18:30 13.06.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
Цi прызнае Еўропа беларускiя выбары?
16:52, 13 Июня | Віталь Гарбузаў,
Беларусь губляе мiльёны еўра па вiне рэжыму Аляксандра Лукашэнкi. Такое меркаванне выказалi прадстаўнiкi Аб’яднаных дэмакратычных сiл, якiя нядаўна вярнулiся з Бруселя, дзе па iнiцыятыве Еўрапарламента праходзiла спецыяльная канферэнцыя.
"На блiжэйшыя гады па 2013 год Еўрасаюз усходне-еўрапейскiм краiнам выдзяляе прыкладна 12 мiльёнаў еўра. Гэтыя грошы пойдуць на фiнансаванне разнастайных праектаў — ад эканамiчных да навуковых, — гаворыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыi Анатоль Лябедзька. — Узнiкае пытанне, як там будзе прадстаўлена Беларусь? Бо прапаноўваюцца розныя сферы супрацоўнiцтва — ад гуманiтарнай да эканамiчнай. У Беларусi ёсць шанц увайсцi ў гэтыя 12 мiльёнаў. Гэта пойдзе толькi на карысць грамадзянам Беларусi".
Праўда, прэтэндаваць на фiнансавую падтрымку з боку Еўропы можна толькi ў тым выпадку, калi беларускiя ўлады вызваляць палiтзняволеных, спыняць прэсiнг незалежных сродкаў масавай iнфармацыi, а таксама дэмакратызуюць выбарчы працэс у краiне. "Мяч сёння знаходзiцца на баку ўлады. I пра гэта павiнны думаць людзi — выбаршчыкi, якiя рэальна ад гэтага страчваюць", — гаворыць старшыня Партыi камунiстаў Беларускай Сяргей Калякiн.
Дарэчы, у Еўрапарламент не быў запрошаны амбасадар Беларусi ў Бельгii. Айчынныя дэмакраты лiчаць, што гэта "нядобры сiгнал не толькi для заканадаўчай, але i для выканаўчай улады".
Зразумела, што абмяркоўвалася ў Бруселi i пытанне будучых парламенцкiх выбараў у Беларусi.
"Народная воля" запыталася ў Анатоля Лябедзькi, аднаго з удзельнiкаў паездкi ў Брусель, пры якiх умовах Еўропа прызнае вынiкi выбараў, якiя адбудуцца ў Беларусi. "Ёсць спадзяванне, што Еўрапейскi Саюз прызнае беларускiя выбары хаця б часткова, калi яны будуць у той цi iншай ступенi адпавядаць крытэрыям, распрацаваным АБСЕ, — гаворыць Анатоль Уладзiмiравiч. — Але выбарчая кампанiя, якая праходзiць у краiне пры наяўнасцi палiтычных вязняў, стварае дрэнны палiтычны фон. Таму першая ўмова — iх вызваленне. Што датычыць самой выбарчай кампанii, то Еўропа прызнае яе вынiкi, калi ўсё будзе адбывацца адкрыта. Гэта значыць, што ў выбарчыя камiсiі будуць дапушчаны прадстаўнiкi АДС. Прычым не як статысты, а як людзi з рэальнымi паўнамоцтвамi па назiранні за ходам галасавання i падлiкам галасоў. Вы ж павiнны разумець, што нi адзiн нармальны чалавек не можа прызнаць выбары, калi са 120 тысяч членаў выбарчых камiсiй па ўсёй краiне толькi адзiн прадстаўляе АДС. Нагадаю, так было падчас мiнулай прэзiдэнцкай кампанii.
Для таго, каб Еўропа прызнала вынiкi выбараў, усе без выключэння кандыдаты ў дэпутаты павiнны мець роўныя магчымасцi для сустрэч з выбаршчыкамi, не ўзгадняючы з уладамi час i месца. Бо кандыдат у дэпутаты мае права сустракацца з людзьмi ў любым зручным месцы. Яшчэ адзiн фактар — выступы кандыдатаў у СМI. Для Еўропы важна, каб гэтыя выступы не падпадалi пад цэнзуру. Усё, аб чым я толькi што сказаў, — гэта толькi мiнiмум, пры выкананнi якога Еўропа можа прызнаць вынiкi парламенцкiх выбараў".
Нагадаем, што прадстаўнiкi Аб’яднаных дэмакратычных сiл пакiдаюць за сабой права зняць усiх сваiх кандыдатаў за дзень да галасавання ў выпадку, калi выбарчая кампанiя будзе праходзiць з парушэннямi заканадаўства.
ТЫМ ЧАСАМ
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камiсii Лiдзiя Ярмошына днямi заявiла: "Няма такой арганiзацыi "Аб’яднаныя дэмакратычныя сiлы". Калi будзе вылучацца нехта цi нешта ад АДС, то мы будзем расцэньваць гэта, як правакацыю. Таму што гэта будзе вылучэнне ад нейкай незарэгiстраванай грамадскай структуры, якая гэтым правам не надзелена".
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме