22:30 20.06.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"

Апошнія дні Быкава

20:14, 20 Июня | Сяргей Будкін,

— Па закону Боскаму і чалавечаму трэба жыць дома, але не ўсім выпадае такое шчасце. Залежыць ад таго, які гэта дом. Бывае, што і эміграцыя - шчасце, паратунак…

Падаецца, яшчэ зусім нядаўна Васіль Быкаў дзяліўся сваімі развагамі пра Радзіму ды эміграцыю. Гэтыя словы ён казаў беларускай “Свабодзе” незадоўга да таго, як вырашыў паехаць на Радзіму. Некалькі год ён жыў за мяжой, як сам неаднойчы казаў на змушанай эміграцыі. І свой апошні пры жыцці дзень народзінаў Быкаў адзначыў на Радзіме, праўда, ўжо ў анкалагічным шпіталі ў Бараўлянах.

Зянон Пазьняк — адзін з тых, хто падтрымліваў з ім кантакт да апошніх дзён. У сваіх “Развагах на смерць Быкава” ён прыгадваў апошнюю размову па тэлефоне з пісьменнікам:

— Голас ягоны быў вельмі сумны, казаў, што аперацыя ў Празе не дапамагла, робіцца горай. Толькі калі я паклаў слухаўку, зразумеў, што Быкаў прыехаў у Мінск назаўсёды, ведаючы пра гэта сам. За тыдзень да смерці яму стала лепш, і мы з сябрамі радаваліся паляпшэнню, мелі спадзяванні.

Сам Быкаў пахаваў нямала сваіх блізкіх сяброў. Калі ў 94-м пайшоў з жыцця ягоны паплечнік Алесь Адамовіч, Васіль Уладзіміравіч як мог падтрымліваў яго сям’ю. Дачка Адамовіча Наталля прыгадвае, што не было ніводнага свята, з якім бы не павіншаваў іх Васіль Быкаў:

— Пасля смерці таты ён нам з мамай увесь час дасылаў віншаванні, нават калі яны з Ірынай Міхайлаўнай з’ехалі за мяжу. І не толькі на Новы год, не забываўся нават на 8 сакавіка, на нашы дні народзінаў дасылаў паштоўкі. Было вельмі прыемна.

Паэт Генадзь Бураўкін можа распавядаць пра Васіля Быкава гадзінамі. Ён згадвае тыя часы, калі добрым падарункам лічыўся стос якаснай паперы. Гэта было ў 70-х. На дзень народзінаў Быкава Генадзь Бураўкін разам з сябрамі недзе адшукалі фінскую паперу, паклалі яе ў прыгожы куфэрак ды выправіліся да пісьменніка, які ў той жыў жыў у Гродне:

— Падарылі са словамі: “Каб ты на добрай паперы пісаў добрыя творы, як ты можаш”. Васіль крыху ўзрадаваўся і як заўжды пажартаваў: “Такія куфэркі трэба дарыць Льву Талстому, а мне і паменей можна. Цяпер як мне апраўдвацца перад вамі, гэта ж колькі трэба напісаць”.

Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі заўжды дзівіўся актыўнасці Васіля Быкава. Калі ён яшчэ жыў у Беларусі, то заўжды прысутнічаў на паседжаннях Беларускага народнага фронту. Палітык заўважае, што для Быкава не было “чужой” тэмы і згадвае, якую цікавасць ён выяўляў да эканамічных пытанняў:

— Ён не эканаміст з адукацыі, чалавек з іншай сферы, меў сусветную вядомасць, яго літаратурная дзейнасць - гэта тое, што магло яго займаць цалкам. Але ж не, ён задаваў пытанні наконт эканамічных выкладак, якія я даваў, лічыў патрэбным выступіць пасля дакладу з сваімі заўвагамі.

Фатограф Андрэй Лянкевіч бачыў Быкава ўсяго адзін раз. Васіль Уладзіміравіч завітаў у рэдакцыю газеты “Наша Ніва”, калі вярнуўся з Чэхіі на Радзіму. Так атрымалася, што Андрэй зрабіў апошні прыжыццёвы здымак народнага пісьменніка:

— Адмыслова яго тады ўжо не здымалі, усе ведалі, што ён хворы, і гэта было крыху неэтычна. Калі ён пачаў падпісваць кніжкі, седзячы ў пакоі, я проста пачаў здымаць. Уразіла тое, што ён выглядаў зусім не так, як я яго прывык бачыць у кніжках. Гэта быў іншы чалавек. Было бачна, што ён прыехаў паміраць, у вачах было нешта трагічнае.



Источник: Объединенная Гражданская Партия

  Обсудить новость на Форуме