19:30 13.06.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Закон у рэжыме абваранай кошкі
17:34, 13 Июня | Александр Класковский,
Колькі б ні білі сябе ў грудзі дзяржаўныя мужы, адмаўляючы цэрберскія намеры, але паспешлівае працягванне законапраекту аб СМІ цераз парламент міжволі нагадвае чарговую спецаперацыю супраць незалежнай прэсы. Каб ашаломленая медыйная супольнасць не паспела схамянуцца і ўзняць вялікі шум.
Дакумент рыхтаваўся келейна, без ўдзелу гэтай самай супольнасці. Яшчэ болей: цьмяныя выказванні чыноўнікаў толькі напускалі туману, дэзарыентавалі публіку. То нібыта будзе ўказ пра інтэрнэт, то, маўляў, ні пра які ўказ увогуле не ведаем… І вось як снег на галаву — 10 чэрвеня праект фактычна новага медыйнага закона (гэта, прабачце, зусім не тэхнічныя папраўкі!) трапляе ў Палату прадстаўнікоў з Саўміну і адразу ж уносіцца ў парадак дня сесіі.
Што за форс-мажор? Які тайфун пагражае медыйнай сферы самай стабільнай на свеце рэспублікі? Няўжо няма болей надзённых клопатаў у кіроўных вярхоў у той час, калі ў галоп пайшла інфляцыя, Масква палохае дарагім газам і да касмічных памераў вырасла адмоўнае сальда замежнага гандлю? Не, бачыце, на гэтым фоне чамусьці закарцела прымаць ў рэжыме абваранай кошкі менавіта закон, датычны няшчасных медыяў, якія паводле міжнародных рэйтынгаў і так ці не самыя заціснутыя ў свеце!
БАЖу пашэнціла неафіцыйна атрымаць тэкст за лічаныя дні да тае даты, калі закон мяркуецца прыняць на сесіі. Эксперты арганізацыі адзначылі асобныя плюсікі гэтага нарматыўнага акту, але непараўнальна болей ўбачылі пастак для незалежных СМІ. Тут вам і рэгістрацыя інтэрнэт-выданняў праз падзаконныя акты, і болей жорсткія патрабаванні датычна акрэдытацыі журналістаў, крыніц фінансавання СМІ, адказнасці выдаўцоў… Юрысты БАЖу, іншыя прадстаўнікі медыйнай супольнасці выказалі сур’ёзныя заўвагі, але няма ніякай гарантыі, што іх меркаванні будуць улічаныя.
Дык нашто спатрэбілася так фарсаваць гэты закон?
Аналітыкі бачаць тут толькі адзін імператыў — палітычны. Чарговыя выбары ў Палату ўжо на носе, не за гарамі і прэзідэнцкія. Асабліва дапякае вярхам «анархія ў Інтэрнеце». То бок вольны распаўсюд альтэрнатыўнай інфармацыі. Так што спяшаюцца накінуць аброць.
Іншая рэч, што Сеціва голымі рукамі не возьмеш. Інтэрнет ствараўся на выпадак ядзернай вайны, і таму звычайнымі забараняючымі фугасамі тут надта рады не дасі. Наверсе яшчэ будуць маракаваць, як ямчэй утаймаваць сеціўную вольніцу. А пакуль што ў законапраекце фактычна даюць выканаўчай уладзе карт-бланш на рэгуляванне Сеціва рознымі пастановамі, якія пры жаданні можна прымаць хоць кожны тыдзень. Гэта значна горш, чым заканадаўчае рэгуляванне, адзначаюць юрысты, бо цалкам развязвае рукі чыноўніцтву.
Канечне, у выпадку прыняцця драконаўскіх нарматыўных актаў журналістам ды рэдактарам незалежнай прэсы папсуюць нямала крыві. Але ў выніку можа прайграць сама ўлада. І вось тут якраз варта наўпрост браць пад увагу імператывы вялікай палітыкі.
Сёння, калі Масква ўзмацняе эканамічны (і прыхаваны палітычны) ціск на Беларусь, жыццёва важнай дзеля захавання незалежнасці становіцца задача наладзіць нармальныя, канструктыўныя стасункі з Захадам, і найперш з аб’яднанай Еўропай. А гэта немагчыма без мінімуму цывілізаванасці ў нашым медыйным заканадаўстве. Драконаўскія навэлы ўсё адно не заткнуць рот усім нязгодным (вайну з прэсай яшчэ ніхто не выйграваў), але гарантавана паставяць на вушы Еўропу, сусветныя інстытуцыі, што сочаць за выкананнем правоў і свабод. Ці трэба айчыннаму кіраўніцтву яшчэ болей псаваць міжнародны імідж?
І потым, справа не толькі ў тых замежніках. Нашай краіне патрэбная нармальная, сучасная інфармацыйная прастора, каб не апынуцца на ўзбочыне сусветнага развіцця. Праз медыйную манаполію, глушэнне незалежнай інфармацыі чыноўнікі ратуюць свае крэслы, але асуджаюць на стагнацыю цэлы народ.
На добры лад варта было б надрукаваць праект у тых самых СМІ, наладзіць шырокую дыскусію (не будзьма забываць, што тут зацікаўленым бокам з’яўляецца шырокая грамада, якая хоча і мае права атрымліваць усебаковую інфармацыю). Нарэшце, прапанаваць дакумент на экспертызу той самай Еўропе, каб загадзя зняць магчымыя закіды з яе боку. Карацей, гэта той выпадак, калі лепей сем разоў адмераць. Калі нават законапраект і не разгледзяць на гэтай сесіі, неба на зямлю, далібог, не зваліцца.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме