18:30 13.06.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
“Радыё Рацыя” больш не зьбіраецца вяшчаць на Беларусь<BR><BR>Журналісты масава звальняюцца
17:19, 13 Июня |
У беластоцкім офісе “Радыё Рацыя” адбылася трохбаковая сустрэча супрацоўнікаў-грамадзянаў Беларусі, якія раней выступілі за зьмены ў арганізацыі, з кіраўніцтвам станцыі (ў асобах Яўгена Вапы, Яраслава Іванюка і Пятра Янкоўскага) пад пасярэдніцтвам куратараў праэкту Агнешкі Рамашэўскай і Міхала Дворчака.
Па выніках сустрэчы стала зразумела, што “Радыё Рацыя” канчаткова ператвараецца ў местачковы праект беларускай дыяспары ў Польшчы. Кіраўніцтва станцыі катэгарычна адмовілася разглядаць беларускіх грамадзянаў у якасьці асобаў, якія могуць несці адказнасьць за фармаванне эфіру станцыі (то бок, выконваць абавязкі праграмнага дырэктара ці кіраўніка службы інфармацыі).
Ідэя прадстаўляць галоўныя навіны толькі грамадзянамі Беларусі (без польскага акцэнта) наогул не разглядаецца – навіны будуць чытаць грамадзяне Польшчы. Прынцыповыя заўвагі па сетцы, выказаныя беларускімі грамадзянамі, (і, дарэчы, падтрыманыя Агнешкай Рамашэўскай) не былі прынятыя да ўвагі.
Акрамя таго, як вынікае з паведамленьня тэхнічнага дырэктара “Радыё Рацыя” Віктара Стахвюка, перш чым пачаць вяшчаньне на Гародню, яшчэ “трэба ўзгадніць некаторыя юрыдычныя моманты”. Такім чынам, ранейшая інфармацыя пра гатоўнасць вяшчаньня на тэрыторыю Беларусі на частаце 98,1 FM з перадатчыкам магутнасьцю 27 кВт фактычна абвергнутая. Дакладную дату магчымага пачатку вяшчаньня на Гародню так ніхто і не назваў.
Больш за тое, са сьпіса аўтарскіх праграмаў зніклі сур’ёзныя аналітычныя (“Рацыянальная думка”, “Кантэкст”, “Жывіце багата”), а засталіся ў большасці культурніцка-забаўляльныя. Заплянаваная нават асобная рубрыка ў сувязі з будучай алімпіядай, але з будучымі парлямэнцкімі выбарамі – нічога.
У выніку, апошнія прафэсыйцы зь беларускага боку заявілі, што ня маюць намеру болей працаваць на радыёстанцыі, якая ня ставіць за мэту прарыў інфармацыйнай блякады ў Беларусі. Па іх словах, “выхад такога радыё ў Гарадзенскі эфір будзе азначаць поўную дыскрэдытацыю ідэі незалежнага вяшчаньня на Беларусь”.
Як сьцьвярджаюць супрацоўнікі “Рацыі”, што прысутнічалі на сустрэчы, на паведамленьне пра тое, што апошнія прафэсыйцы звальняюцца ад 1 ліпеня кіраўніцтва рэагавала з непрыхаванай радасьцю. Таксама вядома, што зьбіраюцца звальняцца супрацоўнікі з беларускага боку – рэдактары сайту, музычны рэдактар, за апошні час ужо сышла частка супрацоўнікаў менскага офіса.
Нагадаем, што амаль месяц таму частка журналістаў “Радыё Рацыя” падтрымала вядомы ліст беларускіх палітыкаў, які быў накіраваны на імя міністра МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага. У выніку, кіраўніцтва радыёстанцыі адказала рэпрэсіямі. Так, спачатку быў звольнены журналіст Аляксандар Буракоў. Цяпер жа гутарка ідзе пра звальненьне практычна ўсіх супрацоўнікаў, што працавалі на станцыі амаль ад самага пачатку яе існаваньня.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме