12:17 10.06.2008 | Все новости раздела "Объединенная Гражданская Партия"
”Усходяе партнэрства”
10:29, 10 Июня |
Існуе патрэба інтэнсіфікацыі эўрапейскіх дзеяньняў на ўсходнім кірунку, а таксама разьвіцьця Ўсходняга Партнэрства. Гэткае партнэрства павінна быць угрунтаванае на Эўрапейскай Палітыцы Суседзтва (ЭПС), выходзячы, аднак, за цяперашнія яе межы, пацьвярджаючы, з аднаго боку, прынцып дыфэрэнцыяванага падыходу ў дачыненьні да канкрэтных краінаў-суседак, у адпаведнасьці з палажэньнямі ЭПС, зь іншага боку, імкнучыся да фармаваньня паміж імі й краінамі Эўразьвязу гарызантальных сувязяў. У гэтым кантэксьце мы прапануем:
● Паглыбленьне двухбаковай супрацы. Прапанова глыбейшай інтэграцыі з ЭЗ мусіць ахопліваць усіх усходніх партнэраў. У першую чаргу гэтым магла б скарыстацца Украіна; іншыя дзяржавы далучаліся б у той ступені, у якой яны б прадэманстравалі свае амбіцыі й дасягненьні.
● Стварэньне нязьменнай формулы шматбаковай супрацы.
Паглыбленая двухбаковая супраца будзе ўключаць у сябе:
● Паглыбленьне супрацы ў галіне шырока трактаванай міграцыйнай тэматыкі, імкненьне да бязьвізавага руху, а ў кароткатэрміновай пэрспэктыве – наступны крок у бок большай элястычнасьці візавага рэжыму. Неабходна стварыць дарожную мапу руху ў бок бязьвізавай сыстэмы, з выразна акрэсьленымі крокамі й варункамі.
● Стварэньне больш эфэктыўнай Зоны Вольнага Гандлю, угрунтаванай на комплексе паглыбленых і ўсебаковых дамоваў пра рэжым вольнага гандлю паміж ЭЗ і краінамі-партнэрамі.
● Пашырэньне падтрымкі Эўразьвязу для тых рэформаў у розных галінах эканомікі, якія адпавядаюць агульнаэўрапейскім стандартам.
● Інтэнсыфікацыю міжлюдзкіх кантактаў праз пашыраныя праграмы студэнцкіх і акадэмічных абменаў, спрыяньня разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, сэмінары, супрацу паміж лякальнымі й рэгіянальнымі партнэрамі і да т.п.
● Дастасаваньне мэтадалёгіі правядзеньня ўнутраных рэформаў і прасоўваньне працэсу эўрапейскай інтэграцыі. Новае пакаленьне Плянаў Дзеяньня, узгодненых з кожнай краінай-партнэрам, з выразнымі крытэрамі выкананьня й дастасаваньня да заканадаўства, стандартаў і нормаў ЭЗ. Рэформы мусяць ва ўсё большай ступені ацэньвацца ў спосаб параўнаньня з стандартамі Эўразьвязу, з адпаведным маніторынгам, ладжаным Камісіяй.
● Кампэнсацыйныя й дапаўняльныя пагадненьні, што выходзілі б па-за межы існых дамоваў пра партнэрства й супрацу (ДПС), павінны быць прапанаваныя ўсім усходнім суседзям у адпаведны час і ў залежнасьці ад прагрэсу ў ажыцьцяўленьні рэформаў. Новая, пашыраная дамова з Украінай магла б служыць пунктам адліку, з адпаведным дапасаваньнем да кожнай з краінаў-партнэраў.
● Гарантаваньне выдзяленьня сродкаў з дапаможных фондаў ЭЗ, якое б адлюстроўвала прагрэс у рэалізацыі ўзгодненых мэтаў, а таксама здольнасьць засвойваць сродкі.
● Прынцып дыфэрэнцыяваньня ў дачыненьнях паміж краінамі-партнэрамі ёсьць стрыжнявым элемэнтам.
Шматбаковая супраца
Геаграфічныя межы. Супраца будзе ахопліваць 27 краінаў ЭЗ і 6 усходніх партнэраў, удзельнікаў ЭПС: Украіну, Малдову, Азэрбайджан, Армэнію, Грузію і Беларусь (супраца зь Беларусьсю напачатку мела б адбывацца на тэхнічным і экспэрцкім узроўнях: пашырэньне супрацы будзе мець месца, калі створацца адпаведныя ўмовы). Праектамі, фінансаванымі ў межах першага варыянту ЭПС, магла б быць ахопленая таксама Расея.
Арыентаванасьць на праекты: Супраца будзе абапірацца на рэалізацыю канкрэтных праектаў.
Элястычны ўдзел у праектах: Ажыцьцяўленьне канкрэтных дзеяньняў у межах шматбаковай супрацы будзе дабраахвотным і залежным ад зацікаўленасьці асобных краінаў канкрэтнымі праектамі.
Прнцып дапаўняльнасьці ў дачыненьні да рэгіянальных праектаў: Шматбаковая супраца з усходнімі суседзямі будзе дапаўняць існыя рэгіянальныя ініцыятывы Чарнаморскага Супрацы й Паўночнага Вымярэньня.
Дадатковыя выгоды.
● Стымуляваньне шматбаковае супрацы паміж самімі ўсходнімі партнэрамі, што спрыяла б наладжваньню рэгіянальных сувязяў.
● Стварэньне шматбаковага фармату, які б зрабіў магчымым закранаць пытаньні й праблемы, якія датычацца ня толькі чарнаморскага й балтыйскага рэгіёнаў, але й тыя, што выходзяць за іх межы – напрыклад, у справе мацерыковых межаў, ініцыятываў, шчыльна зьвязаных з супрацаю ўсходніх суседзяў з ЭЗ у межах ЭПС.
● Пашырэньне прапановы ў дачыненьні да Беларусі, якая дагэтуль не бярэ ўдзелу ані ў воднай з шматбаковых ініцыятываў ЭЗ. Шматбаковая супраца стварала б магчымасьці уключэньня розных грамадзкіх групаў – напрыклад, моладзі, прадстаўнікоў малога й сярэдняга бізнэсу альбо чыноўнікаў ніжэйшых узроўняў – у супрацу з Эўрапейскім Зьвязам.
Фінансаваньне
Фінансавыя сродкі для рэалізацыі праектаў, ініцыяваных у межах шматбаковае супрацы, будуць паходзіць з ужо даступных сродкаў, што вылучаныя на рэалізацыю першага варыянту ЭПС (сярод іншага, бюджэтных лініяў, прызначаных на рэгіянальную супрацу ва ўсходнім суседзтве, а таксама на трансгранічную супрацу). Узмацненьне ўсходняга чыньніку ня будзе адмоўна ўплываць на бюджэт ЭЗ. Сродкі ЭЗ могуць быць дапоўненыя крэдытамі EBI, EBOiR, а таксама сродкамі, якія дабраахвотна будуць перадавацца асобнымі краінамі-сябрамі ЭЗ і Эўрапейскай эканамічнай прасторы, іншымі краінамі-партнэрамі (унівэрсалізацыя дзеяньня мэханізму Trust Fund).
Інстытуцыянальныя межы.
Інстытуцыянальная структура павінна мець характар, у найвялікшай ступені абмежаваны, і служыць рэалізацыі вызначаных мэтаў. Яна мусіць абапірацца на існыя мэханізмы Супольнасьці. Адэкватнай формай магло б быць прызначэньне Спэцыяльнага Каардынатара і стварэньне, па меры ўзьнікненьня патрэбы, канкрэтных працоўных органаў (напрыклад, канфэрэнцыяў, круглых сталоў). З разьвіцьцём супрацы можна было б весьці гаворку пра арганізацыю сустрэчаў на ўзроўні міністраў. Яны б маглі грунтавацца на формуле сустрэчаў тройкі ЭЗ, суседніх краінаў, а таксама зацікаўленых краінаў-сяброў ЭЗ. Карыснай магла б быць таксама шматбаковая парлямэнтарная супраца.
Сфэры супрацы
Сфэры супрацы можна падзяліць паводле наступных тэматычных групаў:
І: Палітыка й бясьпека
дэмакратыя, супольныя каштоўнасьці, праўная дзяржава, а таксама супраца ў галінах замежнай палітыкі й бясьпекі, цывільная служба, адміністрацыя самакіраваньня;
ІІ: Межы й рух насельніцтва
Міграцыя, больш элястычны візавы рэжым, памежная інфраструктура;
ІІІ: Эканоміка й фінансы
Ажыцьцяўленьне эканамічных рэформаў, прадугледжаных Плянамі Дзеяньня; эканамічная інтэграцыя ўсходніх суседзяў, ліквідацыя гандлёвых бар’ераў паміж гэтымі краінамі й ЭЗ; разьвіцьцё транспартнай й тэлеінфармацыйнай інфраструтуры; супраца паміж незалежнымі рэгулятарамі; турызм;
IV: Асяродзьдзе
Супрацьдзеяньне выкліканым чалавечай дзейнасьцю кліматычным зьменам, экалягічна-прыязныя тэхналёгіі, пашырэньне ў грамадзтве экалягічнай сьвядомасьці;
V: Грамадзтва
Трансгранічная супраца, міжлюдзкія кантакты, разьвіцьцё супрацы паміж недзяржаўнымі арганізацыямі, адукацыйныя праграмы, супольныя навуковыя дасьледаваньні.
КАМЭНТАР
Супольная прапанова Польшчы й Швэцыі “Усходняе партнэрства”, зьвернутая да ўсіх краінаў ЭЗ, была агучаная міністрамі замежных справаў вышэйназваных дзяржаваў – адпаведна Радкам Сікорскім і Карлам Більтам – 23 траўня сёлета.
У часе візыту дэлегацыі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі ў Варшаву (27—30 траўня) міністар Сікорскі асабіста пазнаёміў мяне й іншых удзельнікаў дэлегацыі з гэтым дакумэнтам і папрасіў у бліжэйшы час даслаць яму ад імя АДС тыя ўдакладненьні й дадаткі, якія мы хацелі б там бачыць у тым, што датычыць сітуацыі зь Беларусьсю.
28 траўня ў Польшчы з кароткім візытам знаходзіўся прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі, які ў сваім выступе перад дэпутатамі сэнату й Сэйму Польшчы ўжо выказаў сваю падтрымку супольнай польска-швэдзкай інцыятывы.
Гэтая прапанова, па-першае, дакладна фіксуе зацікаўленасьць Эўропы інтэграцыяй з шасьцю чарговымі краінамі, што належаць да абшару былога СССР, у тым ліку зь Беларусьсю. Яна ёсьць выразным адказам тым асобам, што прывыклі гаварыць ад імя Беларусі: “Европа нас не ждёт...”
Зь іншага боку, у гэтай прапанове адзначаецца, што ўдзел беларускіх уладаў у рэалізацыі гэтай ініцыятывы наўпрост залежыць ад выкананьня агульнаэўрапейскіх стандартаў ня толькі ў галінах эканомікі або аховы навакольнага асяродзьдзя, але і ў палітычным ладзе (стварэньне праўнай дзяржавы).
Па-трэцяе, ініцыятыва “Ўсходняе партнэрства” дастаткова дакладна фіксуе жаданьне цывілізаванай Эўропы падтрымліваць разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, пашыраць там свой інфармацыйны ўплыў.
Па-чацьвертае, рэалізацыя гэтай ініцыятывы дае магчымасьць у аптымальны спосаб вырашыць балючае “візавае пытаньне” для звычайных грамадзянаў Беларусі.
Неафіцыйны пераклад з польскай і ангельскай моваў.
Пераклад і камэнтар Лявона Баршчэўскага, старшыні Партыі БНФ.
Источник: Объединенная Гражданская Партия
Обсудить новость на Форуме