даляраў і даўно падбівае кліны, каб увогуле перайграць тую чортаву "эўрапейскую формулу", на якую Менск мусіў згадзіцца ў форс-мажорных варунках, амаль што пад бой курантаў на мяжы 2007 году. Тутэйшыя чыноўнікі прыводзяць "жалезны" аргумэнт: ня думалі, што будзе так дорага! Пры гэтым маўчаць, што тая ж шалёная каньюнктура на рынку энэрганосьбітаў дазваляе Беларусі зь вялікім наварам прадаваць на Захад нафтапрадукты.
22 чэрвеня ў Берасьці Мядзьведзеў заявіў, што "саюзную дзяржаву" трэба напоўніць рэальным зьместам. Які зьмест ўкладае ў гэты праект Масква, мы прыкладна ўяўляем. Канечне, усё маскуецца эўфэмізмамі. Кшталту: трэба прасоўваць валютную інтэграцыю (чытай: уводзьце расейскі рубель!). І г.д. Летась ў жніўні, падчас чарговага канфлікту вакол газу, Аляксандар Лукашэнка прызнаўся: пры словах пра раўнапраўны зьвяз у Маскве толькі "надзімаюць шчокі".
І яшчэ тады было яскрава растлумачана (дазволю сабе вялікую цытату, пра якую многія забыліся): "Што канцэптуальна, у цэлым хоча ад нас Расея — гэта ўжо для вас не сакрэт. Я дазволю сабе ўпершыню гучна аб гэтым сказаць: Расея хацела б прыватызаваць ня толькі асобныя прадпрыемствы, якія мы ў сярэдзіне 90-х гадоў (калі прадпрыемствы "стаялі на каленях", калі 30 даляраў быў самы высокі заробак) узьнімалі за кошт нашага дабрабыту… Дык вось, яны хочуць прыватызаваць ня толькі гэтыя прадпрыемствы, няхай бы прыватызаваць — бясплатна прыхапіць. Яны хацелі б прыватызаваць усю краіну!"
Тут няма падстаў ня верыць афіцыйнаму кіраўніку, зь якім тэт-а-тэт спрабуюць "вырашыць пытаньні" расейскія тузы.
Дык вось, калі разабрацца, адкінуць рытуальныя заявы пра гатовасьць легчы пад танкі, дык трэба канстатаваць, што сёньня экспансія насоўваецца на нас ўжо ня з Захаду, а з супрацьлеглага боку.
Зрэшты, акурат напярэдадні візыту Мядзьведзева беларускаму начальству зрабілі падарунак амэрыканцы на пару зь летувісамі, цішком распачаўшы перамовы пра разьмяшчэньне супрацьракетаў на выпадак, калі Вашынгтон не дамовіцца з натурыстымі палякамі. Каціроўкі "беларускага пляцдарму" адразу вырасьлі. Хочуць расейцы атрымаць грунт для "асымэтрычнага адказу" — хай ня будуць жміндамі!
P.S. Лукашэнка запрасіў госьця ў Віскулі. Так што кропкі над "і" не расстаўленыя.
P.P.S. У панядзелак "Коммерсант" рэзюмаваў, што, мяркуючы па выніках перамоў у Берасьці, "ніякіх прарыўных рашэньняў у дачыненьнях дзьвюх краінаў чакаць не выпадае". Шэраг наглядальнікаў робяць выснову: візыт аказаўся-такі пераважна рытуальным, а вострыя пытаньні (газ ды інш.) проста адсунутыя на потым.
Ссылки по теме:- 03.06.2008 -
- 23.06.2008 -
- 10.06.2008 -
- 06.06.2008 -
- 29.12.2006 -
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме